День деревни отметили в Ворнянах
У нядзелю музыка і песні чуліся, напэўна, ва ўсіх кутках Варнянаў. І нават той, хто не ведаў пра адмысловае свята вёскі, спыняўся ля летняй танцпляцоўкі і забываўся пра тэрміновыя справы. Менавіта ў цэнтры, гістарычным “сэрцы” вёскі, разгарнуліся асноўныя мерапрыемствы канцэртнай праграмы “Вёсачка мая”.Даўно ўжо такая колькасць жыхароў Варнянаў, ці людзей, жыццё якіх так ці інакш звязана з вёскай, не збіралася разам: прыехалі і мінчане, і літоўцы, і самі варнянцы сцякаліся з “новай вёскі” і “хіміі” ў музыкальны эпіцэнтр свята.
На лавачках, якія абнавіліся да свята вёскі дзякуючы мясцовым уладам і старшыні сельскага Савета А.Ч. Вярбовічу, не было вольных месцаў. Аднак гэта не палохала людзей. Калі ты спазніўся на святочны канцэрт, складана было ўбачыць дзеянні на сцэне. Хіба што дзеткам можна было праціснуцца – і яны незаўважна ад мамаў праслізгвалі! Бо знаёмыя матывы грэлі маленькія вушкі. Вольга Валынец задорна выканала песню “Тры акорды”, Каця Літвін паведала гледачам пра “тры жаданні”, а Даша Нядвецкая саліравала з песнямі “Падары ўсмешку свету” і “Мама”. Не абышлося і без песні з любімых дзеткамі сучасных мультфільмаў “Барбарыкі”. Завяршылі дзіцячы блок выступленняў роставыя лялькі. Леў і карова разам з усімі жадаючымі малышамі вадзілі карагод, а калі скончылася музыка, малышы неахвотна пакідалі сцэну.
Фальклорны блок канцэртнай праграмы прывітальнай песняй адкрыў народны ансамбль народнай песні “Світанак”. У выкананні “народных” дзяўчат гучалі і такія песні, як “Напякла кума бліноў”, “Цячэ рэчка каламутна”. А аўтарскія песні Людмілы Кухарэвіч настолькі палюбіліся слухачам, што сталі народнымі.
Сваімі моцнымі, мілагучнымі галасамі і эстраднымі кампазіцыямі ўсіх прысутных радавалі супрацоўнікі Варнянскага СДК – Мая Ляшчэўская, Наталля Літвін. У гэтым дзяўчатам дапамагалі і сябры з Астравецкага РДК, Мальскага, Гудагайскага, Варонскага сельскіх Дамоў культуры.
Выпускніцы Варнянскай школы мастацтваў зачароўвалі рухамі іспанскага, цыганскага танцаў і танга. А некаторыя гледачы па-свойму падтанцоўвалі ў такт мелодыі, таму што паўтарыць з першага разу замыславатыя рухі без падрыхтоўкі і дапамогі прафесіянала Таццяны Вітольдаўны Клышко, наўрад ці атрымаецца.
У цыганскім табары, які завітаў на варнянскую сцэну, з першага пагляду складана было пазнаць Маю Ляшчэўскую, Аляксандра Альховіка, Яўгенію Варановіч і Віктара Рудзінскага. Кампазіцыю “Не гадай на лёс” пранікнёна выканала Вольга Бабойць.
А вядучыя, Наталля Стакун і Антон Блашкевіч, як і выканаўцы, не пераставалі здзіўляць: тры разы на працягу канцэртнай праграмы памянялі свае ўборы.
Увагу мамаў і татаў, бабуляў і дзядуляў адцягвалі дзеткі, таму што пах попкорну казытаў носікі і не даваў спакою. А яшчэ дзяўчынкі і хлопчыкі прасілі дарослых набыць цацкі, якія вабілі вока стракатай афарбоўкай з гандлёвых радоў, і салодкія “воблачкі” бялюткай ваты.
Ніхто з дзяцей і дарослых, якія спрабавалі ўхапіць “за хвост” удачу ў латарэі, не застаўся без падарунка.
А затым на сцэну танцпляцоўкі завіталі два вясёлыя клоўны, ролю якіх бліскуча выконвалі навучэнцы Гродзенскага каледжа мастацтваў Дзяніс Шыманец і Даша Папавічэнка. У конкурсе “Грымаскі” вядучыя прапанавалі малым паўтарыць выраз мамінага твару, калі яна злуецца або нечым не задаволена. Дзеці не прымусілі чакаць сябе – затое мамы былі, як кажуць, “у шоку!”.
На працягу трох гадзін таленавітыя артысты радавалі варнянцаў і гасцей вёскі сваім выступленнем. А тых, каму ўсё ж такі не хапіла эмоцый і запалу, чакала дыскатэка. Дзякуючы дапамозе мясцовых уладаў, праўлення СВК “Варняны”, артыстаў з суседніх Дамоў культуры свята атрымалася на славу: спявалі і весяліліся ўсе разам.
------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
