"Калядны вечар" представили островецкие самодеятельные артисты в Гродненском районе
Як і звычайна, спачатку было слова. Затым – апавяданне. Якое пазней перарасло ў п’есу. І пасля, дзякуючы намаганням рэжысёра-пастаноўшчыка Вольгі Турубаравай і захопленасці ідэяй данесці пранізлівы боль адзінокай старасці як мага да большай колькасці людзей самадзейных акцёраў – Хрысціны Гіруць, Вольгі Лябецкай, Наталлі Волк-Леановіч, Алены Гануліч, той жа Вольгі Турубаравай і аўтара п’есы і гэтых радкоў – стала спектаклем “Калядны вечар”. Які – прабачце мне гэтую нясціплую, але праўдзівую канстатацыю – з поспехам прайшоў у Астраўцы, у Ашмянах і ў некаторых сельскіх Дамах культуры нашага раёна.А нядаўна выправіўся на далёкія гастролі – у Гродна. Дакладней, у Гродзенскі раён, аграгарадок Парэчча.
Перадгісторыя гэтых гастроляў такая. 6 чэрвеня, калі “Калядны вечар” у другі раз ставіўся на сцэне кінаканцэртнай залы “Астравец”, на спектаклі прысутнічалі ў тым ліку і госці з усёй вобласці – удзельнікі абласнога семінара кіраўнікоў раённых арганізацый грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Пасля спектакля Марыя Міхайлаўна Бірукова, якая ўзначальвае абласную арганізацыю гэтага грамадскага аб’яднання, выказала меркаванне-пажаданне:
– Гэты спектакль нікога не можа пакінуць раўнадушным. І яго павінны пабачыць як мага больш людзей. Мо тады адзінокіх, пакінутых старых, якія на схіле гадоў не патрэбны нікому, акрамя дзяржавы, стане менш.
…Была ў складзе той абласной дэлегацыі член праўлення і прэзідыума Гродзенскай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” Ганна Мікітаўна Шандарук – паспяховая “бізнес-ледзі”, уладальніца некалькіх магазінаў і кропак грамадскага харчавання ў Гродзенскім раёне, якая прыйшла да свайго сённяшняга становішча ад пасады звычайнага повара, без усялякіх “падвязак” і “шырокіх плячэй”. І пры гэтым засталася такой жа, як была заўсёды – шчырай, спагадлівай жанчынай, вельмі нераўнадушным чалавекам, які, у адрозненне ад многіх сённяшніх бізнесменаў, не развучыўся за грашамі бачыць людзей, іх клопаты, беды і праблемы. Ганна Мікітаўна стараецца па магчымасці дапамагчы абяздоленым: адзінокім старым, што жывуць у яе родным Парэччы, – да кожнага свята збірае ім падарункі, дапамагае мнагадзетным мацяркам сабраць дзяцей у школу і ўвогуле не праходзіць міма людскога болю і гора.
Ганну Мікітаўну падчас таго візіту ў Астравец таксама моцна ўразіў спектакль “Калядны вечар”. І праз нейкі час пры дапамозе Гродзенскай рэгіянальнай газеты “Перспектыва” яна запрасіла астравецкіх самадзейных артыстаў у Парэчча.
…Глядзельная зала шыкоўнага Дома культуры ў Парэччы ў той вечар была запоўнена амаль поўнасцю. Прыйшлі не толькі мясцовыя жыхары, але і адпачываючыя з абодвух санаторыяў, што размясціліся непадалёк, у тым ліку і расіяне. Думалася: а яны як унікнуць у перыпетыі сюжэту і лёсаў беларускіх жанчын, калі пра іх распавядаецца на беларускай мове?
Уніклі – і расіяне, і ўсе астатнія гледачы. Як і заўсёды падчас спектакляў, першыя смяшкі ў зале вельмі хутка змяніліся мёртвай цішынёй. Якая, чым бліжэй да фіналу, усё часцей і больш яскрава перабівалася ўсхліпваннямі.
У Парэччы – як, зрэшты, і ў Астраўцы, і ў Ашмянах, і ў Міхалішках, і ў Рытані – “Калядны вечар” нікога не пакінуў раўнадушным. Аб гэтым гаварылі людзі пасля спектакля – у тым ліку і тыя самыя расіяне, узрушана дзякуючы астравецкім артыстам.
…Хочацца спадзявацца, што ў той вечар у нейкай вясковай хаціне – а можа, і не ў адной – зазвоніць тэлефон, і старэнькая матуля пачуе доўгачаканае: “Мамачка, не сумуй, я ў суботу прыеду. Мора? Ну, ёсць жа рэчы нашмат важнейшыя, чым мора…”
І значыць, усё было недарэмна…
----------------
Ніна РЫБІК.
