Концерт классической музыки прошёл в Рымдюнах
Моцарт, Шапэн, Чайкоўскі, Гендэль… Не ведаць прозвішчы гэтых сусветнавядомых кампазітараў – недаравальна. Не пачуць хоць бы раз у жывым выкананні творы гэтых масцітых майстроў – недаравальна ўдвая. Менавіта канцэрты класічнай музыкі ў Гервяцкім касцёле Святой Тройцы дораць нам, недасведчанай публіцы, адчуванне прыналежнасці да высокага мастацтва. Яны паказваюць дарогу да яго разумення, ступіўшы на якую, больш не збочыш…І на гэты раз дзеючыя асобы засталіся нязменнымі і склалі дуэт у асобах арганіста Гервяцкага касцёла, магістра музыкалогіі, бакалаўра культуры і гісторыі музыкі Андрэя Міхневіча і саліста Белдзяржфілармоніі, выкладчыка кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэата шматлікіх музычных конкурсаў Аляксандра Музыкантава.
А вось месца дзейства і публіка змяніліся: у зале Літоўскага цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі дзясяткі дзіцячых вачэй былі прыкаваны да сцэны…
Дарэмна хваляваліся і перажывалі заўсёднікі гервяцкіх вечароў: канцэрты арганнай і вакальнай музыкі ніхто не адмяняў. Напрыканцы лістапада арган у касцёле Святой Тройцы ізноў праніжа паветра – да самага шпіля, да мурашоў па скуры…
А цёплы кастрычніцкі вечар быў абраны днём яднання – артыстаў з дзецьмі. Менавіта для іх па запрашэнні Гервяцкай абшчыны літоўцаў і беларуска-літоўскага прадпрыемства “Літоўскі цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі” іграў і расказваў аб кожным выкананым творы Аляксандр Музыкантаў. Менавіта з-за іх (дадайце да гэтага просьбы сябра і арганізатараў) выйшаў на сцэну Андрэй Міхневіч. Гэта былі артысты, небажыхары, якіх на музычных вечарах у Гервяцкім касцёле бачаць толькі напрыканцы выступлення. І, мабыць, каб кампенсаваць дысбаланс, калі абвастраецца толькі слых (душа!), а ўсе астатнія органы пачуццяў заміраюць, гледачы аддзячваюць артыстам шквалам апладысментаў і захопленымі позіркамі…
Перад пачаткам канцэрта мяне хвалявала толькі адно пытанне: як успрымуць класіку дзеці? Ці не будуць яны перашкаджаць артыстам і замінаць дарослым слухачам?
Але хваляванне было дарэмным. Разуменне музыкі, відаць, вызначаецца не ўзростам, а наяўнасцю душы.
Я не прэтэндую на ролю музычнага крытыка, я – дылетант і толькі вучуся разумець класічную музыку, спрабую дарасці да яе праз эмоцыі і пачуцці. У адрозненні ад сучасных музычных сурагатаў, творы геніяльных кампазітараў адразу захопліваюць чалавека ў палон “з макаўкай”, да апошняй фібры душы. Кожная клетачка цела пачынае рэзаніраваць гукам, якія нараджаюцца пад лёгкім націскам на клавішы белых пальцаў піяніста. І ты ўнутрана расцеш ва ўнісон з мелодыяй, якая, як паветра, запаўняе сабой прастору і не дае не тое што перакінуцца словам з суседам, а нават зварухнуцца – толькі б не страціць народжаныя мелодыяй вобразы і пачуцці…
Моцарт, Шапэн, Чайкоўскі… Як толькі пальцы Аляксандра Музыкантава дакраналіся да клавішаў, ён паглыбляўся ў свет музычных вобразаў і цягнуў туды нас, слухачоў. Быццам браў за руку і праводзіў, прыступка за прыступкай, з эпохі барока ў класіцызм, а затым – у рамантызм, каб мы маглі хоць на імгненне дакрануцца да часу, калі жылі і тварылі вялікія кампазітары…
А “Утро туманное», «Только раз бывает в жизни встреча»… Рамансы ў выкананні Андрэя Міхневіча вярнулі на зямлю, калі хочаце, у свой дом, у сваё сэрца, у яго самы схаваны закуток…
Герой аднаго з маіх артыкулаў сцвярджаў, што мастацтва могуць разумець толькі падрыхтаваныя людзі – тыя, хто валодае хоць бы азамі ведаў. Вымушана не пагадзіцца. Мастацтва трэба ўспрымаць душой, а не праз прызму тэорыі.
У класічнай музыцы я па-ранейшаму застаюся дылетантам. І не шкадую. Шкадую толькі аб тым, што ў той цёплы кастрычніцкі вечар побач са мной не было дачкі…
------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
