Дети из Ворнянского социального приюта и дети-сироты из приёмных семей побывали в Минске
Дзеці з сацыяльнага прытулку і дзеці-сіроты з прыёмных сем'яў у мінулую суботу наведалі Мінск. Паездка стала магчымай дзякуючы нераўнадушным людзям, дапамозе раённых арганізацый і прадпрыемстваў.Дзяўчынкі і хлопчыкі змаглі наведаць заапарк і дэльфінарый, паабедаць у сталічным кафэ, а таксама ўзляцець амаль да самых нябёсаў…
“Самы складаны – першы крок”
Лета прыносіць доўгачаканыя канікулы, а значыць, магчымасць пазнаць і ўбачыць новае. Разам з бацькамі многія дзеткі едуць адпачываць на мора, выпраўляюцца ў паходы ці на вёску да бабулі…
Дзеці з Варнянскага сацыяльнага прытулку не маюць такой магчымасці. Кожны год хлопчыкі і дзяўчынкі адпачываюць толькі ў летніку. Аднак сёлета ў іх з’явілася магчымасць пабываць у сталічных заапарку і дэльфінарыі...
Вы запытаеце, што можа зрабіць адзін чалавек? З упэўненасцю адкажу: многае.
Пасля публікацыі артыкула ў нашай газеце пра дзяцей з Варнян- скага дзіцячага сацыяльнага прытулку наша зямлячка з Мінска адгукнулася і пачала актыўную дзейнасць па зборы сродкаў і рэчаў для дзетак, якія часова засталіся без мамаў і татаў. У адной з папулярных сацыяльных сетак жанчына арганізавала групу, дзе кожны жадаючы мог даведацца, у чым маюць патрэбу выхаванцы прытулку…
Спрацаваў механізм “шасці поціскаў рукі” – і колькасць нераўнадушных людзей стала павялічвацца ў геаметрычнай прагрэсіі.
“Хочаш захаваць успаміны пра добрыя справы? Паўтарай іх” (Бэкан)
Ініцыятыву сталічных валанцёраў падтрымалі раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын” і рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда”. Людзі з Мінска збіраюць грошы для нашых дзяцей, а мы не можам дапамагчы?
У сваім артыкуле «Подарим детям праздник!» (№47 ад 19 чэрвеня 2013 года) галоўны рэдактар Ніна Рыбік прапанавала ўсім жадаючым далучыцца да добрай справы і падарыць абяздоленым дзецям шчаслівыя хвіліны.
На працягу амаль двух месяцаў ішоў збор сродкаў. Першай у рэдакцыю завітала Наталля Анатольеўна Аніскевіч. Жанчына прызналася, што заўсёды стараецца дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Калектыў газеты сабраў паўмільёна беларускіх рублёў, а супрацоўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі – 870 000 рублёў. На разліковы рахунак ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Астравецкага раёна” ўпраўленне капітальнага будаўніцтва і МПМК-158 пералічылі па мільёну беларускіх рублёў.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама дапамог з транспартам і палівам: выдзеліў камфортны мікрааўтобус.
Дзякуючы грашовай дапамозе нераўнадушных людзей, прадпрыемстваў і арганізацый удалося сабраць 3 490 000 рублёў. Паездка ў заапарк і дэльфінарый увасобілася: набыла форму і ў рэшце рэшт канкрэтную дату – 10 жніўня.
“Лепшы спосаб зрабіць дзяцей харошымі – зрабіць іх шчаслівымі” (Оскар Уайльд)
У Мінск выправіліся не толькі выхаванцы з дзіцячага сацыяльнага прытулку, але і дзеці з прыёмных сем'яў.
Зусім нядаўна Каця і Насця Памецькі знайшлі новых тату і маму. І паверце мне, за гэты кароткі перыяд сястрычкі вельмі змяніліся: павесялелі, ажылі, а ў вачах заігралі іскрынкі. Мама Наташа сабрала сястрычкам у дарогу рукзакі з прысмакамі. А “бабуля” – так называюць прыёмную маму Кірыл і Кіра Гушчы – напякла сваім любімцам цэлую торбу піражкоў, якіх хапіла ўсім дзецям нават на зваротную дарогу. Па Валерыі, якая сядзела ля акна, было бачна, што дзяўчынка таксама рыхтавала¬ся да паездкі: прыгожая плеценая прычоска і падабранае па колеравай гаме адзенне выдавалі сваю гаспадыню.
Да поўнай кампаніі не хапала толькі хлопчыкаў з прытулку. Дзіма, Віталік, Сяргей і Лёшка якраз адпачывалі ў летніку “Ластаўка”. Не пашанцавала толькі Ігару, які амаль напярэдадні паездкі захварэў на ветраную воспу.
Рабят суправаджала дырэктар Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Астравецкага раёна Алена Іванаўна Змітровіч, якая, як мама, цэлую дарогу да сталіцы толькі тое і рабіла, што камусьці памагала распрануць кофту, давала папіць вады ці вільготнай сурвэткай выцірала маленькія ручкі.
Не паспеў мікрааўтобус пакінуць ззаду шыльду з надпісам “Астравецкі раён”, як Кіра запытала ў мяне: “А Мінск хутка?”
Нягледзячы на спякотнае надвор’е – сонца не шкадавала свайго цяпла і шчодра палівала зямлю сонечнымі промнямі – усе дзеткі трымаліся алавянымі салдацікамі: моўчкі выціралі з ілба пот, і каб час цягнуўся хутчэй, гулялі “ў словы” і мяняліся месцамі.
Пра хуткае спатканне са сталіцай дзеткі здагадаліся па колькасці машын, якія сустракаліся на дарозе. Аднак ступіць на мінскую зямлю і паспрабаваць “на нюх” гарадскога паветра ўдалося толькі праз дзве гадзіны.
Ля гіпермаркета “Праспект” дзіцячую “каманду” ўжо чакала мінскі валанцёр Галіна. І перш, чым рушыць па ўражанні ў заапарк і дэльфінарый, дзеткі разам з дарослымі накіраваліся ў кафэ. Уся дружная кампанія памясцілася за адным сталом. Пакуль гатавалася ежа, хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю разглядвалі усё навокал. Насця з Кацяй доўга круцілі ў руках меню і краналі пальчыкам “наклейкі” (так дзяўчынкі ахрысцілі фотавыявы страў).
Рабяты ўпляталі за дзве шчакі нагетсы, бульбяныя палачкі з двума відамі соусаў. А на зваротны шлях замовілі тры піцы. І канешне, як можна абысціся без марожанага ў хрусткім вафельным ражку? “Порцыі для гігантаў” – пажартаваў хтосьці з хлопчыкаў. Можна было на свой густ выбіраць тры шарыкі, чым дзеці неадкладна скарысталіся. Фісташкавае, вішнёвае, шакаладнае, бананавае – ад разнастайнасці выбару нават у дарослага вочы разбегліся б у розныя бакі. Аднак каляровыя шарыкі хутка зніклі: ці ад таго, што на вуліцы панавала спёка, ці ад таго, што марожанае было вельмі смачным.
Душна было і ў дэльфінарыі “Немо”, які знаходзіцца на тэрыторыі заапарка. Да пачатку праграмы заставалася пятнаццаць хвілін, а рабяты не зводзілі вачэй з басейна: парачка дэльфінаў “наразала” кругі і час ад часу наталяла цікаўныя позіркі – паказвала свае шэрыя бачкі.
Праграма пачалася. Самыя маленькія гледачы, Кірыл і Насця, ажно паўставалі са сваіх месцаў, каб не прапусціць ніводнага скачка і руху дуэта дэльфінаў. А старэйшых хлопчыкаў уразіў мо¬мант, калі рыбы з вады выкідвалі на імправізаваную сцэну свайго дрэсіроўшчыка. Нават Віталік, які
падчас паездкі трымаўся адасоблена, падсеў да мяне і папрасіў паздымаць фотаапаратам. Падлетку хацелася захаваць у памяці шчаслівыя імгненні.
Дзясятак пытанняў, накшталт: чым дэльфіны харчуюцца, дзе водзяцца, пасыпаліся славесным градам на дарослых пасля заканчэння праграмы. Малышы не паспелі даслухаць адказы, таму што пачыналася падарожжа ў жывёльны свет.
У гэты дзень заапарк адзначаў свой дзень нараджэння. Большасць жывёл сядзела ў цёмных закутках клеткі ці ўвогуле не паказвалася з адмысловых норак – не толькі людзям, але і “братам меншым” было горача. Насця бегла наперадзе, на шыльдзе па складах чытала назву жывёлы і знаёміла з жыхарамі клеткі астравецкую групу. Зубр, буры мядзведзь, лісы, свінкі, стракатыя папугаі, белыя пугачы – якіх толькі жывёл няма ў заапарку. А яшчэ хлопчыкі і дзяўчынкі бачылі разнастайных рыбак у вялікім акварыуме: маленькіх, бы пясчынкі, вялікіх цёмна-сініх, як пераднавальнічнае неба, і амаль белых.
З вялікім задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі адрывалі невялікія камячкі ваты ад вялізнага, пульхнага “воблачка” і елі, прыжмурыўшыся ад задавальнення.
Сіл больш не было, здавалася, што эмоцый больш не хопіць ні на што. Аднак гэта толькі ў дарослых. Дзеткі яшчэ цэлую гадзіну каталіся на каруселях, з’яджалі з горак і скакалі на батуце. У васьмігадовага Лёшкі атрымалася нават перакуліцца ў паветры – і не адзін раз.
…Мікрааўтобус аддаляўся ад сталіцы, а ў салоне не сціхала дзіцячае шчабятанне. Шчаслівыя, хаця стомленыя, дзеці дзяліліся ўражаннямі. Каля мяне сядзела Кіра. Дзяўчынка нечакана дакранулася да маёй рукі і запытала:
– А мы яшчэ паедзем у дэльфінарый?
Колькі каштуе шчасце? Уласнае… Чужое, дзіцячае… Шчасце не мае кошту. Гэта ў нашым дарос¬лым свеце шчасце часам вымяраецца кватэрамі, машынамі, уборамі… А для дзяцей хапае толькі марожанага і – мамы.
Як сказаў Дзімка, які па збегу абставінаў зараз знаходзіцца ў дзіцячым сацыяльным прытулку, што б мама ні рабіла – піла, крала, швэндалася па свеце – усё роўна яна заўсёды будзе самай леп¬шай, дарагой і любімай…
Можа, і нам дарослым трэба вяртацца са свайго “грашовага” свету і на час забываць “правілы джунгляў”? Зрабіць шчаслівым маленькага чалавечка хоць на адно імгненне – гэта так проста! А шчасце мае адну асаблівасць: яно таксама падпарадкоўваецца закону “шасці поціскаў рукі”.
-------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
