Фольклорный коллектив "Михалинка" с успехом выступает не только в Беларуси, но и за её пределами

“Міхалінку” на Астравеччыне ведаюць досыць добра для самадзейнага мастацкага калектыву з сельскай глыбінкі і недаравальна мала для адзінай у раёне дзіцячаай фальклорнай групы, якой прысвоена ганаровае званне ўзорнай.
У скарбонцы ансамбля некалькі тузінаў ганаровых узнагарод з самых розных конкурсаў і фестываляў. У розны час выступленне групы сустракалі авацыяй ў Мінску, Гродна, Мастах, Ваўкавыску…
Ды што там – нават у Маскве па вартасці ацанілі выканаўчае майстэрства міхалішкаўскіх пявунь! Беларускае тэлебачанне на працягу чатырох дзён здымала дзяўчат для тэлевізійнага песеннага праекта.
А вось на раённай сцэне міхалішкаўскія пявунні чамусьці рэдкія госці…

Калектыву, сярэдні узрост удзельніц якога складае каля 13-ці гадоў, у бягучым 2013 годзе таксама споўнілася 13.
Дата стварэння калектыву дакладна захавалася ў гістарычных аналах “Міхалінкі” – 20 сакавіка. Тады, напярэдадні чарговага раённага агляду мастацкай самадзейнасці, настаўніцы Міхалішкаўскай музычнай школы Святлане Чаславаўне Шаблінскай і прыйшла думка сабраць са сваіх вучаніц вакальную групу, якая б выконвала не набіўшую аскоміну “папсу” і не псеўда-народную музыку а-ля “ёсць гармонік, бубен ёсць – чым не гаспадарка?!”, а сапраўдныя аўтэнтычныя народныя песні.
У рэпертуары ансамбля спачатку з’явілася некалькі абрадавых твораў. А затым і цэлы цыкл, які адпавядаў гадавому колу беларускіх народных святаў ад Грамніц да Калядаў.
Музыкальнае аблічча калектыву сфарміравалася пад непасрэдным уплывам яго мастацкага кіраўніка. Па праўдзе кажучы, ёй неаднойчы настойліва прапаноўвалі дапоўніць альбо ўвогуле змяніць рэпертуар “Міхалінкі” на нешта больш шырспажыўнае, папсовае, больш зразумелае шырокаму колу гледачоў. Ды і тое праўда, што жанр, у якім выступае ансамбль, па вялікаму рахунку, няўдзячны. Падобных да “Міхалінкі” калектываў, якія выконваюць сапраўдную беларускую музыку, а не яе сучасныя варыяцыі з дабаўленнем рэпа і хіп-хопа – адзінкі на ўсю краіну.
Аднак Святлана Чаславаўна, няглядзячы на ўсю лірычнасць сваёй душы, чалавек даволі настойлівы. Таму этнаспевы былі і засталіся да сённяшняга дня асновай рэпертуара “Міхалінкі”. Здавалася б, самабытнасць дзіцячага ансамбля павінна была з самага пачатку забяспечыць яму глядацкую любоў і прыязнасць журы розных конкурсаў і іншага калямузычнага начальства. Аднак, калі сімпатыі гледачоў “Міхалінка” сапраўды заваявала з першага канцэртнага выступлення ў Міхалішкаўскім Доме культуры, то дэбют групы перад высокім начальствам у былым кінатэатры “Кастрычнік” выйшаў камяком і ледзь не паставіў крыж на далейшым лёсе дзіцячага калектыву.
Здарылася тое на раённым этапе абласнога конкурсу. Слова “ганьба” было, напэўна, самым мяккім у ацэнцы выступлення вакальнай групы, якое прагучала з вуснаў высокага абласнога начальніка.
Крытыку яшчэ можна было б неяк прыняць, успрыняць, што называецца – зрабіць высновы, выправіць хібы. Урэшце, не спатыкаецца толькі той, хто стаіць на месцы. Ды і “Міхалінка” – не бездакорны акадэмічны калектыў і, безумоўна, мае права на памылкі. Але бязглуздасць ацэнкі чыноўніка ад музыкі была настолькі відавочнай, а тон яго імправізаванай прамовы настолькі грубым і бесцырымонным, што ў душы пакінуў толькі горкую, пякучую крыўду.
Горш за ўсё, што сведкамі гэтай дарослай размовы сталі дзеці, якія схаваліся за заслонай, каб на свае вушы пачуць ацэнку свайго выступлення. Збянтэжаная і абражаная настаўніца не ведала, што сказаць сваім разгубленым выхаванцам і куды падзець вочы, якія па-здрадніцку напоўніліся слязьмі…
Па злой іроніі лёсу вечарам таго ж дня ўдзельніц ансамбля чакала яшчэ адно выпрабаванне. І зноў перад аўтарытэтнай камісіяй з абласнога цэнтра, якая павінна была вынесці рашэнне аб прысваенні калектыву звання ўзорнага.
Можна уявіць, якіх фізічных і маральных высілкаў каштаваў ім другі за дзень выхад на сцэну… Тое выступленне ў літаральным сэнсе атрымалася са слязамі на вачах. Са слязамі ў дзіцячых вачах, у якіх былі і адчай, і крыўда за толькі што перажытую несправядлівасць, і жаданне даказаць сваю годнасць…
Але захопленае спевамі калектыву з сельскай глыбінкі журы ў той жа дзень павіншавала ўдзельніц групы с прысваеннем ганаровага звання ўзорнага.
Той драматычны дзень, як і процілеглыя пачуцці, перажытыя ўдзельніцамі ансамбля на яго працягу, даўно ужо сталі гісторыяй і ўспамінаюцца рэдка. Ды і што іх успамінаць, калі нагод да станоўчых эмоцый было ў “Міхалінак” куды больш.
Рэспубліканскія “Дажынкі” ў Ваўкавыску, фестывалі ў Мастах і Мінску, выступленні на канцэртных пляцоўках ў Лідзе і Гродна, удзел у тэлевізійным праекце “Спявай, душа”, дыплом лаўрэтаў міжнароднага конкурсу тэатральных і фальклорных калектываў у Маскве… Вось далёка не поўны пералік тых месцаў, дзе “засвяціліся” дзяўчаты. І не проста “засвяціліся”, а вярнуліся дадому, у родныя Міхалішкі, з дыпломамі і падарункамі.
Першыя “Міхалінкі” даўно выраслі. Дарэчы сказаць, дзве ўдзельніцы першага складу ансамбля – Алена Нарэйка і Таццяна Рукойць – народную музыку абралі справай свайго жыцця. Абедзьве атрымалі музычную адукацыю і зараз выступаюць у прафесійных музычных калектывах. А напачатку мінулага года яны трымалі творчую справаздачу перад землякамі, калі ў складзе ансамбля “Грамніцы” наведалі з гастролямі Астравеччыну.
Цяперашні склад ансамбля – ужо трэці па ліку. Такі ўжо няўдзячны лёс ўсіх дзіцячых ансамбляў. Рана ці позна іх удзельнікі становяцца дарослымі і пакідаюць гняздо, у якім “сталі на крыло”. І ні спыніць, ні змяніць гэты працэс немагчыма. Але нейкім зусім незразумелым чынам у мастацкага кіраўніка калектыву атрымліваецца з году ў год знаходзіць усё новыя і новыя таленты. І гэта, заўважым, не ў шматтысячным горадзе з дзясяткамі музычных школ і вакальных студый, а ў звычайнай вёсцы.
Сёння “Міхалінак” восем: Насця Ляховіч, Дзіяна Субач, Бажэна Калтан, сёстры Юля і Оля Мазырэц, Васіліса Сяргей, Сюзана Маўчан і Света Стаціна. Усе, як на падбор, прыгажуні: русавалосыя, светлавокія… Сапраўдныя беларусачкі!
Але адных прыгожых вочак, каб быць удзельніцай групы, мала. Перад усім – бездакорныя слых і голас. Без іх – ніяк, таму што кожная песня, з якой выходзяць дзяўчаты на сцэну, папярэдне раскладваецца іх настаўніцай на тры, а то і на чатыры галасы!
Для людзей, далёкіх ад музычнай тэрміналогіі, патлумачым, што такі стыль выканання характэрны, напрыклад, “Песнярам”. І вось што дзіўна. Гэты, без перабольшвання, унікальны музычны праект трымаецца, пасутнасці, на голым энтузіязме настаўніцы і яе выхаванак. Ні мікрафонаў, ні гукаўзмацняльнай апаратуры, ні нават самага звычайнага магнітафона ў арсенале “Міхалінкі” няма.
Добра, што ёсць канцэртныя касцюмы. Некалі намаганнямі аддзела культуры іх набылі для ансамбля пасля заваявання ім “узорнага” статусу. Кацюмы, няма слоў, шыкоўныя: прыгожыя, стыльныя, адметныя. Але ў іх выступае ўжо трэцяе пакаленне артыстак! За столькі гадоў касцюмы добра паднасіліся, і чым далей, тым цяжэй дзяўчатам падтрымліваць іх у прыстойным стане. Тым больш, што ў іх гардэробе гэта – адзіны камплект…
У чым жа сакрэт поспеху “Міхалінкі”? Відавочна ж, не ў люстраных столях Дома культуры, не ў спонсарскіх падарунках ды не ў тугасці бацькоўскіх кашалькоў…
Напэўна, у тых простых чалавечых каштоўнасцях, якія спрадвеку шанаваліся ў вёсцы: працавітасці, стараннасці, цярплівасці, сціпласці…
Вёска ўвогуле жыве стараннямі апантаных, неабыякавых, няўрымслівых людзей. Такіх, як Святлана Шаблінская і яе “Міхалінкі”.


---------------------
Эдуард Свірыд.
Фота аўтара і з асабістага архіву С. Шаблінскай.