Годы идут - а она танцует!
Валянціна Антонаўна Сасноўска я – танцорка са стажам, займаецца гэтым з дзяцінства. Музычныя здольнасці пераняла ад сваёй мамы, Марыі Несцераўны. Яна таксама працавала настаўніцай, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці і вучыла гэтаму дзяцей, у тым ліку і сваіх. «Прыгажуня, актывістка, захоплены чалавек» – такія кампліменты часта чула Валянціна Антонаўна ў маладыя гады і чуе зараз.Фестываль “Мы яшчэ маладыя душой”, надоўга застанецца ў памяці яго ўдзельнікаў і гледачоў, якія прыйшлі на канцэрт. Ён усяліў у нас упэўненасць, веру ў тое, што мы яшчэ многае можам… І не толькі ўмеем самі, але можам навучыць і моладзь. Трэба было бачыць, як паводзілі сябе гледачы ў зале: падпявалі, падтанцоўвалі, шчаслівыя ўсмешкі не сыходзілі з твараў. А вочы! Яны гарэлі шчаслівым маладым бляскам. І галоўнае: многія з нас на той момант забыліся на свае балячкі. Мяне прыемна здзівіў фельчар «Хуткай дапамогі» Алег Козіч, які выйшаў насустрач, калі я са сцэны спускалася ў залу, і сказаў: “Вы, аказваецца, і спяваць умееце! Цудоўна!” Я ад душы смяялася, бо гэты фельчар, здаралася, не раз ратаваў мяне ад пякучага болю, а магчыма, і смерць праганяў.
Ды толькі не пра сябе я хачу расказаць, а пра чалавека, які заслугоўвае не толькі павагі, а і захаплення. Доўга будуць усе ўдзельнікі фестывалю памятаць танцы ў выкананні дзетак з Трокеніцкай базавай школы. Гэта былі шчаслівыя хвіліны! Танцавалі дзеткі, “хадуном хадзіла” зала. Абыякавых не было. “Полечка”, “Калінка”, “Кадрыля” – кожны рух, кожнае “па” танцораў было трапнае, адточанае, задорнае, лёгкае. Так навучыць дзяцей танцаваць можа толькі чалавек апантаны, таленавіты, улюбёны ў сваю справу. І гэты чалавек – Валянціна Антонаўна Сасноўская, былы дырэктар Трокеніцкай базавай школы, а зараз – пенсіянерка.
Хоць былых настаўнікаў не бывае. Валянціна Антонаўна не працуе ўжо некалькі гадоў, але кожны дзень, калі заканчваюцца ўрокі ў школе, яна знаёмай да драбніц сцежкай спяшаецца… “на танцы” ў сваю школу. Робіць сваю любімую справу на добраахвотным пачатку, карацей кажучы, – за “дзякуй”. Іншай платы гэтая ўлюбёная ў сваё хобі “танцорка” і не ўяўляе.
– Валянціна Антонаўна, адкуль такое веданне танцаў, уменне, прафесійная рэжысура? – пытаюся ў сваёй даўняй калегі.
Смяецца… Вочы свецяцца маладым задорам. Прывабная, лёгкая на пад’ём, шчырая, добрасардэчная, тактоўная, адным словам – таленавітая ва ўсім.
Я не баюся так гаварыць, бо шмат гадоў ведаю гэтую жанчыну – як былога метадыста РАА, а затым – дырэктара Трокеніцкай БШ, як выкладчыка рускай мовы і літаратуры, як сябра па працы. Часта мы разам прывозілі сваіх дзяцей на розныя конкурсы. З нас не раз жартавалі члены журы: адна спявае, другая – танцуе. Аднойчы праходзіў конкурс “Мы – беларусы”, старшынёй журы быў У.А. Булавіцкі. Пры падвядзенні вынікаў ён сказаў:
– Упершыню я ў такім «палоне» апынуўся! Даць першае месца Трокенікам – Варону пакрыўджу. Даць Вароне – Трокенікі несправядліва застануцца на другім месцы. Вырашылі даць два першыя месцы.
Валянціна Антонаўна не хоча сябе “афішаваць”, як яна гаворыць – але ж і без гэтага ўвесь раён у захапленні ад яе таленту і працы! Усе ведаюць, што прасцей самому нешта зрабіць, чым навучыць кагосьці. У яе ж ёсць жаданне, талент. Яна маладзее з года ў год, імкнецца як мага больш паспець зрабіць. Дзеткі да яе цягнуцца. Сёння танцы ў выкананні вучняў Трокеніцкай БШ можна смела “выпускаць” на вялікую сцэну.
Валянціна Антонаўна – танцорка са стажам, займаецца гэтым з дзяцінства. Музычныя здольнасці пераняла ад сваёй мамы, Марыі Несцераўны. Яна таксама працавала настаўніцай, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці і вучыла гэтаму дзяцей, у тым ліку і сваіх.
У сям’і Карчэўскіх (дзявочае прозвішча В.А. – аўт.) было пяцёра дзяцей, чатыры дачкі і сын. Заўсёды ў святы або па выхадных днях у хаце гучаў патэфон. Бацькі ўсаджаваліся на канапу і з задавальненнем глядзелі канцэрт, які наладжвалі дзеці. Валянціна была старэйшай з дзяцей, таму рэй ў танцах заводзіла яна.
Пазней, калі паступіла пасля заканчэння сярэдняй школы вучыцца ў Гродзенскі педінстытут, наведвала гурткі – харэаграфічны і мастацкай гімнастыкі. Таленавітую дзяўчыну заўважылі і прапанавалі прадоўжыць адукацыю ў гэтых накірунках – але перамагло жаданне стаць настаўніцай.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Валянціна Антонаўна атрымала накіраванне на працу ў Ашмянскі раён. Адпрацавала там шэсць гадоў, выйшла замуж – і мужу ў Астраўцы прапанавалі працу, а галоўнае – кватэру. Так яны сталі астравецкімі жыхарамі.
У Ашмянах Валянціна Антонаўна таксама танцавала. Сёння ўспамінае з усмешкай:
– Я там займалася ў харэографа Ашмянскага Дома культуры. Яму было тады гадоў сорак. І я здзіўлялася, думала: “Глядзі ж ты, стары, а такія “выкрунтасы” выдае! Шкада, забылася прозвішча… А зараз самой ужо, скажам так, намнога больш, – а я танцую… І ўзрост тут ні пры чым, галоўнае – мець жаданне і напорыстасць. Ну і ўменне, канешне. Так што мне старэць няма калі за танцамі.
– Валянціна Антонаўна, а дзе бярэце касцюмы? На кожны танец розныя – сучасныя, прыгожыя…
Валянціна Антонаўна смяецца. І ўзгадвае выпадак з дзяцінства…
– Неяк майму тату пашчасціла пабываць у Маскве на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі. Ён прывёз са сталіцы нам, чатыром дочкам, прыгожага чырвонага саціну на сарафаны і чатыры квяцістыя хусткі-кашміроўкі. А мама з таго саціну пашыла спаднічкі ўдзельнікам танцавальнага гуртка школы, а хусткі парэзала на касынкі… Мы моўчкі “праглынулі” гэта. Суцешыліся тым, што самі былі актыўнымі ўдзельнікамі таго гуртка. І сама я часта то спаднічкі, то варатнічкі ці фартушкі ўдзельнікам свайго гуртка шыла. А потым звярнулася з просьбай набыць касцюмы да Дануты Францаўны Чарнушэвіч, якая ў той час узначальвала раённы аддзел культуры. Яна маю просьбу падтрымала, дала патрэбныя каардынаты, сама дапамагала, чым магла. Сродкі выдзеліў сельскі Савет і калгас імя Куйбышава, іх тады ўзначальвалі Валянцін Станіслававіч Вайніловіч і Віктар Мікалаевіч Паршонак. Так што нашы касцюмы не такія ўжо і сучасныя, шмат часу мы іх эксплуату ем. А што яны выглядаюць прыстойна, дык – шануем. Служаць нам больш за дваццаць гадоў.
Не магу не закрануць яшчэ адну тэму:
– Валянціна Антонаўна, гены вашай мамы перадаліся вам. А вы свае каму перадалі?
Канешне, у паўсядзёнай працы ўсё не так лёгка і бездакорна, як на сцэне.
– У вучняў старэйшых класаў шмат урокаў, – дзеліцца Валянціна Антонаўна. – Я чалавек вольны, магу прыйсці на рэпетыцыю ў любы зручны для дзяцей час, а вось у іх часу мала. Ды і выбару “артыстаў” асабліва няма, вучняў у нашай школе няшмат. У гурток прымаю ўсіх, хто жадае. Праўда, не ўсе вытрымліваюць такую напружаную працу. Ды яшчэ ж трэба, каб дзіця адчувала музыку, рытм, такт – хаця гэта выпрацоўваецца з цягам часу. Бывае, што нешта і не атрымліваецца.
– І што тады робіце? Як выходзіце з сітуацыі?
– Дапамагаюць – адміністрацыя школы, настаўнікі. Музыку – па некалькі варыянтаў – шукаюць у інтэрнэце, падчас канцэртаў дзяцей дапамагаюць пераапранаць, арганізоўваюць рэпетыцыі, едуць з намі і суправаджаюць дзяцей. Разумеюць мяне з першага слова. Дзякуй ім! Я рада, што выхавала такі калектыў. Мне з імі лёгка і добра, таму я так доўга танцую.
Пасля паўзы Валянціна Антонаўна дадала:
– Я марыла, што на пенсіі буду шмат часу аддаваць рукадзеллю, вязаць, шыць, даглядаць свае любімыя ружы, выпякаць… Сабрала шмат літаратуры, хацела адразу апынуцца ў гушчы любімых заняткаў. Але здарылася так, што мой сённяшні занятак – вучыць дзяцей танцаваць – патрэбны больш, і я не змагла адмовіць.
Дарагая Валянціна Антонаўна, усе, хто вас ведае, перакананы, што вашага задору і энергіі хопіць яшчэ надоўга – ва ўсякім выпадку, мы на гэта спадзяёмся і гэтага ж зычым вам. Адпачываць будзем потым…
----------------------------
Марыя ПЕШКА, ветэран педагагічнай працы.
