Музыкальные коллективы Островетчины приняли участие в конкурсе "Песня пограничья", который прошёл в Вильнюсе

Традыцыйны конкурс “Песня памежжа”, які звычайна праходзіў на базе Рымдзюнскага беларуска-літоўскага цэнтра, сёлета адбыўся ў Вільнюсе – на  сцэне Вільнюскага Дома афіцэраў.

З прапановай прыняць удзел у музычнай імпрэзе яе арганізатары звярнуліся да трох калектываў Астравеччыны. Самым лёгкім на пад’ём аказаўся хор  “Польскае рэха Астраўца”, што шмат гадоў дзейнічае пры раённым аддзеле грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”.
“Польскае рэха Астраўца” – дружны і вясёлы калектыў. Жарты і смех суправаджаюць іх паездкі, як нядзеля – суботу. Але на гэты раз у салоне  аўтобуса было ціха. І прысмак у гэтай цішыні быў хвалюючы. А што здзіўляцца – большасць “рэхаўцаў” апошні раз былі ў Вільні больш за 20 гадоў  таму.






20 гадоў! Цэлая эпоха! Асабліва для астраўчан, жыццё якіх спрадвеку было непарыўна звязана з Вільняй: на паліцах яе магазінаў куплялі  неабходныя тавары, у Вострай браме бралі шлюбы, а ў Палацы спорту глядзелі канцэрты заезджых “зорак”…
У Нова-Вільні маўчанне скончылася. “Ды што гэта такое?!– абураліся астраўчане. – Куды падзеўся літоўскі парадак? Чаму ўсе гэтыя прыдарожныя  дамы пустыя і закінутыя? Шыбы пабітыя… Лісце непрыбранае… Не, у нас у Астраўцы парадку нашмат больш!”
Страсці сціхлі толькі ў Вільні. І было з чаго: аўтобус каціў па чапурыстых, адрэстаўраваных вуліцах, і ўся гэтая з дзяцінства знаёмая  архітэктура, бліскучая брукаванка з гладкіх плітак і нават сама адноўленая Вежа Гедыміна спадцішка ўсміхаліся: ну вось і спаткаліся!
…Фестываль праходзіў у доме афіцэраў. Астраўчанам выдзелілі сапраўдную (!) грымёрную. Але рассядацца перад люстрамі часу не было – Алена  Такарчук, кіраўнік хору, паклікала ўсіх на сцэну: “прыстраляцца”, так бы мовіць, на мясцовасці. Некалькі прагонаў. “Ой, мы абавязкова заблытаемся…” “Ганьбы не пазбегнуць…” “Не панікаваць!”
Спачатку канкурыравалі салісты. Ад клуба “Гервечай” выступаў кіраўнік яго музычнага калектыву Эгідыюс Мажінтас, які пад уласны гітарны  акампанемент прадэманстраваў ідэальнае валоданне голасам, пастаянную змену тэмбравых афарбовак і прыемна здзівіў нечаканым лірызмам. Журы  аддало яму “бронзу”.
Лайма Шакановене спявала акапэльна. Яе голасу хочацца даць вызначэнне класічна-народнага – ён паўнаводны і глыбокі, як Нёман у месцы зліцця з  Віліяй. А яшчэ падача песеннага матэрыялу Лаймы была вельмі эмацыянальнай – прабірала глыбока. Асабліва ў рамансе – другой конкурснай песні.
Астравеччыну прадстаўляла Аксана Юркевіч. Абедзве песні ў яе выкананні публіка прыняла цёпла. Адну яна нават выканала ў суправаджэнні  “бэк-вакалу” – на прыпеве самадзейнай спявачцы дапамагалі сёстры Наталля і Алена Такарчук. Забягаючы наперад, скажу, што журы прысудзіла
Аксане “серабро”.



Віленскую беларускую суполку прадстаўляла Ксенія Мілаш. Наша зямлячка, таму што Леакадзія Мілаш – яе мама і даўняя сяброўка “Астравецкай  праўды”, нарадзілася і вырасла ў Соргаўцах.
Высокая тоненькая дзяўчынка, якая яшчэ толькі-толькі ўваходзіць у пару сваёй прыгажосці… Сур’ёзнага выканання ад яе ніхто не чакаў. А Ксенія  як грымнула акапэльнае “Пойдзем лугам” ды “Вол бушуе – вясну чуе” – і зала анямела. Аксамітны голас. Безумоўная прысутнасць харызмы. Святло і чысціня... Тое, што менавіта Ксенія стане пераможцам, не выклікала сумнення...



Добрыя ўражанні пакінулі і астатнія салісты – неталенавітых на конкурсе не было.
А потым пачалося спаборніцтва калектываў. І тут ўжо заіскрыла! І загуло!
Пераважная большасць калектываў, што прынялі ўдзел у конкурсе “Песня памежжа”, былі з Літвы. Уласна кажучы, з Беларусі прыбылі на гэтую  імпрэзу толькі два калектывы: наш і з Воранаўскага раёна. Быў яшчэ адзін ансамбль з Латвіі. Але тон задавалі, безумоўна, літоўцы. І на гэтым
моманце хацелася б крыху спыніцца… Конкурс “Песня памежжа” апрыёры шматнацыянальны, па яго ўмовах кожны з калектываў-удзельнікаў павінен выканаць дзве песні на розных мовах. Літоўцы гэтае патрабаванне ў большасці сваёй ігнаравалі – спявалі па-літоўску. І рабілі гэта так аўтэнтычна, настолькі набліжана да першакрыніц, што міжволі брала зайздрасць: могуць жа!
Уласна аўтэнтыка пачынаецца з касцюмаў – пры агульным вытрыманым стылі двух аднолькавых не знайсці. У большасці ўдзельнікаў непаўторныя паясы  і нашыйныя стужкі, арыгінальныя галаўныя ўборы, свой крой безрукаўкі або колер спадніцы… І ўсё гэта максімальна набліжана да таго, як некалі было, – так апраналіся іх продкі.
Выкананне і сцэнічныя рухі падчас песні грунтуюцца зноў жа на традыцыях: назіраеш такое дзейства на сцэне, а ўражанне, што недзе на росным  лузе дзяўчаты вясну клічуць, жанчыны святкуюць зажынкі, вясковыя музыкі на заканчэнне нядзельнага кірмашу “жарнулі” сваю “клюку-клюку”…
Нам бы такую павагу да сваёй мінуўшчыны!



Канешне, і ў Беларусі ёсць калектывы, якія працуюць у сапраўдным народным стылі, якія ставяцца да фальклору як да найвышэйшай каштоўнасці, але  ў большасці гэта прафесіяналы. Самадзейныя калектывы, як правіла, народныя здабыткі “асучасніваюць” – пераводзяць у “папсовы” варыянт.
– Каштоўнасць конкурсу “Песня памежжа”, – сказала ў кароткім інтэрв’ю для “Астравецкай праўды” выкладчыца акадэміі музыкі і тэатру Вайве  Юравічутэ-Баркавічэне, адна з “трацейскіх” суддзяў імпрэзы, – менавіта ў тым, што тут гучыць аўтэнтычная музыка. Вось і сёння былі ўзняты такія пласты, што часам прабірала да слёз. І гэтыя ўнікальныя песні вядомыя людзям – зала падпявала вельмі актыўна! Ох, якое шчасце, што спевы нашых продкаў жывуць, што сучасныя выканаўцы так беражліва ставяцца да кожнага нюансу іх спрадвечнага выканання! Гэта вельмі важна і для нас, і для тых, хто прыйдзе пасля нас. Мы не маем маральнага права страціць такое багацце…
Усе калектывы абыходзіліся без мінусавой фанаграмы – спявалі або акапэльна або ў суправаджэнні баяна, скрыпкі, кантрабаса… Народны клуб  “Вілна” спяваў наогул пад, я б сказала, шаманскі бубен. І яго глухія раскаты трывожылі, прымушалі паверыць, што вораг недзе блізка, ужо на подступах…
Нашы землякі з Воранаўскага раёна выступілі з інструментальнымі нумарамі – спевы яны прадэманстравалі толькі падчас дадатковай канцэртнай праграмы.
Жаночая капэла пад кіраўніцтвам Мішкенене асабіста для мяне стала сапраўдным адкрыццём конкурсу – не проста фальклор, а гімн народнай песні.
Як заўсёды парадавала выступленне народнага ансамбля “Гярвечэ-крашто” – сапраўдныя сцэнкі з мінуўшчыны плюс добра пастаўленыя галасы.
Сваім непадробным задорам “завялі” публіку самадзейныя артысты з Латвіі. Асабліва вясёлымі яны былі падчас постконкурснага выступлення.
Нашы харысты зарэкамендавалі сябе таксама вельмі добра. Асабліва ўдалася ім песня на беларускай мове “Гасціннасць”:вось ужо грымнулі дык  грымнулі – шырока, шматгалосна, напеўна. Нездарма менавіта хор “Польскае рэха Астраўца” стаў пераможцам у намінацыі “За лепшае выкананне
беларускай песні”!



Дарэчы, што тычыцца выканання канкрэтных нацыянальных песень, то па рашэнні журы палякі атрымалі прыз за беларускую песню, латышы (ансамбль  “Раса”) – за літоўскую, а літоўцы – за польскую. Чым не “тройственны” саюз?
А найбольш уразіла выступленне музычнага калектыву “Вільнія”. Фантастычнае музычнае суправаджэнне народных інструментаў. Добра пастаўленыя галасы, большасць з якіх мужчынскія. Магутнае гучанне, высокі ўзровень! Апладысменты не сціхалі доўга.
Журы, узначаліў якое прафесар Нацыянальнай акадэміі музыкі і тэатру Тадас Шумскас, раілася так доўга, што публіцы заставалася хіба што заснуць. Яна і заснула б, калі б на сцэну не выйшлі нядаўнія канкурсанты і не задалі “перцу”. Пазбавіўшыся ад кайданоў конкурснага страху, музыкі зайгралі і заспявалі зусім па-іншаму – свабодна, шырока, радасна. Так, як некалі – нашы продкі.
Нарэшце вердыкт аб’яўлены: першае месца конкурсу “Песня памежжа” прысуджаецца музычнаму калеткыву “Вільнія”, другое – хору “Польскае рэха  Астраўца”, трэцяе – ансамблю “Раса” з Латвіі.
…Вярталіся дадому ўжо ў цемнаце. І зноў у аўтобусе панавала непрывычная цішыня. Але была яна ўжо зусім з іншай прычыны – ад перапоўненасці эмоцыямі…

------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.