На пять вопросов о главном ответили педагоги Островецкой детской школы искусств
Астравецкая музычная школа была створана ў 1967 годзе. Дзесяць гадоў назад тут быў адкрыты харэаграфічны клас, а ў 2007 годзе на базе школы адкрыўся клас выяўленчага мастацтва – і навучальная ўстанова атрымала статус Дзіцячай школы мастацтваў.Сёння Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў уключае 4 філіялы – у Варнянах, Гервятах, Міхалішках і Кямелішках, выкладчыкі школы таксама працуюць у Гудагаі, Рытані і Альхоўцы.
55 настаўнікаў даюць дзецям музычныя веды – 472 школьнікі наведваюць заняткі ў школе мастацтваў па класах баяна, акардэона, гітары, домры, цымбалаў, медных духавых інструментаў, фартэпіяна, скрыпкі, у харавым, харэаграфічным і мастацкім класах.
Тут працуюць народны аркестр народных інструментаў «Скарбніца», вакальная груп па «Міхалінка», узорны хор «Ветразь», рыхтуецца да пацвярджэння звання ўзорны дзіцячы духавы аркестр.
Напярэдадні Дня работнікаў культуры мы завіталі ў гэты «храм мастацтва» і папрасілі «культурных» педагогаў адказаць на нашы пытанні.
1. Прайшоў Дзень настаўніка, набліжаецца Дзень работнікаў культуры… Кім вы сябе больш адчуваеце?
2. Што цяжэй: выступаць на сцэне самому ці вучыць дзяцей?
3. Што вы лічыце сваім галоўным дасягненнем у прафесійным плане?
4. Чаму вы выбралі менавіта такую прафесійную сцежку?
5. Ці гучыць у вас дома, у рабочым кабінеце, у аўтамабілі музыка? Якая?
Данута Міхайлаўна Блашкевіч, настаўніца харавога класа, Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь:1. Я ніколі не задумвалася над тым, хто я: педагог ці работнік культуры. Я шмат гадоў прысвяціла культуры, пагэтаму лічу сябе работнікам культуры. І мне гэта падабаецца. Цяпер выкладаю дзецям музыку – таму настаўнік. І гэтая іпастась мне таксама даспадобы. Таму я і тут, і там.
2. Вучыць дзяцей – складана. Разам мы ідзём да выніку, а каб яго атрымаць, трэба працаваць, прыкладваючы немалыя намаганні. Прычым старацца павінен не столькі педагог, колькі вучань. Тады можна чаго-небудзь дасягнуць.
А на сцэне я адчуваю сябе “ў сваёй талерцы”. Гэта маё! Мне падабаецца вакальная харавая творчасць. Праўда, выходзіць на сцэну з кожным годам становіцца ўсё цяжэй…
3. За час, што працую ў школе мастацтваў, я падрыхтавала шмат вучняў. Многія прадоўжылі адукацыю і сёння працуюць побач са мной. Напрыклад, Наталля Літвін, Ірына Бордак, Алёна Рабцава і многія іншыя. І гэта маё галоўнае прафесійнае дасягненне.
Штосьці было і ў асабістым плане – перамогі на абласных вакальных конкурсах, удзел у канцэртных праграмах, якія праходзілі за мяжой. Але гэта ўжо другаснае.
4. У чацвёртым класе мы пісалі сачыненне на тэму “Кім я буду”. Ужо тады я напісала, што хачу быць настаўніцай музыкі. Інакш і быць не магло – у нашай сям’і спявалі ўсе. А самы вялікі ўплыў на мяне аказала Марыя Станіславаўна Пасечнік. Як яна прыгожа іграла на акардэоне!... А потым Данута Францаўна Чарнушэвіч запрасіла мяне ў культуру. І пайшло-паехала. Напрыклад, у Варнянах давялося арганізоўваць калгасны хор, мы ўдзельнічалі ў аглядах, конкурсах – і ўсім гэта было даспадобы.
А ў цэлым я шчаслівая, што некалі выбрала менавіта такую сцежку ў жыцці.
5. Канешне, гучыць! Я люблю народныя песні ў прафесійнай апрацоўцы, хаця слухаю і сучасныя, і класіку.
1. Я працую настаў-нікам. Гэта мая работа. Хаця вялікім педагогам сябе пакуль што не адчуваю. Думаў, адпрацую два гады – і ўсё. Але застаўся...
Хаця, па праўдзе кажучы, больш люблю выступаць на сцэне. Гэта – мая стыхія, таму што на сцэне я з ранняга дзяцінства. Вось і зразумей, што мне бліжэй.
2. На мой погляд, выступаць больш складана. Калі на сцэну выходзіш нячаста, узнікае страх публічных выступленняў. Выхад на сцэну, любую – маленькую, вялікую – патрабуе пад-рыхтоўкі, працы над сабой, над інструментам.
Канешне, ёсць нюансы і ў рабоце з дзецьмі. Але гэта зусім іншае. Тут важна адкрыць кожнае дзіця, “запаліць” яго, зацікавіць сваім інструментам. Усе дзеці таленавітыя. Не таленавітых няма – ёсць тыя, хто пакуль не знайшоў сваю сцежку, і задача педагога дапамагчы яму ў гэтым.
3. Я яшчэ не магу гаварыць пра прафесій-ныя дасягненні. Больш жыву планамі. Мару заняцца “сачыніцельствам”, паспрабаваць сябе ў інструментальнай, электроннай музыцы. Праўда, для гэтага патрэбна апаратура і, канешне ж, грошы. Мару стварыць музычны праект з дзвюх акустычных гітар. Хацелася б арганізаваць у Астраўцы выступленне маіх сяброў, якія сёння вучацца ў Акадэміі музыкі, і запрасіць астраўчан на канцэрт класічнай камернай музыкі. Спадзяюся, гэта будзе цікава ўсім.
4. Мама іграла на фартэпіяна. І калі я пайшоў у 1 клас агульнаадукацыйнай школы, мяне адправілі ў музычную. Праўда, з фартэпіяна адносіны ў мяне не склаліся – праз два гады я кінуў гэты занятак і запісаўся на гітару. Потым быў Гродзенскі музычны каледж, дзе я прайшоў добрую гітарную школу. Падчас вучобы ўдзельнічаў у канцэртах, конкурсах, выступаў у барах. І вось ужо трэці год працую ў Астраўцы. І тое, што я пайшоў у музыку, – уплыў бацькоў, а не маё самастойнае рашэнне. Але я не шкадую, што так атрымалася.
5. Музыка заўсёды са мной. Калі няма магчымасці ўключыць яе на поўную моц, слухаю праз навушнікі. Слухаю ўсё, пачынаючы ад класікі і заканчваючы электроннай музыкай. Дома іграю сам – на гітары і, як бы дзіўна гэта ні прагучала, на фартэпіяна – гэтаму інструменту я цяпер удзяляю шмат часу.
1. Жыццё так склалася, што спачатку я 11 гадоў адпрацаваў настаўнікам, потым 11 гадоў узначальваў раённы аддзел культуры. І сёння зноў вярнуўся да вытокаў – працую ў музычнай школе. Па першай адукацыі я – настаўнік, па другой – культуролаг-мэнаджар. І першая прафесія, і другая ўвесь час крочаць са мной па жыцці. І таму я – «культурны настаўнік» (усміхаецца). На мой погляд, няважна, якая ў чалавека прафесія і кім ён працуе. Калі ён разумее музыку і мастацтва, то ён – культурны чалавек і мае права адзначаць Дзень работнікаў культуры як сваё свята. Няхай і не прафесійнае.
2. І выступаць, і вучыць дзяцей – няпроста. Сцэна патрабуе канцэнтрацыі ўвагі, гэта вялікі выкід адрэналіну. Вучыць дзяцей таксама складана. Ідзеш з імі ад самага простага – да складанага, разам засвойваеш веды – і толькі праз некаторы час можна ўбачыць плады сваёй працы.
Што тычыцца мяне, то я не люблю выходзіць на сцэну. Асабліва – спяваць сольна. Я – чалавек калектыву, і таму мне больш даспадобы выступаць у камандзе. Як прыклад – «Кемяліна». Я люблю выходзіць на сцэну з гэтым калектывам. А яшчэ я ўпэўнены, што ніхто і нішто не прымусіць чалавека штосьці рабіць, пакуль ён сам гэтага не захоча.
3. Галоўнае дасягненне? Складанае пытанне… Некаторыя лічаць, што я запатрабаваны музыкант. Не ведаю. Адназначна адно: адпрацаваць 22 гады ў культуры вельмі складана – стамляешся эмацыянальна.
4. Хутчэй за ўсё, гэта не я выбраў прафесійную сцежку, а яна мяне выбрала. Я не хацеў запісвацца ў музычную школу. Як і ўсе хлопчыкі, любіў пагуляць у футбол, пабегаць… А сябар настойліва прапаноўваў пайсці на праслухоўванне. Пры Лідскім музычным вучылішчы набіраліся класы вучняў, якіх вучылі студэнты, – за кампанію з сябрам туды адправіўся і я. Яго не ўзялі, а мяне запісалі. Гэта было летам – і да пачатку заняткаў час яшчэ быў. Ды толькі дзед, разумеючы, што я магу перадумаць, не чакаючы 1 верасня, купіў мне баян – на гэтым маё дзяцінства закончылася: я не нагуляўся ў футбол і ў хакей, не змог паступіць у Сувораўскае ці Нахімаўскае вучылішчы – вельмі марыў стаць ваенным... Затое пайшоў у музыканты. Ці шкадую пра гэта? Не. Я ўпэўнены: ні аб чым шкадаваць не трэба!
5. Музыку я слухаю заўсёды. Яна самая розная. Ад сімфанічнай да «Рамштайна». Галоўнае, каб яна была якаснай, а музыкант, які яе выконвае, разумеў, што ён робіць. Я ўпэўнены: чалавек, у якога няма музычнай адукацыі, вельмі рэдка можа зрабіць што-небудзь якаснае. Калі гэта ў яго атрымалася, то ён сапраўды адораны чалавек. Дарэчы, сярод так званай «папсы» сёння сустракаюцца добрыя творы, але, на жаль, гучыць і безгустоўная музыка – і, што крыўна, яе слухае маладое пакаленне.
1. Напэўна, я больш настаўнік, таму што працую з дзецьмі, даю ім веды. Аднак у апошні час даводзіцца ўсё больш “гастраліраваць”. І павінна прызнацца, што гэта мне таксама падабаецца. Таму з упэўненасцю гавару, што ў мяне два прафесійныя святы – Дзень настаўніка і Дзень работнікаў культуры.
2. Мне пакуль што цяжэй выступаць самой. Кожны раз выходжу на сцэну, як упершыню. Ужо год іграю ў калектыве “Інкварта” і толькі нядаўна зразумела, што мне гэта падабаецца.
Дзяцей вучыць таксама нялёгка, бо “мы ў адказе за тых, каго прыручылі”. Але калі дзеці стараюцца, то і ў самой пачынаюць расці крылы. Любы настаўнік радуецца поспехам сваіх вучняў, іх перамогам – я ў тым ліку, напрыклад ганаруся Таццянай Бушыла, Маргарытай Шаўчэнка. Толькі, на жаль, яны не збіраюцца звязваць сваё жыццё з музыкай.
3. Асаблівых дасягненняў у мяне няма. Хіба што стварэнне ансамбля скрыпачоў? Каб іх аб’яднаць і выпусціць на сцэну, давялося прыкласці пэўныя намаганні.
4. У музычную школу я прасілася два гады. Але мама была супраць, ды і настаўнікі не бачылі ў мяне ніякага таленту. Толькі жаданне вучыцца музыцы перамагло – з трэцяга разу мяне ўзялі ў клас скрыпкі. У нашай школе быў моцны струнны ансамбль, мы выступалі не толькі ў сваім горадзе – нарадзілася я ў Барысаве, – мы ездзілі ў Польшчу, Чэхію, Італію. Потым было Лідскае музычнае вучылішча і ўдзел у камерным аркестры. І Астравец, у які я трапіла па размеркаванні. Што гэта за горад, я не ведала, тым больш працаваць трэба было. І сёння я разумею, што гэта – маё.
5. Я магу слухаць усё! Толькі дома ў мяне цішыня. У машыне – радыё. А для душы – кампазіцыі ў выкананні сімфанічнага аркестра.
-------------------------------------------------------------------------------
“Культурных” педагогаў распытвала Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.



