День смеха отметили островчане

2
У Дзень смеху астравецкія “культурысты” збіраюць гледачоў, сяброў, аматараў жартаў і “прыколаў” у кінаканцэртай зале “Астравец” на гумарыстычнае шоу “32 сакавіка”. Сёлета для астраўчан перафразаваныя словы Гамлета – быць або не быць на мерапрыемстве – вось у чым пытанне? – стаялі асабліва востра: зала была запоўнена (з вялікай нацяжкай!) на чвэрць. Аднак тыя, хто ў гэты дзень “здрадзіў” тэлевізару, канапе або прыгатаванню вячэры, адназначна не прагадалі і падоўжылі сабе жыццё, калі верыць, што гэта можа зрабіць смех.

Вядучыя Павел Букель і Руслан Юргелянец з’явіліся на сцэне “падфрачаныя” і “пад бабачкамі” – пачалі… Як вы думаеце: з чаго? Канешне, з запрошаных на мерапрыемства гасцей, якія ўзялі – ды і прыйшлі. Арцёма Глушчанку, які ў сваёй асобе прадстаўляў “атамнага спонсара”, чакаў намёк пра тое, што каляровы прынтар у раённым Доме культуры зламаўся ў далёкім 1994 годзе, таму нядрэнна было б набыць новы. Бармэн Дзіма з рэстарана “Вясёлка” па словах вядучых, не мае патрэбы ў прадстаўленні – гэтага чалавека ведае ўвесь Астравец. Госцю нумар два пасля невялікага допыту прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў бяспройгрышнай латарэі (чытаць: “лахатроне”). Так “градуснік” знайшоў свайго гаспадара, які працуе з “градусамі”.
Карэспандэнт раённай газеты Алена Гануліч даведалася аб тым, што “Астравецкую праўду” чытаюць не толькі ў нашым раёне і ў Беларусі – але і ў Лондане, дзякуючы перакладчыку google.
А вось дырэктару аздараўленчага летніка “Ластаўка” Арцёму Шатраўскаму вострыя на язык вядучыя падкінулі ідэю стварэння летніка для дарослых з саўнай і басейнам.
Знаёмства з гасцямі скончылася, і пачалося знаёмства з самімі першакрасавіцкімі жартаўнікамі: сёлета “культура” папоўнілася маладымі спецыялістамі, якія, як паказала гумарыстычнае шоу, не адстаюць ад аксакалаў, але яшчэ спаўна не адчулі на сабе ўздзеянне астравецкага “сарафаннага радыё”.
Рубрыка “Відэанавіны” пазнаёміла прысутных з асноўнымі падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, раёне і ў жыцці людзей. Так, хакейная каманда паўстала на экране ў выглядзе бараноў, мужчына, які вяртаецца дадому ў пятніцу вечарам, – “падгулялым” катом, які літаральна “сцелецца” па лесвіцы, а пастаянныя наведвальнікі “Галактыкі” пераўтварыліся ў танцуючых папугайчыкаў.
Дарагія дзяўчаты, калі ваш малады чалавек прыходзіць на спатканне з вамі з чырвонымі вачамі і без грошай на пластыкавай картцы, ведайце: усяму віной не красуні на высокіх абцасах, а “танчыкі” з камп’ютарнай гульні World of tanks. А невялікія кампаніі бабуль, якія “вырастаюць” пасля зімы на лаўках ледзьве не ля кожнага пад’езда, не перамываць вам косткі, а іграюць у гульню: па чарзе называюць “ласкавыя” слоўцы-характарыстыкі на апошнюю літару папярэдняга эпітэта.
У сваіх жартах работнікі астравецкай культуры не абышлі бокам медыцыну, спорт і сферу абслугоўвання – адным словам, жыццё ва ўсіх яго праявах.
Аляксандр Лях “паразважаў” на адвечную гендэрную тэму і правёў тонкія паралелі паміж мужчынамі і жанчынамі. Па яго словах, прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва заўсёды, куды б ні збіраліся, не маюць чаго апрануць, а вось мужчыны не сутыкаюцца з такой праблемай: на школьны выпускны, на работу, на вяселле яны апранаюць адзін і той жа касцюм – толькі сарочкі мяняюць.
У навінах “Рэха Астраўца” вядучым суфліравала само рэха: замест назвы нашага горада гледачы чулі назву жывёлы, а імя вядучага трансфармавалася ў прадстаўніка нетрадыцыйнай арыентацыі.
Лірычныя і музычныя ноты ў сугучча жартаў, анекдотаў і сцэнічных замалёвак унеслі ўдзельніцы конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Зорны дождж”.
Вельмі складана “апрануць” жарты ў прыгожыя словы, а яшчэ больш складана – перадаць атмасферу весялосці і добрага настрою. Гэта трэба было бачыць і чуць. І дзве гадзіны гумарыстычнага шоу цалкам апраўдалі цэлы Дзень смеху. Жартаваць не толькі з калегі, сябра, суседа, але яшчэ і з сябе – трэба ўмець рабіць гэта з густам. І ў ідэйных натхняльнікаў, стваральнікаў і рэалізатараў шоу “32 сакавіка” ён аказаўся нядрэнным. Прыходзьце ў наступны раз і вы за сваёй порцыяй смеху – а тэлевізар, канапа або непрыгатаваная вячэра пачакаюць.


----------------------------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ, фота аўтара
.