Хор "Польское эхо Островца" завоевал диплом на открытом региональном фестивале

З двума дыпломамі вярнуліся з 11 адкрытага рэгіянальнага фестывалю «Паланэз-2015», што ў маі праходзіў у Слоніме, артысты хору «Польскае рэха Астраўца».


Штогод астравецкія палякі прымаюць удзел у гэтым песенным фестывалі – і штораз вяртаюцца з яго з узнагародамі. Фестываль – гэта не проста свята песні, гэта яшчэ і магчымасць пазнаёміцца з горадам і яго гісторыяй, а таксама яшчэ раз заявіць пра сябе.

Пасля слоў прывітання пачалася конкурсная праграма, якую строга судзіць прафесійнае журы. На гэты раз яе адкрываў хор «Польскае рэха Астраўца». Спачатку астравецкія палякі ў суправаджэнні аркестравай групы музычнай школы ў складзе Генрыха Волчэка, Вольгі Гульбіцкай, Аксаны Сяўко, Ірыны Валэйка і Алены Капыловай выканалі паланэз «Kochajme sie bracie mili», а потым зладжаныя галасы хору падхапіла вакальнае трыа: Алена і Наталля Такарчук і Аксана Юркевіч праспявалі «Паланэз Варшаўскі».

На сцэну адзін за адным падымаліся творчыя калектывы, якія аб’ядноўвала любоў да польскай песні. Прадстаўнікі з Мінска і Пінска, калектывы з Ліды, Навагрудка, Шчучына і іншых гарадоў нашай краіны, а таксама два хоры з суседняй Польшчы – у кожнага была свая песня і свая іскрынка. Але ўсіх аб’яднала свята паланэзаў, якія гучалі на розных мовах.

Другая частка фестывалю таксама была канцэртная. Праўда, тут калектывы спявалі не столькі для журы, каб атрымаць найвышэйшы бал, колькі для сябе і тых людзей, што сабраліся на плошчы. Вольную праграму зноў адкрыла «Польскае рэха Астраўца» – на гэты раз з прывітальнага паланэзу, напісанага астравецкім кампазітарам Аляксанлдрам Якіменкам. І кожная выкананая песня суправаджалася бурнымі апладысментамі.


– Падобныя сустрэчы заўсёды нясуць пазітыўны настрой, – падзялілася ўражаннямі старшыня Астравецкага Саюза палякаў на Беларусі Тарэса Мацвееўна Мароз. – Для нас такія паездкі – гэта ў першую чаргу сустрэча з аднадумцамі, якія любяць родны край і песню, – тут яна гучыць на розных мовах, і ўсе разумеюць адзін аднаго. Трэба было бачыць, як гледачы прымалі польскі калектыў, які выканаў папуры беларускіх песень – прыгожа, весела, з запалам!


А вечарам усіх чакала падвядзенне вынікаў фестывалю: астравецкае «Польскае рэха» стала ўладальнікам Дыплому ІІІ ступені ў намінацыі «Вакальна-харавы калектыў». А астравецкае трыа ў складзе Алены Такарчук, Наталлі Такарчук і Аксаны Юркевіч было ўзнагароджана Дыпломам за яркі творчы дэбют.


Алена ЯРАШЭВІЧ.