Как проводит свободное время молодёжь Островетчины

Паркур, інтэрнэт, тэктонік, графіці… Нашы бацькі ў сваю маладосць не тое, каб не ведалі, што гэта такое, але нават і слоў не чулі такіх… Захапленні сучаснай моладзі не ведаюць межаў. Аднак калі ў буйных гарадах для цікавага і карыснага баўлення вольнага часу больш магчымасцей і разнастайнасці, то ў невялікіх з гэтым існуюць некаторыя праблемы. Таму мы і вырашылі пацікавіцца ў моладзі Астравеччыны, чым яна захапляецца і як праводзіць вольны час.

Аляксандр, 27 гадоў:
– На жаль, гэтага вольнага часу вельмі часта не хапае для захапленняў. Як толькі пачынае цяплець, стараюся на выхадных куды-небудзь выязджаць. Летам разам з сябрамі часта наведваемся на Янаўскае вадасховішча: гуляем у валейбол, купаемся, адпачываем… Яшчэ люблю паходы з начоўкай у лес ці ў якое-небудзь новае нязведанае прыгожае месца. Касцёр, песні пад гітару, юшка – рамантыка… Зімой часцей “сяджу” ў інэце – перапісваюся ў сацыяльных сетках, гуляю ў камп’ютарныя гульні. Яшчэ пад настрой люблю пагуляць у більярд. Таксама падабаецца боулінг, але ў Астраўцы яго няма.


Света, 24 гады:
– Я вельмі люблю танцаваць! Калі вучылася ў Мінску, нават хадзіла на курсы танцаў. Дома ж магу танцаваць усюды і пад любую музыку ці нават без яе. Больш падабаецца сучасны стыль, але ў планах паспрабаваць усходнія танцы. Не ведаю, наколькі гэта рэальна ў Астраўцы, але паспрабую нешта прыдумаць.


Ягор, 23 гады:
– Не магу сказаць, што ў мяне нейкае адно захапленне. Сёння цікава адно, заўтра – іншае. Як і большасць сучаснай моладзі, магу гадзінамі не вылазіць з “УКантакце”, падарожнічаць у сусветнай павуціне. Люблю музыку, аднак не толькі слухаць, але і эксперыментаваць, накладваць адну мелодыю на другую, дабаўляць і сінтэзаваць неспалучальнае. Калі быў студэнтам, падпрацоўваў у адным з клубаў дзіджэем. Зараз гэта хутчэй занятак пад настрой і для душы. Апошнім часам пачаў цікавіцца аўтамабілямі, вывучаю ў інэце розныя маркі, іх асаблівасці, устройства.


Алена, 26 гадоў:
– Мне больш падабаюцца актыўныя заняткі. Люблю плаваць, але вельмі шкада, што ў Астраўцы няма басейна. Прыходзіцца ехаць у суседнія гарады. Затое летам я адрываюся! Яшчэ падабаецца катацца на каньках – праўда, у гэтай справе я не такі віртуоз, як у плаванні. У мінулым годзе ўдзельнічала ў гульні “Горад” – мне спадабалася. Вельмі хацелася б, каб у нас часцей праводзіліся падобныя мерапрыемствы. Ну і, вядома ж, люблю падарожнічаць. Мая блакітная мара – Парыж. Праўда, часам хочацца і спакою. У такія моманты люблю захутацца ў цёплы плед, зрабіць кубачак цёплай какавы і паглядзець цікавы фільм.


Марыя, 25 гадоў:
– Зараз маё самае галоўнае захапленне – паўтарагадовая дачушка. Дарэчы, з яе нараджэннем у мяне з’явіліся і новыя заняткі – ніколі не вязала кручком, а тут раптам такі талент абудзіўся! Сама такога ад сябе не чакала. А яшчэ з дзяцінства люблю чытаць: ад класікі да сучаснай літаратуры. Зараз наогул стала зручна: накачаў у электронную кніжку твораў – і чытай на здароўе.


-------------------------------------------------
Падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота з сайта chaspik.spb.ru.