"Нами руководит сама музыка"
Скарбніца, паводле тлумачальнага слоўніка Ушакова, – гэта месца, дзе захоўваецца казна войска або дзяржавы. А вось у “Скарбніцы” ўдзельнікаў народнага ансамбля народных інструментаў, што дзейнічае пры раённай дзіцячай школе мастацтваў, захоўваецца мноства – больш за 100! – мелодый.Парастак будучай “Скарбніцы” з’явіўся ў 1983 годзе – як акампануючая група для хору Астравецкага завода дэталяў і вузлоў. Кіравала ім выкладчыца школы Марыя Станіславаўна Пасечнік.
“Акампаніруючая” не значыць “другасортная”, хутчэй “вядомая”, а не “вядучая”, таму што рэпертуар групы вызначаецца прыярытэтамі хору. Незапатрабаванасць ініцыятывы не можа не перашкаджаць творчаму росту калектыву, хаця на месцы акампаніятары, вядома, таксама не стаялі – спрабавалі знайсці ўласны стыль, выбраць нейкі канкрэтны музычны накірунак…
НАДЗЕЯ – СТРУННІЦА
…Надзея Паўлаўна Шарэйка – “струнніца”. Лідскае музычнае вучылішча яна закончыла па класе домры. І па размеркаванні трапіла ў Зельвенскую музычную школу. Прыехала, а там… Уся тагачасная музычная школа гарадскога пасёлка змяшчалася ў агульнай зале: у кожным куце – па класе. “Госпадзі! Як можна працаваць у такой какафоніі?” – да слёз расхвалявалася дзяўчына. І папрасіла накіраваць у іншае месца. Накіравалі ў Астравец.
Дзіцячая раённая музычная школа ў 1977 годзе размяшчалася ў прыгожым драўляным доме з крытым, на ўсю шырыню фасада ганкам, з няхай сабе і маленькімі, але аўтаномнымі класамі. Пасля Зельвенскай “камуналкі” прыстасаваная школа ў Астраўцы падалася маладой выкладчыцы ледзь не раем. Струны яе домры загучалі бадзёра.
Першыя вучні… Пра іх Надзея Паўлаўна можа расказваць гадзінамі. Ёй наогул падабаецца быць сведкай абуджэння музычнай душы ў вучняў. Спачатку яна проста спіць, потым, абуджаная незразумелымі гукамі, здзіўлена ўслухоўваецца ў іх танальнасць, расце, з незлічоных гукаў, якімі поўніцца наша жыццё, вучыцца вычляняць мелодыю, каб, прасякнуўшыся яе глыбінёй, заспяваць ад шчасця.
– На жаль, так бывае далёка не з усімі вучнямі, – гаворыць Надзея Паўлаўна – Абудзіць душу большасці, асабліва ў апошнія гады, не ўдаецца. Яны проста не хочуць слухаць – ім дастаткова грамыхання ўдарнікаў у навушніках. “... Навошта мне гэтая музычная школа?” Каб навучыцца адрозніваць добрую музыку ад падробкі, кажу ім. Не толькі чуць, а прапускаць музыку скрозь сеціва ўласных нерваў – суперажываць яе гукам эмацыйна. Паціскаюць плячыма… Хоць, нярэдка бывае, пазней, калі ў іх заканчваецца перыяд юнацкага нігілізму, маладыя людзі дарастаюць да класічнай музыкі. Як прыемна было падчас антракту ў фае Нацыянальнага тэатра оперы і балета спаткаць былых вучняў – сённяшніх студэнтаў мінскіх ВНУ, і пачуць іх захопленыя водгукі. Дараслі!..
НАДЗЕЯ – КІРАЎНІК
У 1987 годзе музычную групу, якая паступова перарасла ў ансамбль народных інструментаў, узначаліла Надзея Паўлаўна Шарэйка. Чаму менавіта яна? Напэўна, таму, што на працягу ўсёй вучобы ў Лідскім музычным вучылішчы яна іграла ў ансамблі “Лідчанка”. І, нібы прадчуваючы будучыню, уважліва назірала за работай шматвопытнага кіраўніка. Ёй карцела спасцігнуць сакрэт раскладвання мелодыі на партыі…
– Гэта сёння ў інтэрнэце ёсць магчымасць “сцягнуць” ужо “распісаную” музыку, – гаворыць Надзея Паўлаўна. – Раней шчасцем было ўжо хаця б знайсці нотны запіс мелодыі. А далей трэба было самой “закасваць рукавы”. Галоўнае – адчуць агульную канву: вось тут будуць саліраваць баяны, у гэтым месцы ініцыятыву возьмуць цымбалы, а скрыпкі будуць уторыць ім ціхенька, слязліва, ледзь чутна… Работа кіраўніка ансамбля народных інструментаў у першую чаргу заключаецца якраз у раскладванні мелодыі на партыі для канкрэтных інструментаў – а гэта значыць, што кожнаму з выканаўцаў я павінна пакласці на яго пюпітр гатовыя старонкі нот.
Спачатку Надзея Паўлаўна, канешне, страшна хвалявалася: ацэньваць яе працу будуць прафесійныя музыканты! Але калегі прынялі яе бачанне музыкі з першай жа спробы, і, падбадзёраная поспехам, кіраўнік ансамбля кінулася скараць новыя музычныя вяршыні.
– За 26 гадоў працы мной распісана больш за сто мелодый – часцей за ўсё мы іграем беларускую народную музыку і яе апрацоўкі, – прызнаецца Надзея Паўлаўна. – Кожны новы твор я спачатку выношу, так бы мовіць, на суд калектыву – канчатковае рашэнне прымаем усе разам. А потым ужо бяруся за распісванне партый. У апошні час сталі ўводзіць у наш репертуар мелодыі больш сучасныя. Вось цяпер, да прыкладу, развучваем “Така-Такату” Джоя Дасціна – не перастаю здзіўляцца, як цудоўна гэтая мелодыя “кладзецца” на народныя інструменты. Абсалютна новае гучанне!
Найбольш часта яны выконваюць песню А. Якіменкі на словы Р. Белячыца “Востраў шчасця” якая, асабліва на гастрольных канцэртах, – як візітная картка Астраўца. Як прызнаюцца самі ўдзельнікі ансамбля, “для душы” яны іграюць вальс Яўгена Догі з кінафільма “Мой ласкавы і пяшчотны звер”, а “для ног” – полечку, “Лявоніху”, “Беларускую кадрыль” і іншыя іскрамётныя творы.
АГУЛЬНАЕ ДЫХАННЕ СКАРБНІЦЫ
– Унікальнасць нашага ансамбля ўжо хаця б у тым, што мы іграем без дырыжора, – працягвае кіраўнік “Скарбніцы”, – Пачынаем па маім кіўку, а далей… А далей намі кіруе ўжо сама музыка. Ведаеце, сыграны калектыў не тое што аднолькава адчувае музыку – дыхае разам. Менавіта гэтым, дарэчы, прафесіянальныя калектывы адрозніваюцца ад самадзейных.
На рэпетыцыях у “Скарбніцы” пануюць “дэмакратыя і галоснасць”: кожны з удзельнікаў калектыву можа зрабіць заўвагу, падзяліцца сваім прачытаннем мелодыі, параіць манеру выканання. І ніхто ні на каго не крыўдзіцца – прымаюць парады і заўвагі з удзячнасцю.
У 1997 годзе калектыву было прысуджана званне народнага, якое, як вядома, раз у тры гады трэба пацвярджаць – прадстаўляць на суд абласнога журы 20-хвілінную праграму, 60 працэнтаў репетруару якой павінна складацца з новых мелодый. Праблем з “абноўкамі” ў “Скарбніцы” не бывае – ансамбль у пастаянным пошуку. “Застаяцца” на месцы не дазваляюць частыя канцэрты і пастаянны ўдзел у конкурсах самых розных узроўняў, з якіх музыканты звычайна вяртаюцца з узнагародамі: яны – дыпламанты ІV Беларускага фестывалю “Мірскі замак-2006”; удзельнікі тэлевізійнай праграмы “Спявай, душа!”; у 2007-ым сталі дыпламантамі Х Міжнароднага конкурсу “Звіняць цымбалаў галасы” (а саліст Сяргей Сяўко з песняй Ю.Мілюціна “Бэз-чаромха” тады стаў “сярэбраным” пераможцам у намінацыі “Лепшае сольнае выкананне”); у 2011-ым – дыпламантамі VІІ абласнога фестывалю народнай музыкі “Зайграйце, музыкі!”…
І ўсё ж самымі адказнымі ўдзельнікі ансамбля лічаць канцэрты на астравецкай сцэне – выступаць перад сябрамі і знаёмымі нашмат больш складана. Затое, калі пасля канцэрта, захопленыя віртуознасцю выканання, гледачы падыходзяць да артыстаў, каб сказаць “дзякуй”, радасць таксама ўдвая большая: ад сваіх, – значыць, шчыра.
– Сёлета нашаму калектыву спаўняецца трыццаць гадоў, – гаворыць Надзея Паўлаўна. – Гэта немалы тэрмін. І, вядома ж, часам з’яўляецца пэўная стомленасць. Маўляў, надакучыла ўсё гэта – колькі можна! Але прыходзіць новы аўторак, дзень рэпетыцыі “Скарбніцы” – і мы, забыўшыся пра сваё незадавальненне, зноў спяшаемся ў рэпетыцыйную залу, каб далучыцца да грандыёзнай падзеі – нараджэння музыкі.
ДАВЕДКА
Сёння ў народным ансамблі народных інструментаў “Скарбніца” іграюць: баян – Галіна Антановіч, Юрый Жэбіт, Марына Арлоўская, кантрабас – Генадзь Волчэк,домра – Аксана Сяўко, Уладзімір Масойць, Надзея Шарэйка, скрыпка – Вольга Гульбіцкая і Вольга Гапоненка, балалайка – Ірына Валэйка і Марыя Пасечнік, ударныя інструменты Аляксандр Антановіч і Данута Блашкевіч, цымбалы – Алена Капылова. Салісты – Данута Блашкевіч, Таццяна Канчанін, Ірына Бордак, Таццяна Падгайская, Аксана Баршэвіч, Ірына Волчэк, Сяргей Сяўко.
--------------------
Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.