Как праздновали День Независимости Республики Беларусь в Михалишках
1
Трэцяга ліпеня жыхароў Міхалішак парадаваў іўеўскі ансамбль народнай музыкі “Чабарок” з канцэртнай праграмай “Беларусь у маім сэрцы”.На невялічкае інтэрв’ю ветлівыя дзяўчаты згадзіліся адразу. Так, я даведалася, што музыканты ансамбля – гэта настаўнікі Іўеўскай школы мастацтваў. “Чабарок” вядзе сваю дзейнасць з 1988 года, а яго кіраўніком з’яўляецца Леанід Журко. Часцей за ўсё яны выконваюць беларускія песні, але ў рэпертуары таксама маюцца кампазіцыі на рускай, украінскай і польскай мовах.
...У залу ўварваўся паток музыкі – звонкай, гучнай. Тыя музыканты, з якімі я гутарыла яшчэ пару імгненняў назад, ператварыліся ў сапраўдных казачнікаў: ці то касцюмы мяне так уразілі, ці то музыка, якая прабірала да мурашак… Народныя беларускія песні, святочны вальс, маладзёжная кадрыля, полька. Інструментальныя кампазіцыі чаргаваліся з інструментальна-вакальнымі. А калі б вы зірнулі на твары гледачоў, вы б заўважылі шчырыя ўсмешкі, бо нішто так эмацыянальна не ўзрушвае, як жывая музыка.
Аднавяскоўцы выходзілі з залы павольна, дзяліліся сваімі ўражаннямі. Там і там чулася: “Цудоўна!”
А пятага ліпеня на берагах Віліі з’явілася палянка парасонаў. Парасоны ў такую спёку – гэта далёка не модная тэндэнцыя ці які-небудзь капрыз. Гэта – адзінае зручнае выйсце, што схавала гасцей фестывалю ад пякучага ліпеньскага сонца.
Там, дзе размясціліся дзіцячыя гульнёвыя атракцыёны, здаецца, быў асобны свет – дзеці цалкам абстрагіраваліся ад дарослых: калясілі на сваіх маленькіх машынах па аўтамабільнай стаянцы, якую перакрылі спецыяльна для іх. Тут жа можна было купіць ліманад або марожанае.
Святочны канцэрт пачаўся гучным прывітаннем. Яркія сукенкі, акуратныя прычоскі і звонкія галасы – менавіта так выглядаюць міхалішкаўскія спявачкі. Канешне, нельга не адзначыць выступленне Максіма Гаравога з песняй пра нявесту – зарэкамендаваў ён сябе як самы выдатны жаніх на вёсцы!
Тут жа была арганізавана бяс-пройгрышная латарэя, у якой можна было выйграць крэм для рук, пятнаццацікілаграмовы мех мукі – скарб для гаспадыні, заварачны чайнік і іншыя, самыя разнастайныя, але патрэбныя ў штодзённым побыце рэчы.
У небе лунаў бусел. А мы святкавалі Дзень Незалежнасці – адно з галоўных святаў Рэспублікі Беларусь. Дзеці смяяліся, дарослыя радаваліся, старыя ўсміхаліся. А бусел усё лятаў. Безумоўна, ёсць у гэтым нешта сімвалічнае…
-----------------------------------------------
Кацярына СЯРГЕЙ, фота аўтара.
