Горный "Эдельвейс" на островецкой сцене

Іх аб’яднала незвычайная горная кветка, а таксама – любоў да музыкі і жаданне спяваць. З таго часу яны – на астравецкай сцэне, а іх прыгожыя, пяшчотныя галасы радуюць гледачоў. Сёння мы пазнаёмімся бліжэй з вакальным калектывам Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эдэльвейс”, куды ўваходзяць Вераніка Анімуцкая, Інга Ган, Ганна Пазлевіч, а таксама іх музычны кіраўнік Алена Нікіфараўна Такарчук.

Усё пачалося тры гады назад. Менавіта тады Алена Нікіфараўна пераехала ў Астравец са Смаргоні, дзе таксама працавала ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Дарэчы, пераможца апошняга праекта “Я спяваю” на тэлеканале АНТ Даша Чарнова – выхаванка менавіта Алены Нікіфараўны. І яна – далёка не адзіная таленавітая вучаніца жанчыны.


– Як я трапіла ў музычны палон і вырашыла звязаць з гэтым сваю прафесію? О, гэта доўгая гісторыя, – расказвае Алена Нікіфараўна. – Адзначу толькі, што родам я з Украіны, у Беларусь мы пераехалі ў 1989 годзе. Акрамя Жытомірскага вучылішча культуры і мастацтва, закончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, дзе атрымала спецыяльнасць эканаміста. Працавала і эканамістам, і таваразнаўцам… А музыка? Аднойчы яна пераступіла праз парог дома маіх продкаў – і засталася верным спадарожнікам нашай сям’і назаўсёды. У доме маёй мамы яшчэ ад яе бацькоў засталося фартэпіяна – як сімвал захаплення чароўнымі гукамі. І нават у самыя сумныя дні яна марыла, што калі-небудзь яе дзеці будуць прафесійна займацца музыкай. І яе мара збылася! Прытым не толькі ў дзецях, але і ва ўнуках. Трое маіх дзяцей звязалі сваё жыццё з музыкай: сын і дачка вучацца ў кансерваторыі, яшчэ адна дачка скончыла музычнае вучылішча. Займаюся музыкай і я. Зараз вось вяду гурток па вакалу ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.


На заняткі да Алены Нікіфараўны ходзяць дзеці розных узростаў – з першага па восьмы клас. Аднойчы прыйшлі сюды і будучыя “эдэльвейсткі”.


– Спачатку да мяне ў гурток прыйшла Вераніка Анімуцкая. Дакладней, яе прывяла мама – маўляў, дзяўчынка нядрэнна спявае, трэба развіваць голас. Вераніка займалася год, калі прыйшлі Аня і Інга. Я праслухала кожную паасобку, а пасля мы вырашылі паспрабаваць паспяваць утраіх. І яны, што называецца, цудоўна спеліся… Вельмі хутка навучыліся чуць адна адну і спяваць у тры галасы, як у адзін. І пачалі ўдзельнічаць у розных конкурсах. Напрыклад, у мінулым годзе занялі другое месца на конкурсе «Паланэзу» ў Слоніме, сёлета – пераможцы раённага фестывалю патрыятычнай песні.
Чаму “Эдэльвейс”? Гэта я прапанавала дзяўчатам такую назву для трыо. Эдэльвейс – прыгожая і пяшчотная горная кветка, форма якой нагадвае зорку. У Веранікі, Інгі і Ані – такія ж прыгожыя, мілыя і пяшчотныя галасы… Такім чынам, эдэльвейс – адлюстраванне і ўвасабленне іх творчага вобразу.


Пасля размовы з Аленай Нікіфараўнай надышоў час пагутарыць і з юнымі артысткамі.
– Памятаеце, калі і пры якіх абставінах пачалі спяваць?
Інга: Мы з Аняй заўсёды разам спявалі ў школе, разам прыйшлі і ў гурток па вакале.
Аня: Я і ў садзіку спявала, і дома… Памятаю, мне было 3 гады, калі пад фанаграму спявала “Два весёлых гуся”.
Вераніка: Перш я жыла ў Альхоўцы, а тры гады назад мы пераехалі ў Астравец. Колькі сябе помню, любіла спяваць – дома на табурэтцы перад гасцямі ці адна…
– Што для вас музыка?
Інга: Гэта стан душы, светапогляд, любімы занятак. Сваю будучую прафесію я збіраюся звязаць менавіта з музыкай.
Аня: Без музыкі ўжо – нікуды. Наогул, мне пашанцавала – мама працуе настаўніцай музыкі ў Гудагайскай сярэдняй школе і пры неабходнасці дапамагае каштоўнымі парадамі. А музыку я любіла, люблю і буду любіць заўсёды.
Вераніка: Гэта тое, што мне падабаецца і без чаго я не ўяўляю сваё жыццё.
– Якую музыку слухаеце дома?
Інга: Рок. Замежны рок.
Аня: Розную… У мяне няма строгіх абмежаванняў – гэта слухаю, а гэта – не. Важна, каб яна мне падабалася. Напэўна, калі чалавек слухае толькі адзін стыль, ён у некаторай ступені пазбаўляе сябе задавальнення ад іншай музыкі. Бо ў кожнай песні ёсць свая энергетыка, сэнс, душа.
Вераніка: Мне таксама падабаецца розная музыка: у залежнасці ад настрою і стану душы.
– Чым яшчэ захапляецеся?
Інга: Раней пісала вершы, іх нават друкавалі ў раённай газеце. А зараз… Напэўна, усё ж такі найперш музыкай.
Аня: Я люблю маляваць. Наведваю гурток жывапісу, які вядзе Тэрэса Іосіфаўна Варановіч.
Вераніка: А мне вельмі падабаецца чытаць, прычым кнігі розных аўтараў. А яшчэ люблю займацца краязнаўствам, усім, што звязана з музеем.
– Кім бачыце сябе ў будучыні?
Інга: Можа, гэта гучыць крыху самаўпэўнена, але я хачу стаць спявачкай.
Аня: Мне падабаецца і спяваць, і маляваць. І, шчыра кажучы, яшчэ не вызначылася, што прыцягвае больш.
Вераніка: А мне падабаецца замежная мова, і будучую прафесію хачу звязаць менавіта з ёю – стаць перакладчыкам ці нешта накшталт гэтага.
– Творчых поспехаў вам і новых ідэй вашаму музычнаму кіраўніку, прыгожых песень і спаўнення задуманага.
Хорам: Дзякуй!

-------------------------------------------------
Падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ.