Ценители поэтического слова встретились в Ворнянах

Аднойчы ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы” вырашалі: годзе засядаць у рэдакцыйным кабінеце, няхай сабе і гасцінным ды ўтульным. Пара выбірацца “ў людзі”. Прапанова паступіла адразу – ад Людмілы Іванаўны Кухарэвіч: “А давайце сустрэнемся ў Варнянах!”

І задуманая творчая сустрэча неўзабаве адбылася. У вызначаны дзень на маляўнічым дворыку ля Варнянскай вежы сабраліся аматары паэтычнага слова – настаўнікі Люся Уладзіміраўна Міхна, Ірына Станіславаўна Булькевіч, бібліятэкары Марыя Іванаўна Александровіч і Алена Іванаўна Багдановіч, мясцовы паэт Станіслаў Антонавіч Курыла, аўтар філасофскіх празаічных замалёвак Святлана Васільеўна Еўтушэнка, а таксама госці з Астраўца – творчая сям’я Варановічаў: тата Казімір Станіслававіч і дачка Вікторыя, удзельніцы літаб’яднання Таццяна Мечыславаўна Граблеўская, Алёна Ігараўна Гануліч і аўтар гэтых радкоў.
Тон размове задала арганізатар – Людміла Іванаўна Кухарэвіч, нага даўшы, што варнянская зямля спакон веку прыцягвала да сябе адораных людзей. Тут жылі і працавалі, пісалі вершы і прозу некалі – Стары Улас, у наш час – Валянціна Коўтун, Часлаў Навіцкі, Рычард Бялячыц, Лілія Бандарэвіч-Чарненка – украінская беларуска з Чарнігаўшчыны, у жыццёвай і творчай біяграфіі якой Варняны абазначаны асобнай старонкай. Жывы, зацікаўлены расповед пра кожнага аўтара, знаёмства з іх творамі злучылі цёплай повяззю ўсіх прысутных. Усе цясней уселіся проста на густым мурагу перад вежай і ўбіралі ў сябе хараство роднага слова. А дзе вершы гучаць, там і песні быць – вакальная група народнага ансамбля народнай песні “Світанак” пад кіраўніцтвам Наталлі Валер’еўны Літвін падаравала прысутным вяночак цудоўных народных напеваў, які дадалі ўсім лірычнага настрою, а дасціпная байка Тарэсы Зянонаўны Раткевіч – яшчэ і гумару.
А потым проста пачалося свята натхнення – па чарзе чыталі свае творы госці і гаспадары, усе разам захапляліся жывапіснымі палотнамі маладой мастачкі Вікторыі Варановіч і яе мамы Тарэсы Іосіфаўны, якая хоць і не прыехала на імпрэзу, але ў маленькім вернісажы паўдзельнічала, перадаўшы на выставу сваю пленэрную карціну “Варнянская вежа”.
Свята паэзіі не было шматлюдным, хутчэй – камерным, хоць і на прыродзе. Але гэтая “камернасць” надала яму асаблівай сардэчнасці і шчырасці.


-------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.
Фота Алёны ГАНУЛІЧ.