Концерты едут по Островетчине

У год святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі мастацкі кіраўнік аддзела культуры і вольнага часу пасёлка Гудагай Яўгенія Шаптун дала старт правядзенню святочных канцэртаў на калёсах і пад адкрытым небам. З гэтай нагоды і па просьбах жыхароў была арганізавана і праведзена канцэртная праграма “Расцвіталі яблыні і грушы” ў вёсцы Лоша.


Накірунак быў выбраны, тым больш што вёску абслугоўвае бібліятэка на колах. Бібліятэкар Марына Здзіслаўваўна Пруднічэнкава прапанавала сумесна з абслугоўваннем прыехаць са святочным канцэртам.

Далучылася і бібліятэкар Гудагайскай сельскай бібліятэкі Анжаліна Чаславаўна Кукаловіч, якая сабрала аднавяскоўцаў. Не змагла застацца ўбаку і былая супрацоўніца Сафія Фёдараўна Шаблоўская, якая прапрацавала на ніве культуры 37 гадоў, – артысты размясціліся ў яе двары.

Адгукнуліся і іншыя работнікі культуры. Сваімі песнямі весяліў вяскоўцаў народны калектыў “Світанак”, а дабаўлялі гумару і жартаў Таццяна Радкевіч і аўтар гэтых радкоў – бібліятэкар Дайлідскай сельскай бібліятэкі.

Дзейнічала ў той дзень і выстава кніг “Бібліятэка пад адкрытым небам”. А на развітанне прысутныя пад баян Віктара Рудзінскага выканалі легендарную ”Катюшу”. З вялікім задавальненнем ад выступлення і пад гарачыя апладысменты гледачоў аматары песні і жартаў працягнуць сваю вандроўку ў іншыя вёскі, каб падарыць добры настрой і душэўную дабрыню як мага большай колькасці людзей.


------------------------------------------------------------------------------------

Дз. Максімаў, бібліятэкар Дайлідскай сельскай бібліятэкі.