"Культурное" серебро

1

На два дні яны адлажылі ўсе справы, кардынальна змянілі сваю дзейнасць і імкнуліся да новых вяршынь... Аб’яднаныя спартыўным духам, тым не менш памяталі галоўны прынцып – галоўнае не перамога, а ўдзел – таму пра завоблачныя вынікі  не марылі, а проста стараліся гуляць шчыра і выступіць дастойна. І іх старанні былі недарэмнымі: каманда Астравецкага раёна заняла другое месца ў абласной спартакіядзе работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, прысвечанай 70-годдзю Вялікай Перамогі.


На іншых паглядзець і сябе паказаць на спаборніцтва прыехалі 27 каманд з усёй Гродзенскай вобласці. Выпрабаванняў для каманд было падрыхтавана нямала: валейбол, лёгкая атлетыка, шашкі, настольны тэніс, дартс, перацягванне каната.


Валейбол аказаўся самым працяглым выпрабаваннем – адносіны на пляцоўках каманды высвятлялі на працягу двух дзён. Сваімі ўражаннямі і эмоцыямі ад гульні падзялілася ўдзельніца астравецкай валейбольнай каманды начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Сянюць:


– Канешне, гэта было азартна і няпроста адначасова. Гульні праходзілі па кругавой сістэме, мы не паспявалі перавесці дух ад адной гульні, як ужо чакалі сапернікі на іншай пляцоўцы. Без перабольшвання скажу, што ў канцы дня мы літаральна валіліся з ног. І ў той жа час, аб’яднаныя спартыўным духам, распаленыя азартам гульні, мы выкладваліся да апошняга і не палохаліся моцных сапернікаў. Усе каманды былі дастойнымі праціўнікамі. У першы дзень мы выйгралі ў Дзятлаўскага раёна і школы вышэйшага майстэрства – ох, і складаная гэта была гульня. А прайгралі валейбалістам з каледжа мастацтваў і Гродзенскай філармоніі. На наступны дзень нас зноў чакалі “мацёрыя” сапернікі: каманды вучылішча алімпійскага рэзерву, спорткомплексу “Нёман” і ансамбля “Белыя Росы”. Гульня была напружанай і ўпартай, ачко ў ачко, аднак мы настроіліся на барацьбу, тонка адчувалі адзін аднаго – гулялі адной камандай – і ўсе тры сустрэчы выйгралі. Гэта неверагодны драйв і эмоцыі!


Паралельна праходзілі спаборніцтвы па іншых відах спорту. Сапраўднае майстэрства логікі і разумнай рызыкі прадэманстравала ў шашках Наталля Літвін: на яе рахунку 5 выйгрышаў і 2 гульні ўнічыю – у асабістым заліку Наталля Літвін заняла сярод шашыстаў першае месца.


Уладзімір Масойць быў адзіны, хто ўдзельнічаў у падобных спаборніцтвах не ўпершыню. Не здрадзіў ён і свайму звыкламу віду спорту – настольнаму тэнісу. Ракетка ў яго руках паслухмяна падавала, трапна адбівала і зарабляла жаданыя ачкі. У выніку Уладзімір Масойць заняў трэцяе месца.


У жаночым заліку па настольным тэнісе выступала Анастасія Лянцэвіч. Навічок у гэтым відзе спорту, яна не дасягнула такіх вяршынь, але 20 месца з 27 магчымых для тэніснага дэбюту не так і дрэнна.



Прыемна парадавалі каманду і ўдзельнікі лёгкаатлетычнага забегу Вольга Валадзько і Павел Расамацкі.  Вольга наогул здзейсніла немагчымае. Падчас свайго забегу (усе ўдзельнікі былі падзелены на тры групы) спачатку астраўчанка была ў ліку апошніх. Аднак, калі да фінішу заставалася пару соцень метраў, у яе адкрылася другое дыханне – і гледачы здзіўлена назіралі, як Вольга абганяе саперніц і фінішуе першай – у радасныя абдымкі таварышаў па камандзе.


Не так эфектна, але таксама дастойна выступіў і Павел Расамацкі.


У дартсе таксама ўдзельнічаў мужчынска-жаночы дуэт, а вынік падводзіўся па агульнай суме набраных ачкоў. Трапнасць у кіданні дроцікаў дэманстравалі Святлана Шаблінская і Вацлаў Вадкевіч. Дарэчы, умовы надвор’я ў той дзень былі не зусім спрыяльнымі  для дартса – раз-пораз у працэс ўмешваўся вецер, сляпіла сонца. Тым не менш,  гэта не перашкодзіла астравецкім удзельнікам стаць бронзавымі прызёрамі.


Не абышлася спартакіяда і без такога відовішчнага, напружанага і непрадказальнага спаборніцтва, як перацягванне каната. Тут моц рук спалучаецца з камандным духам і імкненнем да перамогі. У астраўчан камандны дух быў моцным: яны  адну за другой адольвалі іншыя каманды і дайшлі да схваткі за трэцяе месца. Сапернікамі былі сапраўдныя асілкі. Хвілінная яркая і ўпартая барацьба –  але колькі сіл і эмоцый было патрачана, і толькі адна думка ў галаве: “Не здавацца! Трымацца!” І яны сталі трэцімі.


А ў агульнакамандным заліку каманда Астравецкага раёна заняла другое месца.


– Шчыра кажучы, такога ніхто не чакаў, – дзеліцца ўражаннямі Наталля Сянюць. – Мы ехалі з цвёрдым намерам пастарацца трапіць у дзясятку лепшых. Нездарма ж наша каманда называлася “Перамога”!? Таму калі сярэбраным прызёрам назвалі нашу каманду, гэта было настолькі нечакана і радасна, што немагчыма перадаць! Хочацца падзякаваць Вадзіму Лебядзевічу за падрыхтоўку і трэніроўку, а ўсёй камандзе – за ўдзел.


-------------------------


Падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ.