Как праздновали День молодёжи в Гервятах

У другой палове дня святкаванне Дня моладзі перанеслася ў добравядомы не толькі жыхарам Астравеччыны, але і далёка за межамі нашага раёна аграгарадок Гервяты.


На пляцоўцы за фізкультурна-аздараўленчым комплексам была ўстаноўлена сцэна для ўдзельнікаў канцэрта мастацкай самадзейнасці творчых калектываў і фестывалю-конкурсу народнай песні для працоўных калектываў раёна.

Побач свае вырабы з саломкі і дрэва, вышыўку, тканыя абрусы прапаноўвалі народныя майстры з усёй Астравеччыны, аб’яднаўшыся ў Горад майстроў.

А з другога боку ад сцэны невялікую вуліцу з чатырох дамоў збудавалі работнікі сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў раёна. Менавіта з конкурсу майстэрства ў прыгатаванні нацыянальных страў і пачалося свята ў Гервятах. Камісія наведала ўсе чатыры домікі, паглядзела іх прэзентацыі і паспрабавала не адну страву, а таксама ўвачавідкі змагла паназіраць, як проста на іх вачах таленавітыя кулінары з набору садавіны і гародніны па рэцэптах прадзядуль і прабабуль ствараюць сапраўдныя кулінарныя шэдэўры.

У выніку ў конкурсе кулінарнага майстэрства “Лепшая нацыянальная кухня” ў намінацыі “Арыгінальнасць і мастацкае афармленне” перамога засталася за СВК “Гервяты”, дыплом “За захаванне нацыянальных традыцый” заваяваў СВК “Міхалішкі”, а РУП “Саўгас “Падольскі” атрымаў дыплом “За крэатыў і творчасць”. Гран-пры паехала ў СВК “Варняны”.

Многія людзі, якія працуюць на ўзвядзенні Беларускай атамнай станцыі, але ўпершыню трапілі ў Гервяты, былі зачараваны экскурсіяй па Гервяцкім касцёле і прыкасцёльнай тэрыторыі, якую праводзілі работнікі астравецкага музея Марына Праўлуцкая і Ванда Вайшнаровіч.

Пад уплывам ад мастацкага майстэрства літоўскай мастачкі Бірутэ Куцкайтэ засталіся і наведвальнікі мясцовага Дома культуры.

А потым на сцэну пачалі выходзіць артысты Астравеччыны. Сольныя песні, дуэты і трыа, выступленні калектываў, танцы забаўлялі гледачоў не адну гадзіну. Усе артысты настолькі добра прадставілі свае нумары, што суддзі доўга не маглі вызначыцца з пераможцамі.

І вынiкi фестывалю-конкурсу народнай песні і танца “Святочны карагод” атрымаліся наступнымі: у сольным выкананні трэцяе месца за беларускую народную песню “Ружа-кветка” атрымала Алена Субач з Гервяцкага філіяла Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў, другое – Алена Якубцэвіч з аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Рытань за песню “Не хадзіце хлопчыкі”, а першае засталося за Святланай Піменавай з Гервяцкага філіяла Астравецкай дзіцячай школы мастацтва і яе песняй “І добра таму, хто вячорак не знае”.

У намінацыі ”Дуэт/трыа” на трэцюю прыступку ўзняліся Вольга Раўда і Галіна Тункевіч з аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Варняны, на другую – вакальнае трыа Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы, на першым месцы вакальнае трыа аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Міхалішкі.

У харэаграфіі лепшым калектывам быў названы гурт з Кямелішак за свае “Таўкачыкі”, а таксама Яраслаў Бартановіч, які заняў першую прыступку з танцам “Каваль”.

За вакал трэцяе месца было прысуджана гурту «Астраўчанка» Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы і вакальнаму калектыву “Славяначка” аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Варняны. На другім месцы – вакальны гурт “Скарбніца” аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Міхалішкі, і на першым – фальклорны гурт «Жыльвіціс, Жыльвітэліс» аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Гервяты і вакальны калектыў Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў з песняй “Ой, сэрца маё”.


















---------------------------------------------------

Антон Мальшэўскі, фота аўтара.