Кожны з нас павінен зрабіць усё, каб беларуская мова жыла

4
Скажыце, у вас так здаралася: ты думаеш аб нечым, разважаеш, шукаеш аргументы, каб пацвердзіць сваю пазіцыю… І раптам на вочы трапляецца артыкул, ці кніга, ці выпадкова паглядзіш нейкі фільм, дзе ўсе твае не вельмі стройныя думкі і сумненні, спрэчкі з уяўнымі апанентамі выкладзены так граматна, так дакладна, нібы нехта іншы, разумнейшы ці вопынейшы, падслухаў іх – і роўненька запісаў, прывёўшы у сістэму…

У мяне так здарылася, калі калега дала прачытаць артыкул свайго віленскага сябра Алега Аблажэя пра лёс сучаснай беларускай мовы і пра ролю ў гэтым лёсе “адраджэнцаў беларушчыны”.
Я заўсёды лічыла, што спробы вярнуць сучасную беларускую мову да “тарашкевіцы” нанеслі ёй ці не большую шкоду, чым русіфікацыя. Бо ў той час, калі людзі толькі-толькі пачалі паварочвацца да роднай мовы, іх агаломшылі “панталёнамі з Лёндану”, сцвярджаючы, што такое маўленне і правапіс – адзіна правільныя. І нават тыя, хто ведаў і любіў родную мову, хто пісаў і гаварыў на ёй, адчулі, што тыя, хто нібыта ратуе за Беларусь, прапануюць вярнуць зусім не матчыну, народную мову, а нейкую невядомую і малазразумелую замежную. Дык навошта тады і мучыцца, лепш гаварыць па-руску – проста і зразумела.
Але так дакладна, пераканаўча і аргументавана выказаць свае думкі па “пытаннях мовы” ў мяне не атрымалася. Таму вазьму на сябе смеласць прапанаваць вашай увазе – з невялікімі скарачэннямі – той самы артыкул Алега Аблажэя, які так мяне ўразіў і пад кожным словам якога я гатова паставіць свой подпіс. Спадзяюся, ён не пакіне раўнадушным нікога, каму неабыякавы лёс беларускай мовы.

Ніна РЫБІК.


Цяперашні стан беларускай мовы з’яўляецца бадай што самым трагічным за ўсю гісторыю яе існавання. Лёгкіх часоў яна не ведала ніколі – але раней існаваў магутны вясковы беларускамоўны пласт. Цяпер жа і вёска русіфікавана.
Парадаксальным чынам небяспека для беларускай мовы зыходзіць і ад самых гарачых яе прыхільнікаў. Справа ў тым, што для гэтых людзей беларуская мова не ёсць і не магла быць матчынай. Цяперашнія Сяржукі і Алесі не так даўно былі Серёжами і Сашами. Шлях кожнага да мовы быў свядомы, але цяжкі і пакутлівы.
Што робіць “нованавернуты” вернік? Ён пачынае «ўдасканальваць» рэлігію. Гэтаксама і з мовай. «Нованавернутыя» беларусы не давяралі звыклым школьным падручнікам. Яны былі цвёрда перакананы, што сапраўдную, «клясычную» мову ад іх схавалі бальшавікі, і вучыцца трэба паводле граматыкі стогадовай даўнасці. Бо праўдзівая мова – гэта не сучасная, выпраўленая ў часы БССР, а т.зв. «тарашкевіца».
Эпоха, у якую ўзнікла «тарашкевіца» – часы станаўлення беларускай літаратурнай мовы. Яе можна і трэба параўноўваць з часамі Кантэміра і Ламаносава ў Расіі, Яна Каханоўскага ў Польшчы, Крысціёнаса Данелайціса ў Літве. Усе вышэйпамянёныя асобы, уключна з нашым Тарашкевічам – першапраходцы, якія з цяжкасцю пракладвалі, пратоптвалі сцяжынкі ў нязведанае. Магістралі збудуюць іншыя. Пагэтаму іхняя мова ніяк не магла быць дасканалай. Тарашкевіч рос і дзейнічаў, аточаны польскамоўнай атмасферай – гэта мова гучала ўсюды: ў палацах і касцёлах, у школах і на вуліцы. Што ж дзіўнага, калі нават Купала першыя вершы пісаў па-польску. Таму для іх усе гэтыя «валізкі», «філіжанкі» і «варункі» гучалі цалкам натуральна. Што там Купала! – цяперашнія літоўцы з цяжкасцю разумеюць свайго Данелайціса, бо яго паэзія шчодра перасыпана паланізмамі. А ўжо калі мовы блізкія! Звярніце ўвагу, як гавораць беларусы, што жывуць у рускамоўным асяроддзі – яны самі не заўважаюць, што ўстаўляюць у гутарку бясконцыя «да», «то есть», кажуць «у АмерыКЕ», «у вёсКЕ», « зьявіЛся», – замест «у АмерыЦЫ», «у вёсЦЫ».
Праблему абцяжарвае нізкі агульнакультурны ўзровень, няведанне замежных моваў. І нашы «адраджэнцы» шчыра прымаюць чыста польскія словы і выразы за «очань біларускія»,– памятаю, як мне аднойчы патэлефанаваў такі энтузіяст і ўзбуджана паведаміў: «Мы прыдумалі, як па-беларуску «бутэрброд»! – І як? «Канапка!» Яны шчыра перакананыя, што формы «хварэць не ЧЫМ, а НА штось, чакаць не КАГО, а НА КАГО, – гэта па-беларуску. Асабліва камічна, калі нават інтэлектуалы ўжываюць слова «выкшталцоны» ў сэнсе «изящный», – (выкшталцоныя ногі»). Між тым, «wyksztalcony» значыць «адукаваны». «Адукаваныя ногі» – праўда, няслаба!
Трэба быць моўна глухім чалавекам, каб слых не рэзалі «райклюб», «клясны кіраўнік» ды іншыя. А такія словы-монстры як «кубэрта», «сылюэт», проста крычма крычаць – «мы не вашы, мы чужыя!» «Аднаклясьніца перад візытам у клюб «Ганалюлю» спраўджвае кальготкі празь люпу» – праўда, хораша! А як жа па-беларуску!
І цягнуць, і цягнуць «пальшчызну» ў нашу бедную мову. Ужо ніхто не кажа «курыць», – толькі «паліць». А мова не прымае, супраціўляецца – бо па-польску той, хто «pali – palacz». А па-беларуску: «паляч», «палач»? Між тым спрадвеку на Беларусі былі «курцы». «От накурылі, каб на вас шэрсць курэла!» – абураліся жанкі, заходзячы ў хату.
Чаго толькі не навыдумляюць «моватворцы» хатняй гадоўлі! Часам цяжка зразумець, што ж хацеў сказаць ягамосць. Адзін ужываў выраз «апярэдзіў палічыць». І толькі з кантэксту можна было здагадацца, што ён меў на ўвазе «предпочёл» – (думае ж па-расійску!»). А «камандзёр», «камандыр»!.. «вадаплаў» – «шашаезда» і «небалёта» пакуль няма...
А «трунак» замест “атрута”, «ліквор» замест «лікёру»... І не падазраюць нават, што «ліквор» – гэта спіннамазгавая вадкасць, ласавацца якой могуць хіба што канібалы!
«Зупа» заместа «поліўкі» ці проста «супу». «Далікатны, ветлівы» – о не, некрасіва, трэба «гжэчны»! «Філосаф» – фу, які русізм! Трэба – «філёзаЎ!» «Скрыначка» – што за дзеравеншчына! Трэба «пушка» або «пудэлка»... І не «пляскаць», а «кляскаць»! А яшчэ «бэльбэтавыя штроксы»! «Маціцовая ўсьмешка!», «Адслігаваныя ногі!» А «мюзыкал» і «тэатар»...
Гэтак у савецкім войску «дзембелі» ўпрыгожвалі сваю форму рознымі аксельбантамі, шнурочкамі, дроцікамі і зорачкамі, кожны на свой густ. Ніяк не магу даўмецца, адкуль узялася «БаЎгарыя»? Мо ўжо трэба казаць і «БаЎканы»? Гаворыць жа адзін дзеяч на «Свабодзе» – «каЎгас»!. А «Сырыя» – гэта ад слова «сыр»? «Сібір» – фу, как грубa! Нада – «СЫбір!»
Цікава, што на той жа «Свабодзе» Ян Максімюк неяк не рвецца быць «МаксЫмюк», хоць паводле «тарашкевіцы» трэба так. Увогуле, «адраджэнская» «лёгіка» своеасаблівая – пішуць «Лёндан», але «Шэрлак», а не «ШэрлЯк», «мэталюрг», але чамусь «іслам», а не «ісьлям»...
Асабліва пацешыла суполка «Будзьма!» – на кампакт-дыску напісана, што там сярод іншага знаходзяцца «ПРЫШПІЛЬНЫЯ шпалеры»! Калі ачомаешся, даходзіць, што гэта «прикольные!»
І так вось беларуская мова ператвараецца ў пасмешышча, пародыю сама на сябе – нешта накшталт інтэрнэтнага «ОЛБАНСКОГО». І гэта ўсё не надае нашай мове папулярнасці.
У любой жывой мове адбываецца несупынны працэс эвалюцыі, развіцця. Абсурдам было б лічыць, што ў БССР мову толькі псавалі, а сапраўдная захавалася толькі на эміграцыі, якая ніколі не адмовілася ад «тарашкевіцы». Абноўлены правапіс не перашкодзіў Караткевічу і Быкаву, Барадуліну і Разанаву стварыць выдатныя творы, роўных якім дарэмна шукаць сярод эмігранцкай літаратуры. Як нельга двойчы ўвайсці ў тую самую раку, таксама немагчыма стагоддзямі заставацца ў той самай плыні. Немагчыма ўявіць сабе артыкул пра Вялікі адронны калайдэр, дзе б ужываліся словы «тутака», “тамака», «гэны», «хворма».
На вялікі жаль, нельга з упэўненасцю сказаць, што беларуская мова не знікне ніколі. Пэўна толькі тое, што кожны з нас павінен зрабіць усё, каб яна жыла.
А жыць – значыць глядзець не назад, а наперад, удасканальвацца і развівацца.


Фота з сайта kraj.by.