Камерный ансамбль “Субито” открыл сезон концертов в новом зале Островецкой школы искусств

Канцэртная зала раённай дзіцячай школы мастацтваў пачала плённа функцыянаваць – на мінулым тыдні ў яе сценах адбыўся канцэрт камернага ансамбля “Субіта”.



Гэта інструментальны камерны ансамбль, у які аб’ядналіся настаўнікі Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў. Аб’ядналіся, як сцвярджаюць яны самі, нечакана для саміх сябе – адсюль і назва калектыву: “Субіта” – музычны тэрмін, які ў перакладзе з італьянскай мовы азначае “раптам” або “нечакана”. Нечаканым, ці дакладней – незвычайным у ансамблі з’яўляецца і спалучэнне музычных інструментаў: дзве скрыпкі, баян, раяль і кантрабас. Хоць гучаць яны ва ўмелых руках музыкантаў прыгожа і стройна. У рэпертуары “Субіта” – музыка, па жанры блізкая да танцавальнай: факстроты, танга, п’есы сучасных кампазітараў. І юнай публіцы – выхаванцам школы – яна была вельмі даспадобы – прынамсі, апладзіравалі рабяты з задавальненнем. Зрэшты, дарослая частка гледачоў атрымлівала ад канцэрта не меншую асалоду – адны ўяўлялі сябе на адкрытай тэрасе французскага кафэ-шантана, у другіх музыка асацыіравалася з часамі НЭПу. Не важна! Галоўнае, што абыякавых на канцэрце не было. Сваю безумоўную лепту ў паспяховасць выступлення “Субіта” ўнесла, вядома, і сама канцэртная зала раённай дзіцячай школы мастацтваў – такой прыгожай пляцоўкі для правядзення канцэртаў у Астраўцы дагэтуль яшчэ не было!

Францішка КРАСКО.