Литовский центр культуры в Рымдюнах отметил 15-летие со дня открытия
Сапраўднае свята культуры, прыгажосці, мастацтва і любові да радзімы прайшло ў аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Рымдзюны.Першага красавіка Рымдзюнскі дом культуры адзначыў 15-годдзе з дня свайго адкрыцця. Менавіта таму на працягу вечара тут гучалі віншаванні ад прадстаўнікоў раённай і мясцовай улады і пасольства Літоўскай Рэспублікі ў нашай краіне, а таксама музычныя падарункі ад артыстаў Беларусі і Літвы.
Святкаванне 15-гадовага юбілею пачалося ў Гервятах – у касцёле Святой Тройцы ксёндз-пробашч Леанід Нясцюк адслужыў імшу з нагоды знамянальнай даты. Прадоўжылася ўрачыстасць у Рымдзюнскім доме культуры.Адной са знамянальных падзей урачыстасці стала адкрыццё выставы карцін «Падарунак маме» літоўскай мастачкі Данутэ Пілібене. Карціны Данутэ ўпершыню выстаўляліся ў Беларусі, а Рымдзюны былі выбраны невыпадкова: непадалёк, у Зарэччы, і нарадзілася вядомая мастачка. І нягледзячы на тое што Данутэ ніколі не вывучала беларускую мову, прэзентацыю сваёй выставы яна правяла на дзвюх мовах – літоўскай і беларускай.
– У творчасці галоўнае – свабода, – упэўнена мастачка. – Калі бярэш пэндзаль і пішаш, што адчуваеш, – тады карціны гавораць за чалавека.
Самай дарагой і любімай карцінай Данутэ Пілібене з'яўляецца «Сад мамы» – ад яе вее радасцю, святлом і любоўю, падарыць якія можа толькі мама.
А зала між тым пакрысе напаўнялася гледачамі: адзначыць 15-гадовы юбілей тут сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але і шматлікія госці. У фае тым часам можна было сустрэцца з вядомымі ў Беларусі і Літве артыстамі – і многія скарысталіся магчымасцю зрабіць фотаздымкі з зоркамі
– 15 гадоў назад жыхары Рымдзюн і бліжэйшых вёсак атрымалі падарунак ад дзвюх краін – гэты цудоўны культурны і асветніцкі комплекс. І за 15 гадоў тут адбылося шмат знамянальных падзей, гэтыя сцены і сцэна бачылі нямала вядомых артыстаў з Літвы і Беларусі. Астравецкі райвыканкам шмат увагі надае гэтаму аб'екту, прызначэнне якога выйшла далёка за яго першапачатковыя рамкі, – сказаў у прывітальным слове намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла. – Гэты год у нашай краіне праходзіць пад знакам Года культуры, і мне хацелася б адзначыць, што ў жыхароў гервяцкага краю з'явілася дадатковая магчымасць для захавання сваіх традыцый і культуры. Словы ўдзячнасці хочацца выказаць і загадчыцы гэтага аддзела Наталлі Бялячыц, якая змагла яшчэ больш аб'яднаць жыхароў бліжэйшых вёсак дзеля захавання спадчыны і культурных традыцый.
На дзвюх мовах – літоўскай і беларускай – павіншаваў жыхароў Рымдюн пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус. Ён зачытаў зварот Міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса.
– Мне прыемна стаяць на гэтай сцэне і віншаваць Літоўскі цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі з 15-гадовым юбілеем, – адзначыў Эвалдас Ігнатавічус. – Для чалавека гэта няшмат, а вось для цэнтра – гэта ўзрост сталасці, калі можна падвесці вынікі. І я ўпэўнены, што ён апраўдаў сваё прызначэнне. Гэта ўстанова стала месцам, якое аб'яднала два суседнія народы.
Па традыцыі, якая існуе ў цэнтры з моманту яго адкрыцця, прадстаўнікі дзвюх краін запалілі свечкі – і іх агонь даў старт святочнай вечарыне, падчас якой гучалі віншаванні шматлікіх гасцей з дзвюх краін.
У гэты вечар цэнтр атрымаў шмат падарункаў ад сваіх сяброў, а ўсе, хто сабраўся ў святочнай зале, сталі ўдзельнікамі цудоўнага канцэрта: на сцэну, змяняючы адзін аднаго, выходзілі беларускія і літоўскія выканаўцы, паэты і празаікі – і прысвячалі лепшыя свае творы Рымдзюнам і жыхарам гервяцкага краю.
Танцавальны калектыў, у які аб'ядналіся дзяўчаты з Гервяцкай і Рымдзюнскіх з беларускай і літоўскай мовамі навучання школ, прадставіў танец «Птушкі», які сімвалізаваў сяброўства дзвюх краін, «Жыльвіціс» і «Жыльвіцеліс» спявалі самабытныя народныя песні на літоўскай і беларускай мовах і дэманстравалі культурныя здабыткі; Алег Уласік пакарыў гледачоў душэўным выкананнем «Спадчыны»; маленькая прыгажуня Моніка Петрык ужо сёння разумее, што кожны народ абавязаны зберагчы сваю самабытнасць. Аляксандр Музыкантаў і Таццяна Борава, вядомыя астраўчанам па гервяцкіх канцэртах класічнай музыкі, Сігутэ Трымакайтэ і Геркус Кунчус, якія выступалі на літоўскай мове – і тым не менш былі блізкія і зразумелыя мясцовым жыхарам, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь Алена Сіняўская, якая проста зачаравала сваім голасам – усіх гледачы сустракалі бурнымі апладысментамі. А колькі пазітыўных эмоцый атрымалі яны ад дэманстрацыі невялікага ўрыўка са спектакля «Высокія берагі», вершы да якога напісаў Эвалдас Ігнатавічус, а рэжысёрам стала дырэктар Літоўскага цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі Віргінія Тарнаўскайтэ! Урывак са спектаклю артысты паказалі на літоўскай і беларускай мовах – і гэта прыйшлося даспадобы ўсім удзельнікам урачыстасці. Удзячнасць гледачоў і шчырыя апладысменты заслужылі таксама Марыда Дрангай, Таццяна Коршук, Наталля Тамела і Дзмітрый Карась.
З кожным годам у Літоўскага цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі з'яўляецца ўсё больш надзейных сяброў, і юбілейная сустрэча ў чарговы раз прадэманстравала, што 15 гадоў назад адбылася значная падзея ў жыцці беларусаў і літоўцаў, якія мірна і па-суседску жывуць і будуць жыць у гэтым прыгожым куточку астравецкай зямлі.Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.
