Хор Ленинградской АЭС выступил в Островце в День Независимости Республики Беларусь
Падчас святкавання Дня Незалежнасці Астравец наведаў хор Ленінградскай АЭС з горада-пабраціма Астраўца Сасновы Бор.Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Астраўцом і Сасновым Борам было падпісана некалькі гадоў назад падчас праходжання ў Астраўцы выставы-кірмаша “Паўночны вектар Гродзеншчыны”. І нягледзячы на тое, што нашы гарады вельмі розныя і па колькасці насельніцтва, і па ўзросце, аб’ядноўвае нас статус атамграда.
У рамках падпісанага пагаднення ўжо прайшло некалькі сяброўскіх сустрэч паміж жыхарамі двух гарадоў. Так, у мінулым годзе нашы творчыя калектывы былі ў гасцях у Сасновым Боры. А сёлета ў госці да астраўчан з канцэртнай праграмай прыехаў хор Ленінградскай АЭС.
Як расказаў мастацкі кіраўнік хора Юрый Іванавіч Ванаеў, калектыў малады – яму ўсяго толькі тры гады.
– Наш калектыў узнік спантанна – калі Ленінградскую АЭС узначаліў Уладзімір Іванавіч Перагуда. Менавіта ён стаў першым, хто падтрымаў маю прапанову аб стварэнні хора, – расказвае мастацкі кіраўнік калектыва Юрый Іванавіч Ванаеў. – Першапачаткова ўзнік мужчынскі хор. З часам “касцяк” стаў “абрастаць” энтузіястамі, якія цікавіліся музыкай. Потым з’явілася ідэя жаночага хору. Сёння ў нашым калектыве больш за 60 чалавек.
Усе ўдзельнікі хора – спецыялісты Ленінградскай АЭС і члены іх сем’яў. Але калектыву не было б, каб не ініцыятыва мастацкага кіраўніка Юрыя Іванавіча Ванаева – ён змог аб’яднаць вакол сябе і навучыць спяваць людзей, большасць з якіх не мае спецыяльнай музычнай адукацыі. І нягледзячы на гэта – робіць гэта з веданнем справы.
Шчыра кажучы, цяжка было паверыць, што за невялікі перыяд у хора склаўся такі рознабаковы рэпертуар. Духоўная харавая музыка, рускія рамансы, які праціналі да самага сэрца, класічныя творы і народныя песні – невялікае выступленне прайшло з поспехам. Астраўчане апошнюю песню слухалі стоячы і не перастаючы апладзіраваць.
Хор Ленінградскай АЭС вядзе актыўнае музычнае жыццё, развіваецца, шмат падарожнічае, удзельнічае ў музычных фестывалях і конкурсах. Вось і на гэты раз у калектыва быў запланаваны невялікі тур па Беларусі, у рамках якога ён наведаў Астравец.
Сёння хор Ленінградскай АЭС можа пахваліцца званнем лаўрэтаў на конкурсе хароў, які праходзіў у Барселоне. І планаў у мастацкага кіраўніка хора Юрыя Іванавіча Ванаева шмат: да 70-годдзя Вялікай Перамогі ён марыць арганізаваць марафон, які пройдзе праз усю Расію і Беларусь. І верыцца, што яго планы збудуцца.
---------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
