Дарья Кривицкая в жизни старается быть проще
Тыя, хто назіраў за конкурсам маладых выканаўцаў эстраднай песні “Зорны дождж-2014” або сачыў за ім на старонках нашай газеты, напэўна, былі ўражаны талентам дзяўчат – харызматычных і лірычных, эмацыянальных і стрыманых, статычных і разнапланавых… Яны адказна рыхтаваліся да кожнага тура. Прымяралі не толькі новыя сукенкі і вобразы – шукалі сябе на сцэне і ў рэпертуары… Аднак, як і належыць, перамагла ў конкурсе толькі адна ўдзельніца – Дар’я Крывіцкая.На сцэне яна заўсёды паўставала ў новых вобразах: то лірычная гераіня, то запальная выканаўца року, то рамантычная прыгажуня, то сімпатычная “хуліганка”. Нязменным заставаўся толькі яе голас – моцны, віруючы, які прабіраў да мурашак…
На сустрэчу з карэспандэнтам “Астравецкай праўды” Даша прыйшла ў джынсах і балетках – ніякіх навамодных прычосак, строяў і касметыкі. Жыццярадасная, усмешлівая, абаяльная дзяўчына, да таго ж і вакальна адораная.
ДА КОНКУРСУ
Для бацькоў яна стала навагоднім падарункам: дзяўчынка ў сям’і Крывіцкіх з’явілася на свет 2 студзеня 1998 года ў астравецкай бальніцы. Характар у Дашы пачаў праяўляцца дзесьці ў гады тры. Часта ў магазіне малая “давала” канцэрты, калі мама нешта не хацела купляць дачушцы. Пагэтаму пакупнікоў у магазіне, якія станавіліся сведкамі гучных дзіцячых “Купі!”, можна смела называць першымі дашынымі слухачамі.
Вакальныя і артыстычныя здольнасці дзяўчынкі праявіліся яшчэ ў дзіцячым садку, калі яна дэбютавала ў пастаноўцы “Кошкін дом”. Дашы спадабалася! Пасля гэтага дэбюту без яе не абыходзілася ніводнае мерапрыемства. На сцэне Даша адчувала сябе як рыба ў вадзе. Калі ў садку дзяўчынка была лідарам дзякуючы сваім музычным здольнасцям, то ў школе з-за шматлікіх канцэртаў і раз’ездаў ёй было не да лідарства.
– Настаўнікам, канешне, не падабаецца, што я прапускаю ўрокі і не надаю належнай увагі ўсім прадметам, – гаворыць пераможца “Зорнага дажджу”. – Я вучаніца – “серадняк”. Магчыма, калі б у мяне было больш вольнага часу, яго я і траціла б на дадатковыя заняткі. (Задумалася). Але, калі шчыра, не ўпэўнена ў гэтым.
Музычны пачатак браў верх над вучобай. Бацькі запісалі дзяўчынку ў музычную школу, калі Дашы ледзьве споўнілася шэсць гадоў. Аднак педагогі сказалі прыходзіць толькі праз год – і Даша прыйшла на аддзяленне музычных інструментаў па класе акардэона.
– Тады мне, сямігадовай, здавалася, што гэта так проста – іграць. Перабірай пальчыкамі – музыка пальецца... Першы занятак стаў для мяне своеасаблівым расчараваннем: гэта цяжка, гэтаму вучыцца трэба. Аднак я наведвала заняткі ў музычнай школе ўсе сем гадоў і паспяхова яе закончыла. Але, калі шчыра, да акардэона ў мяне душа не ляжыць, куды больш падабаецца спяваць.
І аднакласнікі ўспрымаюць Дашу як дзяўчыну, якая пастаянна спявае. Аднак нямногія з іх ведаюць, што іх аднакласніца, пераможца конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Зорны дождж-2014”, не збіраецца прафесійна звязваць сваё жыццё з музыкай. Яна ўпэўнена, што трэба атрымаць прафесію, якая “пракорміць”. А музыка павінна заставацца захапленнем, кааб радаваць, бударажыць, ачышчаць і дарыць настрой. Калі музыка становіцца працай – нешта траціцца.
– Я лічу, што у наш час, калі ты маеш талент, але не маеш грошай і знаёмых, – усё роўна можна прабіцца на вялікую сцэну. Вядома, зараз ёсць шмат вакальна адораных юнакоў і дзяўчат, з якіх папулярнымі стануць толькі адзінкі, – гаворыць Даша. – Варта адэкватна ацэньваць свае сілы і верыць у сябе. Калі ты пераможаш свой страх, сваю няўпэўненасць, калі паверыш, што можаш, – толькі тады будзе за табой перамога. Я выступала на конкурсе “Масты надзей” – безвынікова. У мінулым годзе спрабавала свае сілы ў “Адной зямлі” – і таксама не стала прызёрам, – працягвае дзяўчына. – Але я верыла ў тое, што ў мяне ўсё атрымаецца, калі не з першай, дык з трэцяй або дзясятай спробы. І ўрэшце стала пераможцай “Зорнага дажду”, пры гэтым ніводнага разу не была ў ліку намінантак на выбыванне.ЗОРНЫ ДОЖДЖ
Даша дастаткова часта выступала на розных канцэртах па запрашэнні раённага Дома культуры, а вось пра конкурс даведалася выпадкова.
– Мне сказалі, што ў раёне будзе праходзіць конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні. Я прыйшла на кастынг, хоць не вельмі верыла ў тое, што прайду адбор. Але ўсё атрымалася. Першы тур запомніўся хваляваннем, ці правільна я падабрала рэпертуар. Мне здавалася, што я адназначна пакіну праект. Аднак кожная новая рэпетыцыя, кожны новы тур зацягвалі. Стала старанна займацца і больш адказна адносіцца да ўдзелу ў конкурсе. Мой педагог Таццяна Падгайская пастаянна нагадвала, каб я не хвалявалася. Аднак гэтая праблема не знікала: на рэпетыцыях у мяне ўсё атрымлівалася проста цудоўна, а вось на сцэне я трацілася, і голас дрыжэў. Пасля выступлення пакідала сцэну перакананая, што спявала дрэнна. Упэўненасць у сваіх сілах прыйшла толькі тады, калі зал пасля аднаго з выступленняў проста ўзарваўся – мяне выклікалі “на біс”. Тады я адчула, што змагу выйграць. У наступных турах я імкнулася пакінуць нервы за кулісамі, а на сцэне спяваць душой, пражываць кожную кампазіцыю.
Гэтая трансфармацыя, якая адбывалася з Дашай на сцэне, кранала і членаў журы, і глядацкую залу. Калі нават тэарэтычна ўявіць прадузятасць кагосьці з суддзяў, то гледачоў не падманеш. Паміж імі і выканаўцам усталёўваецца зваротная сувязь. Магчыма, менавіта яна, плюс та- лент, і прыводзіць да перамогі?
– Мне складана сказаць, чаму перамагла менавіта я. Што дапамагло: талент, педагог, шанцаванне ці ўдала падабраны рэпертуар і сцэнічны касцюм? Магу толькі сказаць, што песні я шукала сама, а потым прапаноўвала іх Таццяне Сяргееўне. Я выбірала тое, што мне падабалася, не звяртаючы ўвагі на стыль песні. Аднак у кожным туры была свая тэматыка, якой павінны былі прытрымлівацца канкурсанткі. Да прыкладу, у пошуках патрэбнай рэтра-кампазіцыі я “перакапала” літаральна “ўвесь інтэрнэт”. І ўпершыню выканала на сцэне джазавую песню. У туры, дзе мы павінны былі спяваць разам з фіналістамі мінулых “дажджоў”, на сцэне я проста “адрывалася” з Насцяй Пілецкай – столькі эмоцый, столькі запалу, энергіі і драйву! На фінал я выбрала песню Лары Фабіян на французскай мове з рускамоўным пры- певам (пераклад Л.Агуціна). Супадзенне або выпадковасць – не ведаю, але французскую мову калісьці выкладала мая бабуля, мама таты. І з выбарам кампазіцыі я, напэўна, не памылілася… Калі аб’яўлялі пераможцу конкурсу і я пачула сваё прозвішча, то вельмі ўзрадавалася, але стрымала эмоцыі. Словамі той стан складана перадаць. Першай павіншавала мяне з перамогай мой педагог. Да мяне падыходзілі маленькія дзяўчынкі і прасілі з імі сфатаграфавацца.
Задаю сваёй суразмоўцы правакацыйнае пытанне:
– Дык што, выходзіць, што Дар’я Крывіцкая – зорка?
Яна, не раздумваючы, адказвае:
– У раёне – магчыма, але не ў вобласці і не ў Беларусі.
Перамога ў конкурсе “Зорны дождж” дала дзяўчыне ўпэўненасць у сваіх сілах і яшчэ адно пацвярджэнне яе таленту, нягледзячы на тое, што на сцэне Даша – не навічок. Перамога падарыла ёй бясцэнны вопыт, новыязнаёмствы і сяброў. А яшчэ, як прызнаецца сама Даша, ноўтбук, які дзяўчына атрымала ў якасці прыза за перамогу, прыйшоўся дарэчы: да гэтага са старэйшым братам у іх быў адзін камп’ютар на дваіх.
ПАСЛЯ ПЕРАМОГІ
Даша не збіраецца звязваць свой лёс з музыкай. Педагог Таццяна Сяргееўна Падгайская раіць дзяўчыне паступаць у Інстытут культуры на эстраднае аддзяленне. Аднак сама Даша з выбарам прафесіі пакуль яшчэ не вызначылася. Цікаўлюся ў сваёй субяседніцы, хто ж стаў перша- адкрывальнікам яе вакальнага таленту.
– Першым мае вакальныя здольнасці прыкмеціў тата. Зараз яго работа не звязана з музыкай, але па прызванні ён – музыкант. Яго маці таксама спявала. Толькі гэтым летам я даведалася, што ў маладосці мой тата іграў у рок-групе. Аднак ён валодаў не толькі гітарай, але і фартэпіяна. Магчыма, ад яго мне і перадалася любоў да рок-музыкі. Складана паверыць, але ў 12 гадоў мне падабалася цяжкая музыка. Многія яе лічаць дэманічнай, толькі гэта насамрэч не так. Зараз я слухаю ўсё, што падабаецца: і поп, і той жа рок.
– Ці хацелі б вы трапіць на “Еўрабачанне? – цікаўлюся ў Дашы.
– А хто не хоча? – дзяўчына ўсміхаецца. – Калі марыць ужо зусім завоблачна, то я хачу цалкам рэалізавацца ў творчасці, стварыць групу – і спяваць уласныя песні.
Нягледзячы на тое што дзяўчына пакуль не вызначылася з тым, кім хоча стаць, я прапанавала Дашы прымераць на сябе які-небудзь казачны вобраз і ўявіць сябе ў будучым. Чытайце, што з гэтага атрымалася.
ПАПЯЛУШКА Ў КЕДАХ
► Праз 1 год.
– Ой, праз год мяне чакае шмат перажыванняў: выпускныя экзамены ў школе і паступленне. Дапусцім, да таго часу я ўжо вызначуся з прафесіяй, але вось у які ўніверсітэт буду падаваць даку- менты, мне пакуль цяжка сказаць. Тут стаіць выбар нават не паміж вучэбнымі ўстановамі, а паміж гарадамі. На абцасах я буду толькі выступаць на канцэртах!
► Праз 5 гадоў.
– Калі я буду вучыцца ў Мінску, то наўрад ці аддам перавагу туфлікам на абцасах, таму што давядзецца шмат бегаць па горадзе, хадзіць ва ўніверсітэт. Калі я апынуся ў Расіі, (тата Дашы зараз працуе там – заўв. аўт.), то толькі праездам. Нават складана ўявіць, што я магу вучыцца, да прыкладу, у Маскве. Там лёгка страціцца і страціць сябе. Аднак мне чамусьці здаецца, што ў мяне не будзе музычнай адукацыі. Аднак музыкай я ўсё роўна буду займацца і буду ўдзельнічаць у розных конкурсах.
► Праз 10 гадоў.
– Цікава… (Задумалася). Магчыма, я буду жыць у Астраўцы – мне падабаецца наш горад. Маё жыццё складзецца, напэўна, як і ва ўсіх: сям’я, дзеці… Аднак свайму сыну або дачцэ я адназначна буду прывіваць любоў да музыкі.
Як складзецца далейшае жыццё Дар’і Крывіцкай, пакажа час, аднак дзяўчына ўжо ярка паказала сябе на астравецкай сцэне і заявіла пра сябе як пра таленавітую вакалістку. Нягледзячы на прыемны і статус пераможцы конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Зорны дождж-2014”, Даша застаецца звычайнай, жыццярадаснай і вясёлай дзяўчынай, якая любіць бавіць цёплыя летнія вечары ля фантана разам з сябрамі, апранаць любімыя джынсы, хадзіць у кедах, іграць на гітары…
Вось толькі трансфармацыя Папялушкі ў сапраўдную прынцэсу, якая адбываецца з Дашай з кожным выхадам на сцэну, уражвае слухачоў. І справа тут не ў добра падабраным рэпертуары, касцюме і, канешне ж, не ў абцасах. Талент дзяўчыны бярэ сваё – і з яе голасам пранікае ў сэрца кожнага слухача.
БЛІЦ-АПЫТАННЕ
Я люблю… музыку, іграць на гітары і “адрывацца” на дыскатэцы.
Галоўнае ў жыцці… займацца любімай справай або пастарацца палюбіць сваю прафесію (калі, канешне, гэта магчыма), зарабляць грошы і мець добрую сям’ю.
За адну хвіліну можна паспець… падмаляваць адно вока (усміхаецца).
Я не магу жыць без… сяброў.
Я выберу чырвоную сукенку або джынсы… у залежнасці ад сітуацыі. На прагулку, канешне ж, пайду не ў сукенцы і не на абцасах. А вось на спатканне можна прыйсці і больш рамантычна апранутай.
Калі кветкі – то… бэз.
Калі музыка – то… тая, якая кладзецца на душу менавіта ў гэты мома нт. Любімых накірункаў зараз няма: магу слухаць і поп, і рок, і метал.
Па жыцці і ў стасунках я прытрымліваюся… выслоўя – імкніся быць простым, і людзі да цябе пацягнуцца.
АЛЕНА ГАНУЛІЧ
