Что ждёт островчан в День молодёжи?

Традыцыйна ў апошнюю нядзелю чэрвеня адзначаецца Дзень моладзі. Цікава, а як будзе ён праходзіць у Год моладзі?

За адказам на гэтае пытанне мы звярнуліся да арганізатара свята – начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталлі Уладзіміраўны Сянюць.


– Дзень моладзі ў Год моладзі – двайное свята, урачыстасць і важная падзея. Ці плануецца ў гэты дзень штосьці асаблівае?

– Можна сказаць, што гэта не двайное, а нават трайное свята, бо 27 чэрвеня супадае яшчэ і з адкрыццём Тыдня культуры. Таму, канешне, мы распрацоўваем цікавую, насычаную і разнастайную праграму.

– Дык што ж новага і незвычайнага чакае астраўчан у Дзень моладзі?

– Свята пачнецца з самага ранку і працягнецца амаль да раніцы наступнага дня. Калі вы ўбачыце на дарогах Астраўца незвычайныя рэтра-аўтамабілі ці неардынарны размалёваны транспарт – не здзіўляйцеся: гэта парад і выстава ўнікальнай тэхнікі, якія мы плануем правесці. Таму вялікая просьба да ўсіх уладальнікаў незвычайных, цікавых аўтамабіляў, якія адрозніваюцца ад іншых, паўдзельнічаць у выставе. Пасля параду ўся тэхніка будзе размешчана ў лесапаркавай зоне, дзе можна будзе з ёй сфатаграфавацца.

– А што наконт культурнай праграмы?

– З 11.00 у амфітэатры лесапаркавай зоны пачнецца канцэрт лепшых эстрадных выканаўцаў Астравецкага раёна. Тут жа пройдзе гульнявая праграма з конкурсамі і танцамі, будзе дзейнічаць выстава-конкурс аб’ёмных фігур з паветраных шароў. На стадыёне разгорнуцца спартыўныя спаборніцтвы і гульня ў пейнтбол.

Падчас святкавання ў лесапаркавай зоне будуць працаваць гандлёвыя рады, атракцыён “Горка”, продаж поп-корна. Словам, кожны зможа выбраць занятак і відовішча сабе па душы.

А яшчэ ў гэты дзень будзе праходзіць пленэр-конкурс графіці – актыўную дапамогу ў арганізацыі гэтага мерапрыемства аказвае вядомы астравецкі мастак-райтэр Дзяніс Ходас.

Аматары экстрыму падчас святкавання Дня моладзі змогуць узняцца ў неба на паветраным шары.

– Ого! Сапраўды насычаная, а месцамі нават і экстрэмальная праграма.

– І гэта яшчэ не ўсё. У 15.00, 16.00 і 17.00 адправяцца аўтобусы ў аграгарадок Гервяты. Там на адкрытай пляцоўцы, дзе праходзілі раённыя “Дажынкі”, працягнецца маладзёжнае свята. Гасцей сустрэнуць удзельнікі канцэрта творчых калектываў раёна са званнем “народны”. Пазней пройдзе раённы фестываль-

конкурс народнай песні і танца “Святочны карагод”, у якім змогуць прыняць удзел усе жадаючыя, а лепшых выканаўцаў чакаюць прызы. Тут жа будзе арганізаваны конкурс нацыянальнай кухні сярод сельгаскааператываў раёна. Акрамя гэтага, можна будзе падзівіцца на прыгожыя рэчы ў горадзе майстроў, у памяшканні Дома культуры атрымаць эстэтычнае задавальненне ад выставы работ мастачкі Бірутэ Куцкайтэ, і, вядома ж, стаць удзельнікам цікавай экскурсіі па касцёле святой Тройцы з праслухоўваннем арганнай музыкі.

Назад аўтобусы будуць вяртацца ў 19.00 і 20.00.

– А што рыхтуецца на “дэсерт”?

– У 20.00 у амфітэатры лесапаркавай зоны адбудзецца канцэрт беларускай групы “Тяни-Толкай”. А затым усіх запрашае “Галактыка” на тэматычную дыскатэку “Белая ноч”. Пажадана, каб у наведвальнікаў штосьці з адзення было белага колеру. Калі нехта пажадае прыйсці поўнасцю ў белым убранні – будзе проста цудоўна.

Дарэчы, свята працягнецца і ў нядзелю – у аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Рымдзюны прыязджае шоу-балет “Феерыя” з праграмай “Карнавал” (мастацкі кіраўнік Аляксей Кісялёў). Гледачоў таксама парадуюць зоркі Кубы – Барбара Граве дэ Перальта і Эдуардо Ферэр Санчас. Пачатак – у 15.00.

Спадзяюся, што ўсё запланаванае пройдзе на добрым узроўні, і Дзень моладзі ў Год моладзі запомніцца астраўчанам надоўга.


--------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.