Народные мастера Островетчины приняли участие в региональном фестивале "Скарбы Гродзеншчыны"

У сярэдзіне жніўня Ліду і вёску Гудзевічы Мастоўскага раёна запаланілі народныя майстры, выканаўцы этнічнай музыкі, фальклорныя калектывы з Гродзенскай вобласці і госці з Польшчы і Літвы. У рэгіянальным фестывалі абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны” прынялі ўдзел раённы Дом рамёстваў горада Астраўца, яго Гервяцкі філіял і ўзорны ансамбль “Міхалінкі”.

Этнафестываль сёлета праводзіўся ўпершыню і меў пад сабой мэту захавання і папулярызацыі рэгіянальных асаблівасцей традыцыйнай культуры Гродзенскай вобласці. Праграма фестывалю была насычанай на падзеі і мерапрыемствы: майстар-класы па традыцыйных рамёствах, “круглыя сталы” з удзелам спецыялістаў галіны, спектаклі, анімацыйныя праграмы народных свят – і ўсё гэта пад аўтэнтычныя спевы і музыку… Сапраўдны сярэдневяковы горад майстроў! Астравецкі цэнтр рамёстваў моцна здзівіў журы сваімі прысмакамі на выстаўцы-прэзентацыі “Традыцыйныя стравы Гродзеншчыны”. Менавіта ў нас цесна пераплялася мясцовая і літоўскія кухні: кішка і бульбяныя каўбаскі “ведарай”, дранікі і жемайчю блінай… А чаго вартая мачанка з гарачымі, толькі што знятымі з патэльні блінамі! Каўбасы, паляндвіцы, запечаныя рулькі, вантрабянка, сыр клінковы, бруснічнае варэнне – астравецкія гаспадыні падрыхтаваліся да выставы грунтоўна і па-астравецку: сталы ламіліся ад разнастайнасці і колькасці прысмакаў. А яшчэ на вачах здзіўленых членаў журы дзяўчаты гатавалі так званую “пальцам піханую” каўбасу строга па рэцэптуры сваіх бабуль. І нездарма стараліся !
У намінацыі “Традыцыйныя стравы Гродзеншчыны” астравецкія кулінары сталі лаўрэатамі ІІ ступені.
Пальцы майстра народных рамёстваў Алены Ігнатаўны Малышавай рабілі сваю звыклую справу: завіхаліся з залатымі саламянымі камлямі, закручвалі ў патрэбны ўзор – і праз некаторы час нараджаліся сапраўдныя шэдэўральныя кветкі ці конікі. На рэгіянальным фестывалі Алена Ігнатаўна Малышава стала лаўрэатам ІІІ ступені па саломапляценні.
Работы Веранікі Мікалаеўны Занько адзначаны дыпломам у конкурсе пісанак і традыцыйнай вышыўкі. Знайшлі водгук у сэрцах журы галасы міхалішкаўскіх пявунь, і ўзорны ансамбль “Міхалінкі” (кіраўнік С.Ч.Шаблінская) быў таксама адзначаны дыпломам. А лепшай калекцыяй выставачных работ традыцыйных рамёстваў прызнаны рукатворныя шэдэўры майстроў Астравецкага цэнтра рамёстваў.


----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.