На фестивале-конкурсе "Адна зямля" островчане достойно представили наш район
У Ашмянах прайшоў XVII рэгіянальны фестываль-конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні «Адна зямля». Музычнае спаборніцтва праходзіла паміж вакалістамі Маладзечненскага, Вілейскага, Астравецкага, Ашмянскага, Смаргонскага, Валожынскага і Мядзельскага раёнаў.
Астравеччыну прадстаўлялі чацвера ўдзельнікаў у трох узроставых групах. Згодна з палажэннем, паказаць сваё выкананне эстраднай песні маглі работнікі культуры, удзельнікі мастацкай самадзейнасці, навучэнцы прафесійна-тэхнічных устаноў, студэнты ВНУ і сярэдне-спецыяльных устаноў, таленавітая моладзь Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, вучні агульнаадукацыйных школ і школ мастацтваў.
У першай узроставай группе (9-13 гадоў) у конкурсе прынялі ўдзел Алена Івашка і Аліса Шадура, навучэнцы Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў. Наступную групу 18-23 гады прадставіла юрыст Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Юлія Масквіна. Ва ўзроставай группе 24-31 год свае вакальныя здольнасці прадэманстраваў Яўген Мажута, камандзір пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №13 «Кямелішкі» Астравецкага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Удзельнікі павінны былі выканаць два рознахарактарныя творы. Адзін з іх абавязкова павінен быў быць на беларускай мове або беларускага аўтара, другі – па жаданню выканаўцы.Уладальнікам прыза глядацкіх сімпатый, устаноўленага ДУ «Рэдакцыя газеты «Рэгіянальная газета», стаў Яўген Мажута.
Пасля цэрымоніі сімвал фестывалю – глобус з яго эмблемай – быў перададзены аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама. У наступным годзе XVIII рэгіянальны фестываль-конкурс «Адня зямля» пройдзе на Астравецкай зямлі.-------------------------------
Кацярына ЛЯНКЕВІЧ.
Фота Настассі Роўды, «Рэгіянальная газета»
