На международном фестивале "Молодёжь - за Союзное государство" побывала первый секретарь райкома БРСМ Оксана Лазарева

Міжнародны музычны фестываль “Моладзь – за Саюзную дзяржаву” праходзіць у Растове-на-Доне кожны год па ініцыятыве Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Сёлета разам з беларускай дэлегацыяй на фестывалі пабывала і першы сакратар райкама БРСМ Аксана Лазарава.

“Моладзь – за Саюзную дзяржаву!” – гэта буйны форум, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі Беларусі і Расіі. Моладзь збіраецца разам, каб прадэманстраваць славянскае адзінства, сяброўства і ўзаемаразуменне, а таксама для захавання і развіцця лепшых традыцый культуры і мастацтва дзвюх краін, выяўлення новых таленавітых творчых калектываў і выканаўцаў. Гэта свята творчасці і сяброўства прайшло на гасціннай зямлі Растова-на-Доне ў дзявяты раз. Сёлета мерапрыемства было прысвечана тром значным датам: 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 15-годдзю падпісання дагавору паміж Расіяй і Беларуссю аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, 265-й гадавіне заснавання Растова-на-Доне.
Падзяліцца сваімі эмоцыямі і ўражаннямі мы папрасілі непасрэдную ўдзельніцу фестывалю Аксану Лазараву.
– Уражанняў, вядома, вельмі шмат. Усе – толькі пазітыўныя. Наогул, знаёмства з новым і наведванне мясцін, дзе не быў, – гэта заўсёды цікава. А тут – іншая краіна, прыгожы горад, людзі – слоў не хапае, каб усё перадаць і расказаць. Усё вельмі спадабалася. З Беларусі паехала дэлегацыя прыкладна ў сто чалавек. Цікава было пазнаёміцца з творчымі неардынарнымі людзьмі. У Растоў прыехалі ранкам, – нягледзячы на гэта, нашу дэлегацыю ўрачыста і разам з тым цёпла і сардэчна сустрэлі арганізатары фестывалю. Было вельмі прыемна.
– Як прадстаўнікі моладзі саюзнай дзяржавы, мы ўдзельнічалі ў пасяджэнні камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, – працягвае Аксана Паўлаўна. – Абмяркоўваліся задачы і перспектывы далейшага супрацоўніцтва двюх дзяржаў. Сярод мерапрыемстваў хочацца адзначыць маладзёжную акцыю “Мы светлай памяці верныя” па ўскладанні кветак да помніка Віцю Чаравічкіну. Падчас Вялікай Айчыннай вайны юнак арганізаваў у Растове галубіную пошту, за што і быў расстраляны. Вельмі сімвалічна, што падчас акцыі ў неба былі выпушчаны галубы.
Нельга застацца раўнадушнымі ад конкурсу маладых выканаўцаў. Сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел каля 300 чалавек: артыстаў, творчых калектываў, а таксама прадстаўнікоў маладзёжных арганізацый саюзнай дзяржавы. Гэта было супер! Цудоўныя галасы, непаўторныя артыстызм, творчасць і няўрымслівая энергія панавалі на сцэне. А нам пашчасціла быць гледачамі класнага ва ўсіх адносінах відовішча. Удвая, нават утрая прыемна, што лаўрэатамі, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы, сталі беларусы. А вось Гран-пры заваявала расіянка. Словам, конкурс прайшоў на высокім узроўні.
Арыгінальным было ўрачыстае закрыццё мерапрыемства, якое праходзіла ў гасцінічным комплексе “Еўра-Азія – Дон”, дзе мы жылі. На развітанне тут быў арганізаваны “Вечар у белым” – усе наведвальнікі прыйшлі на яго ў светлым адзенні. Прыгожа, элегантна, таямніча. Сумна, што фестываль так хутка закончыўся.


-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.