Информационные ресурсы Ворнянской библиотеки пополнились книжными новинками
З новымі кнігамі чытач можа пазнаёміцца, звярнуўшыся ў Варнянскую сельскую бібліятэку. Тут наведвальнікі могуць выбраць кнігу на любы густ – дэтэктывы, фантастыку, класіку, жаночыя раманы. Кожны чытач можа знайсці тыя кнігі, якія яму даспадобы. У ліку іх – шмат навінак пазнавальнай літаратуры.
Шмат цікавай і карыснай інфармацыі чытачы могуць знайсці ў разнастайных часопісах і газетах. Мы жывем у імклівы час, час важных пераўтварэнняў. Паўстае пытанне: як за ўсім паспець, пра ўсё даведацца? Дапамогуць у гэтым часопісы і газеты, галоўная задача якіх – знаёміць людзей з тымі падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, за яе межамі.
Давесці кнігу да маленькага чытача, зацікавіць інфармацыяй, зрабіць бібліятэку месцам, куды б хацелася прыйсці зноўку, з’яўляецца асноўным накірункам дзейнасці супрацоўнікаў бібліятэкі Алены Іванаўны Багдановіч і Людмілы Уладзіміраўны Граблеўскай.
“Не любяць у наш час чытаць” – нярэдка сёння можна пачуць гэтыя словы. Моладзь перавагу аддае камп’ютарным гульням, а не бібліятэкам. А калі і наведваюць, дык толькі “па справе” – неабходна напісаць рэферат, даклад. А для душы – камп’ютар, які дазваляе акунуцца ў віртуальны свет. У эру інтэрнэта і высокага тэхнічнага прагрэсу цікавасць да кнігі не знікае. Толькі ў адрозненне ад камп’ютарнай гульні, у свеце кніг ёсць столькі цікавага, пазнавальнага, карыснага. Кніжнае слова ўздзейнічае на інтэлект, дае магчымасць паразважаць. Толькі пры адной умове – калі гэта сур’ёзная літаратура. Сярод наведвальнікаў бібліятэкі нямала аматараў добрай кнігі. Прыемна, што ёсць з кім параіцца наконт навінкаў літаратуры, абмеркаваць той ці іншы твор. Радуе і тое, што нярэдка яны перагортваюць старонкі беларускай класікі,звяртаючыся да творчасці Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і інш.

Бібліятэка цесна супрацоўнічае са школай-садком. Рыхтуюцца цікавыя мерапрыемствы, праходзяць дні інфармацыі, прэзентацыі, віктарыны, конкурсы. У работнікаў бібліятэкі наперадзе многа планаў і розных задум. І як не зайсці ў такую бібліятэку, дзе заўсёды чакае сустрэча з цікавай і разумнай кнігай, дзе адпачываеш душою?!
Вольга Пінчук, намеснік дырэктара Астравецкай ЦБС.