Гости из Японии побывали на Островетчине

Амаль кожны дзень Астравеччына прымае гасцей з розных краін свету – і 22 сакавіка не стала выключэннем. У гэты дзень наш раён наведалі другі сакратар пасольства Японіі ў Беларусі спадар Цуёсі Сато, старшы спецыяліст па пытаннях культуры і сувязях з грамадскасцю Тамока Ханада, спецыяліст па пытаннях культуры і сувязях з грамадскасцю Алена Рахманько і доктар гістарычных навук, дацэнт філіяла Далёкаўсходнега федэральнага ўніверсітэта ў г. Хакайдатэ Юка Курата.

Візіт гасцей быў звязаны з ушанаваннем памяці Іосіфа Гашкевіча, першага расійскага консула ў Японіі, 200-годдзе якога адзначаецца сёлета на ўзроўні ЮНЕСКА.
Госці наведалі касцёл Святых Космы і Даміяна, непадалёку ад якога на парафіяльных могілках (па звестках Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы), знаходзілася магіла Іосіфа Гашкевіча, аддалі даніну павагі ля бюста знакамітаму консулу, які быў створаны скульптарам В.Янушкевічам і ўрачыста ўстаноўлены ў 1994 годзе.
Наступным пунктам іх маршрута стала Астравецкая цэнтральная раённая бібліятэка, у чытальнай зале якой размясцілася цудоўная выстава “Традыцыі і культура Японіі”, якую прадставіла пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь.
Не меншую цікавасць гасцей выклікала кніжная выстава “Па слядах беларускага Адысея”, на якой прадстаўлены матэрыялы з фонда бібліятэкі аб жыцці і дзейнасці нашага вядомага суайчынніка. Дацэнт Юка Курата з вялікай цікавасцю азнаёмілася з кожным дакументам.
У Малях госці спыніліся каля памятнага знаку, устаноўленага ў 2002 годзе ў гонар Іосіфа Гашкевіча, і пабывалі ў Мальскай бібліятэцы-філіяле, дзе ўжо шмат гадоў працуе і ўвесь час папаўняецца новымі дакументамі экспазіцыя, прысвечаная вядомаму консулу, які з 1867 па 1875 жыў у маёнтку Малі.
Апошняй кропкай вандроўкі стаў велічны касцёл Святой Тройцы ў Гервятах і прыкасцельны парк, створаны рукамі ксяндза Леаніда Несцюка і парафіян.
Убачанае не пакінула раўнадушнымі, а магічнае гучанне аргана і хвалюючы голас арганіста Андрэя Міхневіча кранулі душы нашых японскіх гасцей.


-----------------------------------------------------
Наталля АЧАРЭТАВА, дырэктар ЦБС
.