Конкурс юных красавиц Островетчины стал настоящим праздником
Конкурс “Міні-міс”, які прайшоў у мінулую нядзелю ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, вызначыў 16 самых прыгожых, таленавітых, разумных, абаяльных і прывабных дзяўчынак нашага раёна.
Адносіны да конкурсаў прыгажосці ў розных людзей розныя, і вар’іруюцца яны ад абсалютнага захаплення да такога ж абсалютнага непрыняцця. Але ў любым выпадку – і прыхільнікі іх, і праціўнікі – прызнаюць: гэта – прыгожае, захапляльнае, цікавае шоу. Яно патрабуе ад удзельнікаў не толькі прывабных знешніх дадзеных, пэўных талентаў – але і працавітасці: не забывайце, што, каб цудоўна выглядаць на сцэне, неабходна штодня многія гадзіны трэніравацца. А ў пэўнай ступені – і мужнасці: бо трэба быць гатовымі і да таго, каб атрымаць крытычныя заўвагі, і не заўсёды – добразычлівыя. А яшчэ да таго, што не ты – безумоўна ж, самая прыгожая, таленавітая і абаяльная – станеш пераможцай конкурсу… Не проста з гэтым справіцца і даросламу – а што ўжо казаць пра дзяцей…
І таму арганізатары конкурсу “Міні-міс” у пэўнай ступені рызыкавалі… Але ж даўно вядома, што рызыка – справа высакародная! Тым больш, калі мае пад сабой высакародныя мэты. І ў выніку ўсе ўдзельнікі конкурсу сталі яго пераможцамі. Не толькі таму, што атрымалі дыпломы і салідныя падарункі – у якасці спонсараў выступілі многія прадпрыемствы, арганізацыі, гаспадаркі і прыватныя прадпрымальнікі раёна. А і таму, што набылі бясцэнны вопыт: трымацца на вялікай сцэне, умець сябе падаць, прадэманстраваць свае таленты. Гэта дарагога каштуе, і думаю, што ўрокі конкурсу стануць важкімі цаглінкамі ў падмурку школы жыцця, якую кожная з яго ўдзельніц будуе штодня, нават не задумваючыся над гэтым…
Калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у гэтым конкурсе ў якасці члена журы, нечакана для сябе я пагадзілася. Не ведаю, чаму, але мне было цікава…
І чаканні мяне не падманулі: конкурс юных міс і сапраўды выліўся ў шыкоўнае свята, прыс¬вечанае Дню абароны дзяцей, які адзначаўся напярэдадні, і заканчэнню чарговага навучальнага года.
…Яны яшчэ толькі выходзілі на сцэну падчас ПРАДСТАЎЛЕННЯ, а нам, пяці членам журы на чале з начальнікам раённага аддзела культуры Сяргеем Сяўко, стала зразумела, што задача ў нас у вышэйшай ступені няпростая… Бо ўсе шаснаццаць дзяўчынак – “дзюймовачка” Жэня Чубек, кранальна-мілая Юля Ёдзік, чароўная Аляксандра Блашкевіч, абаяльная Валерыя Даўляш, упэўненая Даша Пятровіч, сарамлівая Таіса Багдановіч, непасрэдная Алена Івашка, сур’ёзная Насця Буданава, непаўторная Караліна Шукяловіч, артыстычная Даша Казюлевіч, пяшчотная Ангеліна Аліхвер, загадкавая Насця Круглая, выпраменьваючая пазітыў Насця Веська, грацыёзная Дзіяна Валадзько, усмешлівая Каця Літвін, агністая Аліса Шадура – усе яны заслугоўвалі тытула самай лепшай, самай прыгожай, самай таленавітай – і такімі яны, безумоўна, з’яўляюцца для сваіх бацькоў, бабуляў-дзядуляў, і хай такімі ж застаюцца для многіх-многіх людзей як мага даўжэй!
Але, захапляючыся іх дзіцячай прыгажосцю і абаяннем, нам, сярдзітым дзядзькам і цёткам з журы, трэба было “развесці” іх па розных прыступках умоўнага п’едэсталу гонару – і толькі траім надзець на галаву запаветную карону. У той момант я пашкадавала, што так неабачліва пагадзілася ўдзельнічаць у гэтым працэсе: сядзець у зале і шчыра перажываць за канкурсантак было б куды прасцей… Але журы пайшло правераным спосабам: кожнай удзельніцы за кожны конкурс кожны з нас выстаўляў пэўную колькасць балаў (забягаючы наперад, магу сказаць, што думкі нашы хоць і вар’іраваліся, але ў асноўным супадалі) – і затым па іх суме вызначаліся пераможцы…
Конкурсаў было чатыры. У першым, "ВІЗІТЦЫ", дзяўчынкам трэба было расказаць пра сябе. Большасць выбрала для гэтага мультымедыйную прэзентацыю і вершы. Валерыя Даўляш вельмі “сціпла” расказала, якая яна “лялечка” і “цаца”; “штучка” Даша Пятровіч паведаміла ўсім пра сваю мару – стаць дызайнерам, і паабяцала, што хутка ўсе зоркі будуць апранацца не ў Кардэна і Юдашкіна, а ў Дар’і Пятровіч… Караліна Шукяловіч расказвала казку пра сябе сваім сябрамі – мяккім цацкам; грунтоўным дапаўненнем да расповеду Алёны Івашка стаў відэафільм, дзе пра дзяўчынку гаварылі тыя, хто яе добра ведае: малодшы брат, класны кіраўнік, аднакласнікі. Дзіяна Валадзько расказала пра сябе ў песні ва ўсходніх матывах і папрасіла журы ацэньваць канкурсантак справядліва, без амбіцый (толькі пра гэта і думалі!); з прэзентацыі Насці Буданавай мы даведаліся, што дзяўчынка піша вершы і хоча стаць урачом. А тое, што з Алісы Шадура атрымаецца цудоўная артыстка, аб кар’еры якой яна марыць, можна не сумнявацца…
Абодва ДЭФІЛЕ – адно ў сярэдзіне праграмы пад назвай “Я ў таты модніца” і напрыканцы – “На балі ў Папялушкі” – праходзіла ў дзвюх узроставых групах: малодшай, 6-7 гадоў, і старэйшай – 8-10 гадоў. Вы думаеце, гэта проста – выйсці і за некалькі хвілін прадэманстраваць не столькі свой убор (ах, як пастараліся бацькі, каб іх дачушкі выглядалі “каралеўнамі” – і ім гэта ўдалося!), але і сябе, адзіную і непаўторную? Тады паспрабуйце… Найлепш удалося гэта, на мой погляд Валерыі Даўляш, Дашы Пятровіч, Алёне Івашка, Дашы Казюлевіч, Караліне Шукяловіч, Дзіяне Валадзько: яны выглядалі, а самае галоўнае – адчувалі сябе сапраўднымі прынцэсамі…
ТВОРЧЫ КОНКУРС быў у значнай ступені вызначальным, бо дазваляў кожнай з удзельніц раскрыцца, прадэманстраваць сваю індывідуальнасць і непаўторнасць. І яны стараліся: спявалі, танцавалі, ігралі на музычных інструментах, чыталі вершы… Маленькая Таіса Багдановіч скарыла мяне сваёй беларускасцю: увесь конкурс вытрымала ў нацыянальным стылі, верш чытала на беларускай мове – немагчыма было не закахацца ў гэтую маленькую абаяльную беларусачку! Беларускую мову выбралі для свайго творчага нумара і Насця Круглая: яна чытала ўрывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”; і Караліна Шукяловіч, якая спявала беларускую песню. Насця Буданава прачытала ўласны верш – мы былі б рады змясціць яго на старонках “Астравецкай праўды”… Аліса Шадура літаральна скарыла ўсіх песняй – гэта быў проста згустак энергіі, які спяваў, танцаваў, бегаў, скакаў і ўсіх заражаў пазітывам. Тое, што па Дашы Казюлевіч горкімі слязьмі плача вялікая сцэна, стала зразумела пасля яе танца “Кошкі”: у дзяўчынкі танцавала, здаецца, не толькі кожная часцінка – кожная клетачка цела. Як сапраўдная азіяцкая прыгажуня, станцавала ўсходні танец Юля Ёдзік. Дзіяна Валадзько цудоўна іграла на піяніна. А Алёна Івашка не толькі прадэманстравала віртуозную ігру на цымбалах, але і станцавала з партнёрам цудоўны рамантычны вальс пад песню ад першай настаўніцы – і расчуліла гледачоў да слёз…
Творчы конкурс прадэманстраваў, што ўсе дзеці – надзвычай таленавітыя. На жаль, некаторым – і не толькі ў гэтым конкурсе – магчыма, крышку не хапала ўсмешкі і непасрэднасці ў выкананні старанна завучаных нумароў і рухаў …
Калі журы падлічыла ўсе балы, то аказалася, што міні-міс Астраўца стала Алёна Івашка – усебакова адораная дзяўчынка, якая скарыла і журы, і гледачоў не толькі сваімі шматлікімі талентамі, але і абаяльнай усмешкай, якая не сыходзіла ў яе з твару на працягу ўсіх конкурсаў. Яе вызначала самая галоўная якасць, якая вылучае дзяцей і робіць іх непаўторна-прыгожымі: непасрэднасць… Дарэчы, тое, што журы не памылілася ў сваім выбары, пацвердзіла і галасаванне ў зале: прыз глядацкіх сімпатый заваявала таксама Алёна Івашка.
Віцэ-міс вызначалі ў дзвюх групах: малодшай і старэйшай. Імі сталі дзяўчынкі, якія адсталі ад пераможцы ўсяго на адзін-два балы: Даша Пятровіч і Караліна Шукяловіч.
Валерыя Даўляш атрымала тытул “Міс Абаянне”, Даша Казюлевіч – “Міс Артыстычнасць”, Аліса Шадура – “Міс Талент”, Дзіяна Валадзько – “Міс Грацыёзнасць”, Насця Веська – “Міс Усмешка”, Ангеліна Аліхвер – “Міс Пяшчота”, Юля Ёдзік – “Міс Арыгінальнасць”, Таісія Багдановіч – “Міс Стыль”, самая малодшая ўдзельніца конкурсу Яўгенія Чубек – “Міс Дзюймовачка”, Аляксандра Блашкевіч – “Міс Зачараванне” (Аляксандра стала да таго ж пераможцай галасавання, якое праводзілася на сайце нашай газеты і атрымала ў дадатак тытул “Міс “Фота”), Насця Круглая – “Міс Шарм”, Насця Буданава – “Міс Сціпласць”, Кацярына Літвін – “Міс Непаўторнасць”.
Хоць усе дзяўчынкі – удзельніцы конкурсу – апрыёры сталі яго пераможцамі. Усе яны былі ўзнагароджаны адпаведнымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Галоўным спонсарам конкурсу выступіла прадпрыемства “ПланетаТэхна” – яго заснавальнікі Аляксей і Юлія Багдзюн прадаставілі прызы для пераможцаў конкурсу: уладальніца Гран-пры Алёна Івашка атрымала ў якасці падарунка электронны планшэт, а абедзве віцэ-міс – лічбавыя фотакамеры.
І хочацца спадзявацца, што, незалежна ад кошту падарунка і надпісу на стужцы, якую кожнай юнай Міс павязала пераможца мінулагодняга дарослага конкурсу “Міс Астравец” Ксенія Шлыковіч, кожная з іх атрымала добры настрой і станоўчы вопыт, які дапаможа ў жыцці.
---------------------------------------
Ніна РЫБІК.
Фота аўтара і А. ЮШЧУКА.




