День Победы отметили в Островецком районе

Святкаванне Дня Перамогі ў нашым раёне пачалося 8 мая з традыцыйнага аўтапрабегу па вёсках раёна. Ля помнікаў загінуўшым землякам, салдатам Вялікай Айчыннай вайны прайшлі святочныя мерапрыемствы, удзельнікамі якіх сталі супрацоўнікі Астравецкіх райвыканкама і райваенкамата, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, актывісты грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі мясцовай улады, працаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, педагогі, школьнікі і выхаванцы дзіцячых садкоў. Суправаджалі аўтапрабег пагранічнікі і аркестр духавых інструментаў школы мастацтваў.


9 мая сёлета выдалася радасным і запамінальным. Надвор’е парадавала з самага ранку. Сонейка свяціла ярка і прыпякала. А наперадзе ўсіх удзельнікаў і гасцей свята чакаў яшчэ не адзін сюрпрыз.
Удзельнікі мітынгу збіраліся на цэнтральнай плошчы, віншавалі адзін аднаго з Днём Перамогі пад акампанемент святочнага выпуску раённага радыё.
На жаль, у свята ёсць і сумная нотка: з кожным годам сведкаў тых далёкіх ваенных падзей становіцца ўсё менш – на сённяшні дзень у раёне ў жывых засталося толькі 15 ветэранаў вайны і 18 вязняў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў – і нямногія з іх змаглі прыехаць на свята.
Даносяцца гукі аркестра, застылі ў ганаровай варце ля помніка ваеннаслужачыя аддзела пагранічнай службы “Гудагай” і піянеры – вучні СШ №1 Астраўца. І вось святочная калона прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў Астравеччыны падыходзіць да помніка.
Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь – і пачынаецца мітынг, прысвечаны Дню Перамогі і Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. У сваім выступленні старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька гаворыць пра сімвалічнасць гэтых дзяржаўных святаў. Гучаць словы віншавання – і сэрца кожнага адлічвае секунды хвіліны маўчання, як сімвалу вернасці духу і веры ў перамогу.
Слова для выступлення прадастаўляецца старшыні раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Р.А. Герту, раённаму ваеннаму камісару Р.А. Курлову, першаму сакратару Астравецкага раённага камітэта ГА БРСМ А.П. Лазаравай, начальніку аддзела пагранічнай службы “Гудагаай” А.В. Астрэліну. Гучаць залпы святочнага салюта – і ўрачыстым маршам па пляцы праходзяць пагранічнікі.
Прадстаўнікі арганізацый ускладваюць кветкі да помніка.
Асаблівая ўвага ў гэты дзень да ветэранаў і былых вязняў фашысцкай няволі – падчас мітынгу іх віншуюць са святам прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Астравеччыны і актывісты раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, якія кожнаму ветэрану ўручылі падарункі і кветкі. У неба ўздымаюцца сотні шароў з надпісамі “Белая Русь” – як сімвал мірнага, светлага і шчаслівага жыцця.
І адразу ж пачынаецца другая частка святочнага мерапрыемства, якая праходзіць у лесапаркавай зоне. Святочная канцэртная праграма адкрываецца паказальнымі выступленнямі гервяцкіх стрытбалістаў. Старэйшыя школьнікі – тыя самыя, якія ў мінулым годзе выйгралі першынства вобласці – паказваюць майстар-клас. Дарэчы, гервяцкія стрытбалісты “засвяціліся” не толькі ў нашай вобласці, яны ўжо выйшлі на міжнародны ўзровень: 15 мая гервяцкая каманда адправілася абараняць гонар нашай краіны на спаборніцтвах па стрытболе ў Разані.
Эстафету ў спартсменаў пераймаюць атрысты. На сцэне летняга амфітэатра пачынаецца тэатралізаванае дзейства. Вельмі важна данесці маладому пакаленню праўду пра вайну – у астравецкіх артыстаў гэта атрымалася: расповед пра ваенныя падзеі, песні ваенных гадоў, прывал паміж баямі….
Але на гэтым канцэртная праграма не закончылася – наперадзе жыхароў і гасцей Астравеччыны чакалі яшчэ патрыятычная і эстрадная частка канцэрта. Сёлета самадзейныя артысты прапанавалі гледачам 60 нумароў.
А пакуль артысты весялілі ўсіх песнямі і танцамі, аддзел фізкультуры, спорту і тырызму запрашаў памерацца сіламі ў гульнях у шашкі, падыманні гіры, дартсе, армрэстлінгу і перацягванні каната. Усе, хто не пабаяўся, былі ўзнагароджаны – для пераможцаў у кожным відзе аддзел фізкультуры падрыхтаваў падарункі.
Страсці кіпелі і на футбольным полі. Спачатку ў гульні ў міні-футбол сышліся каманды школьнікаў, на змену ім выйшлі дарослыя. Закончыліся футбольныя баталіі своеасаблівым майстар-класам – кожны мог прадэманстраваць майстэрства ў гэтай гульні.
Сярод дзяцей малодшага ўзросту найбольшым попытам карысталася надзіманая горка – жадаючых з’ехаць з яе было вельмі шмат. Школьнікі не адыходзілі ад століка, дзе можна было намаляваць сабе тату.
Сваю лепту, і вялікую, у святкаванне Дня Перамогі ўнёс філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства: пах шашлыкоў і свежавыпечаных булачак разносіўся па ўсім лесапарку. Порцыю радасці атрымалі і аматары самаробных вырабаў – у гэты дзень яны змаглі прадэманстраваць свае творы – прыгожыя рэчы з саломкі і гліны, бацік і вышыванкі.
Бліжэй да вечара святкаванне Дня Перамогі перамясцілася ў цэнтр горада – тут прайшлі канцэрты народнага хору ветэранаў працы і “Польскага рэха Астраўца”.
А кульмінацыяй свята стаў святочны салют, на які сабралася мноства людзей. Было такое адчуванне, што ў гэты вечар усе дарогі вялі толькі ў Астравец. І спадзяванні шматлікіх гледачоў апраўдаліся. Праўда, салют цяжка апісаць словамі – гэта трэба бачыць. Упэўнена, хто сабраўся вечарам на набярэжнай возера адназначна не пашкадаваў. Выбухі грымелі адзін за адным, асвятляючы неба і ваду рознымі колерамі.
Свята, прысвечанае Дню Перамогі, атрымалася запамінальным, светлым і радасным!



-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара, А. ЮШЧУКА,
І. ПЕТРЫКА, Ю. ГОРЫДА.