Как праздновали Рождество на Островетчине

Каляды, напэўна, самае жаданае свята як для дзяцей, так і для дарослых. Яно напоўнена пяшчотай, ціхай радасцю і прадчуваннем чагосьці чароўнага, а часам – і магічнага.
На Куццю і зараз збіраюцца ўсёй сям’ёй, таму многія традыцыі, у тым ліку і каляднага стала, дайшлі да нашага часу. А некаторыя бясследна канулі ў Лету. Давайце разам паспрабуем “падгледзець” і ўзгадаць, як нашы бабулі і дзядулі сустракалі гэтае свята.

Само слова “Каляды” пайшло ад лацінскага calendae – «календы» – назва першага дня кожнага месяца (ад гэтага кораня ўтвораны і «каляндар»), а таксама ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола.
Да Калядаў рыхтаваліся ўсёй сям’ёй, хоць і не так старанна, як да Вялікадня. Звычайна напярэдадні свята прыбіралі хату, бялілі печ, рабілі, калі гэта было патрэбна, рамонт гаспадарчых пабудоў, бо на самі Каляды нічога па гаспадарцы нельга было рабіць. І нашы бабулі і дзядулі строга прытрымліваліся гэтага правіла. Жанчыны не шылі, каб потым пальцы не нарывалі, мужчыны “не секлі, каб мышы ў доме нічога не пасеклі”.



Золата” на ёлцы

З пачаткам посту дарослыя і дзеці па вечарах рабілі цацкі на ёлку, таму што набыць іх, як зараз, было цяжка, дый дорага.
Часцей за ўсё карысталіся тым, што было ў хаце. З каляровай паперы ляпілі ланцужкі, “балёны” і ліхтарыкі, а хто ўмеў – рабіў і драўляныя цацкі. З саломы плялі невялікіх галубоў, зоркі, шышкі, якія пасля таго, як у хаце з’яўлялася ёлка, ззялі на ёй золатам. У ход ішлі і прысмакі: абаранкі, “пазалочаныя” арэхі і цукеркі, якія таксама развешвалі на зялёнай прыгажуні.
У некаторых вёсках нашага раёна рабілі таксама клоўнаў або “балванчыкаў”: звычайнае курынае яйка выдзімалі праз дзірачку і малявалі вугельчыкам на ім твар, пасля прымацоўвалі да яйка папяровыя або саламяныя ножкі знізу, а зверху – капялюш. Асабліва ў гэтай справе шчыравалі дзеці, а дапамагалі ім старэйшыя, таму што ў людзей сярэдняга ўзросту звычайна на такія “забавы” не ставала часу.
У некаторых вёсках ёлку ставілі за некалькі дзён да свята, у іншых – выключна раніцай напярэдадні Куцці. Гаспадар звычайна яшчэ з лета прыкмячаў у лесе зялёную прыгажуню: роўненькую і з густымі лапкамі. Прынесенае з лесу дрэўца ставілі ў крыжавіну і ўпрыгожвалі тымі самымі самаробнымі цацкамі, якія на працягу некалькіх тыдняў рабілі па вечарах. Часам галінкі яшчэ ўпрыгожвалі ватай, якая імітавала снег.
У Беларусі звычай ставіць навагоднюю ёлку паступова распаўсюдзіўся толькі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя і прыйшоў да нас, вядома, з Еўропы.



Зорка – на небе, сям’я – за сталом

За стол садзіліся не раней, чым на небе з’явіцца першая зорка.
Пад белы абрус клалі сена, якое на наступны дзень не выкідалі, а абавязкова аддавалі жывёле, часцей за ўсё карове. Лічылася, што гэта паспрыяе павелічэнню надояў малака.
У кожнай хаце ставілі дадатковую талерку на выпадак, калі нехта ў гэты вечар завітае ў хату, але часцей гэта было ўспамінам памерлых.
За сталом збіралася ўся сям’я, таму да гэтага часу дзяцей не клалі спаць. Гаспадар запальваў свечку, якая сімвалізавала Бэтлеемскае святло, і чытаў малітву. У некаторых сем’ях падчас дзялення аплаткай дзеці цалавалі руку старэйшым родзічам. І толькі пасля гэтага пачыналі вячэраць.



Пальчыкі абліжаш!

Жанчыны рыхтавалі стравы на Куццю і на першы дзень Каляд. На Куццю яны былі выключна поснымі, а колькасць страў не перавышала дванаццаць. А на Каляды ў кожнай, нават самай беднай хаце, даставалі са схованак мяса і каўбасы, сала, арэхі, мёд.
Успамінае Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч, жыхарка Астраўца:
– Маё дзяцінства прыпала на 50-я гады – час атэізму. Каляды святкавалі, але стараліся не афішаваць. І па калядзе ў нашай вёсцы Пільвіны ніхто не хадзіў. Раніцай тата прыносіў елку, а мама гатавала стравы. Калі яна пякла ў печы хлеб, мы, малыя, вельмі любілі пах, які лунаў па хаце. Тата таксама прывозіў хлеб з Вільні, а калі ён чарсцвеў – яго “адпякалі” ў печы.
На Куццю і Каляды на стол ніколі не ставілі бульбы, ні варанай, ні смажанай – лічылася, што тады год будзе на яе неўраджайным. Затое страў з грыбоў, рыбы і цеста было шмат. Асабліва я чамусьці запомніла селядцы – смачныя, тлустыя! Здаецца, цяпер такіх нідзе і не купіш.
Мама гатавала з рыбы, якую тата лавіў у Віліі, некалькі страў: і смажыла, і фаршыравала. На кожную Куццю ў нас рабілі катлеткі з сушаных лісічак без яйка. Усе стравы гатаваліся на алеі з льнянога семені. У нашай вёсцы жыў дзядзька, які меў спецыяльны станок для выціскання алею, і да яго ішлі ўсе аднавяскоўцы. Алей быў таксама надзвычай смачны! Мы, малыя, нават хлеб у яго мачалі.
Мама варыла кісель двух відаў: адзін журавінны, а другі – аўсяны – і ён быў не тое, што цяпер! Выпіць з кубка яго было немагчыма. Звычайна кісель разлівалі ў невялікія місачкі, і ўсе яго елі лыжкамі ўпрыкуску з печанымі клёцкамі. Дзеці надта не любілі аўсяны кісель, але мама прымушала з’есці хоць па адной лыжцы.
У кожнай хаце пяклі “вушкі”: з грыбамі (часцей за ўсё сушанымі баравікамі), з макам, з журавінамі. Запівалі гэтую смакату звычайна “макам”. А на першы дзень Каляд малых чакалі смачныя яблычныя ці тварожныя пірагі, якія тады пяклі ў брытванах, “пасадзіўшы” ў печ.
Калі вячэра канчалася, ніхто нікуды не спяшаўся і не разыходзіўся. Тата “частаваў” нас аповедамі пра цікавыя выпадкі з жыцця і прыгоды. І мы з заміраннем сэрца лавілі кожнае слоўца. Цяпер нават і не ведаю, праўду ён казаў ці нешта выдумляў. Праз гадзіну-другую, дзесьці каля адзінаццаці гадзін, дзяцей клалі спаць, а дзяўчаты і хлопцы збіраліся варажыць.
А на першы дзень Каляд на стол ужо ставілі мясныя стравы. Памятаю, што прыходзілі ў госці родзічы.
Стол заставаўся непрыбраным да раніцы. І мы, малыя, ледзьве прадраўшы вочы, беглі да ёлкі, дзе ляжалі падарункі. Вядома, тады цяжка было што-небудзь купіць, ды і з цукеркамі туга было, але бацькі цешылі нас падарункамі на кожныя Каляды. Калі не было чаго набыць у магазіне, то мама ўпотайкі ад нас вязала шалік, шапку або рукавічкі. Яшчэ нас частавалі арэхамі ці яблыкамі, нарыхтаваным з восені.



Прадказальнікі лёсу

Лічылася, што якраз у калядны перыяд можна даведацца, што цябе чакае ў будучыні. І дзяўчаты ў вёсцы збіраліся разам, каб варажыць.
Старэйшыя дзяўчаты не адганялі ад сябе падрасцякоў, а наадварот, дазвалялі ім прысутнічаць і нават дапамагаць лічыць “цот” і “няцот”.
Вельмі часта дзяўчаты набіралі ў кубкі ваду і капалі на яе воскам са свечкі. Па ўзорах, якія ўтвараліся на паверхні, стараліся ўгледзець будучыню: калі выліўся вяночак або пярсцёнак – дзеўка выйдзе замуж, калі калыска – дзіця, а калі воск застывае на кропельцы – адны казалі, што гэта грошы, а другія – слёзы.
Каб даведацца, ці будзеш гэты год хадзіць “у пары”, трэба было абняць плот: калі цотная колькасць штыкецін – будзеш не адна, і наадварот. Пасля Куцці прыслухоўваліся, з якога боку сабака брэша – “расказвае”, адкуль чакаць сватоў. Цягнулі з-пад абруса саломінкі: уладальніца самай доўгай павінна была ранней за сябровак выскачыць замуж.
Чаго толькі дзяўчаты ні рабілі! Кідалі боты праз комін: лічылася, куды ён паляціць – з таго боку варта жаніха чакаць. “Пазычалі” ў суседзяў дровы: калі дзяўчына вынесла цотную колькасць – будзе ў пары. У першага мінака пыталіся імя і верылі, што так будзе звацца будучы муж.
Дзяўчаты, напэўна, больш забаўляліся, чым па-сапраўднаму варажылі. Аднак хацелася б успомніць яшчэ пра адзін спосаб каляднай варажбы, пра які мне некалі распавядала бабуля.
Ноччу, калі дзяўчына кладзецца спаць, трэба, каб нехта з блізкіх паставіў пад ложак, на якім яна спіць, кубак з вадою і палажыць драўляны пруцік. Але дзеўка нічога не павінна ведаць, бо тады не сасніць суджанага, які яе пераводзіць па кладцы праз рэчку.
Маёй бабулі некалі так паставіла ваду яе мама. І бабуля, тады яшчэ дзяўчына, убачыла паджарага кучаравага хлопца ў фланэлевай клятчатай кашулі і штанах галіфэ. Бабуля не надала пэўнай увагі гэтаму сну. І толькі праз паўгода, калі пазнаёмілася з будучым мужам, маім дзядулем, успомніла сон: Франак быў апрануты дакладна так, як і ў тым, даўно забытым сне.
Верыць ці не ў калядную варажбу – кожны вызначае сам. Але выбегчы на некалькі хвілін, каб абняць плот, – так, на ўсялякі выпадак, – мне здаецца, можна. Ды і цікавасць разбірае: можа, у гэтым годзе пастукае ў дзверы жаніх?
Пакуль дзяўчаты імкнуліся адгадаць, што іх чакае ў наступным годзе, хлопцы свавольнічалі. Абавязкова цягалі вароты: трэба было памяняць месцамі вароты юнака і дзяўчыны, якія ў пары ходзяць. Часам іх нават на комін зацягвалі.
Дзверы ў некаторых хатах, дзе жылі “любімыя” аднавяскоўцы, падпіралі. Раніцай чалавек не мог выйсці на вуліцу, пакуль нехта з суседзяў не прыходзіў на дапамогу.
Хлопцы нават на дах залазілі і закладвалі комін анучамі. Калі ў гэтай хаце пачыналі паліць печ – дым сцяліўся па пакоі, а гаспадары не маглі ўцяміць, што здарылася.
Успамінае Ганна Францаўна Макшыцкая, жыхарка Міхалішак:
– На першы дзень Каляд у нас “складзёнка” была: кожны прыносіў з хаты прысмакі. І, канешне ж, мы танцавалі! Клуба ў тыя часы не было – дык моладзь па хатах збіралася. Часта і ў нас бывалі. Тата іграў на гармоніку, а мама вучыла нас танцаваць і падыспан, і “каробачку”.
Затым ішлі паліць кола. Памятаю, як аднойчы нават сасоннік загарэўся.
Успамінае Апалонія Вікенцьеўна Лаздоўская, жыхарка вёскі Міхалішкі:
– У нас у Заборцах дзяўчаты варажылі. І па калядзе хадзіла не толькі моладзь. І мужчыны, і бабы ўбіраліся за трох каралёў, а нехта – за казла: перавернуць кажух, каб воўна зверху была, і ідуць
калядаваць.
Пасля мы ў Лабуці пераехалі. Барташэвіч у Польшчу выехаў, а нас “пасадзіў” у свой засценак, бо мы надта бедна жылі. Дык тут такога не было.
На першы дзень запрагалі коней і ехалі ў Міхалішкі ў касцёл. Назад жа ляцелі, бы ашалелыя! Лічылася: хто першы прыедзе – у таго ўся работа будзе пераробленая.
Успамінае Ірэна Вікенцьеўна Блашкевіч, жыхарка Бабраўнік:
Мы не хадзілі па калядзе. А вось мама і яе старэйшая сястра казалі, што яны ўбіраліся звярамі і па хатах хадзілі, а гаспадары частавалі іх, хто чым мог. Калядоўшчыкаў у нас лалоўнікамі звалі.
Мы з дзяўчатамі звычайна збіраліся варажыць у каго-небудзь. А хлопцы пад вокнамі хадзілі і нас страшылі. Мы, дурніцы, адразу пад стол хаваліся – ці то ад страху, ці то, каб хлопцы не бачылі.
Памятаю, што свечку пускалі каля міскі, а на ёй былі напісаныя вугельчыкам мужчынскія імёны. І плот абдымалі: колькасць абнятых штыкецін сведчыла пра тое, праз колькі гадоў замуж пойдзеш.
Варажылі не толькі на Каляды, але і на Андрэя. Трэба было каля студні каноплі рассыпаць і сказаць:


– Сею, сею канапелькі
На святога Андрэйкі!
Хачу ўзнаць,
З кім буду век каратаць!


Цяпер ужо і не ўспомню, прысніла я каго ці не.


Каляды – сямейнае свята. Менавіта ў гэты дзень прынята збірацца ўсёй сям’ёй. Нездарма і зараз дзеці і ўнукі едуць з вялікіх гарадоў у вёску да сваіх бацькоў і дзядоў, каб сесці за накрыты белым абрусам паверх сена стол са з’яўленнем на небе першай зоркі і падзяліцца аплаткай. Каб раздзяліць светлую радасць з самымі блізкімі і любімымі…


Макацёр або цёрніца – глыбокая пасудзіна, у якой перад Калядамі пераціралі мак. Звычайна гэта рабілі мужчыны, таму што праца была не з лёгкіх. Белае “малако” ішло на аднайменны напой, да якога дадавалі ваду і крыху саладзілі, а гушчай начынялі “вушкі”.


--------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.
Фота аўтара і А. Памецькі
.