Наших артистов отметили в Слониме
Паланэз – гэта ўрачысты танец-шэсце, якім некалі адкрывалі вялікасвецкія (і рангам паслабейшыя) танцавальныя балі. Але паланэз “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага – гэта нават не танец. Хутчэй гімн усіх змагароў за вольнасць сваёй краіны, якім давялося быць у выгнанні. Менавіта гэтаму твору прысвячаецца фестываль “Паланэз Агінскага”, які штогод адбываецца ў Слоніме. І кожны раз яго нязменным удзельнікам з’яўляецца хор “Польскае рэха Астраўца”, які дзейнічае пры раённым аддзяленні Беларускага таварыства палякаў.
На гэты раз нашы артысты прадставілі на суд журы два новыя паланэзы: “Рыцарскі” і “Даўнія часы”.
Хор “Польскае рэха Астраўца” ў творчым сэнсе не стаіць на месцы – калектыў на чале са сваім кіраўніком Аленай Такарчук у пастаянным пошуку новых форм самавыяўлення. Вось і на фестываль самадзейныя артысты прывезлі не проста песні, а, па сутнасці, міні-спектаклі. Паланэз “Рыцарскі” суправаджаўся ўрачыстым шэсцем двух пар (Алена Такарчук і Часлаў Балтрукевіч, Наталля Такарчук і Казімір Радкевіч), а падчас прыпеву танцавалі ўсе ўдзельнікі хору.
“Даўнія часы” ўпрыгожыла дэфіле юных спакусніц з гуртка “Залаты вернісаж” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія дэманстравалі арыгінальныя строі – цудоўны плод творчасці майстрыхі саламяных вырабаў, выкладчыцы цэнтра Валянціны Віннічак. Выхад дзяўчат, зрэшты, як заўсёды – прайшоў на “біс”.
“Казырным” аказалася і дэбютнае выступленне трыа “Эдэльвейс” (таксама з Цэнтра творчасці) – у намінацыі “Юныя выканаўцы” дзяўчаты ўзышлі на “сярэбраную” прыступку фестывальнага Алімпу.
А іх старэйшыя таварышы – хор “Польскае рэха Астраўца” – стаў лепшым у намінацыі “За захаванне нацыянальных традыцый” і быў узнагароджаны Ганаровай граматай і памятным падарункам. Дыпломам фестывалю былі адзначаны і юныя “мадэлькі” з “Залатога вернісажу”. І яшчэ адна астраўчанка стала ў гэты дзень гераіняй імпрэзы – самая старэйшая ўдзельніца хору пані Ірэна Трыдуль, якая ў гэты дзень адзначала сваё васьмідзесяцігоддзе, была адзначана букетам бардовых руж і памятным падарункам.
Пасля заканчэння конкурснай праграмы з афіцыйнай канцэртнай залы фестываль “перасяліўся” ў куды больш рамантычнае месца – далейшае дзейства адбывалася на канале, пабудаваным калісьці за сродкі Міхала Казіміра Агінскага, былога вялікага гетмана літоўскага, дзядзькі Міхала Клеафаса. І вось там, на вольным паветры, пазбавіўшыся конкурсных хваляванняў, нашы харысты грымнулі па-сапраўднаму – кажуць, слонімцы намазолілі далоні, пляскаючы нашым “Польскаму рэху Астраўца” і “Залатому вернісажу”. І заслужана…