Быстрица отметила своё 625-летие

1
Здавалася б, што можа вярнуць былую гістарычную веліч Быстрыцы, першароднага месца Астравеччыны? Яна, як і большасць яе жыхароў, увайшла ў той ганаровы ўзрост, летуценна-настальгічны, калі жыццё рухаецца па прывычным, штодзённым коле… Як ніяк – 625 гадоў сёлета!

Аднак дзякуючы мясцовым жыхарам і пробашчу Казіміру Ляховічу час павярнуўся назад: Быстрыцу і яе галоўную святыню – касцёл Узвышэння Святога Крыжа – віталі сотні вернікаў з розных куткоў Беларусі. А больш за 80 маладых парафіян у гэты дзень атрымалі сакрамэнт канфірмацыі.


Прадмова

У маленькіх вёсках, у адрозненне ад гарадоў, захавалася ледзьве ўлоўная шчырасць яе жыхароў і супольны дух. Быстрыца – не выключэнне. Да свята рыхтаваліся разам: прыбіралі касцёл і прыкасцёльную тэрыторыю, наводзілі парадак ля сваіх дамоў… Гэтая ўтульнасць і спецыяльна вынесеныя з нагоды прыезду біскупа абразы ля кожнага дома, рознакаляровыя сцяжкі і надпіс пра 625-гадовы юбілей, не надрукаваны на камп’ютары, а старанна выведзены чыёйсьці рукой, –  лепшае сведчанне любові да сваёй маленькай радзімы.

Побач са старэнькімі бабулямі ішлі іх унучкі. На руках у таты спала гадавалая дзяўчынка. У людскім віры затраціўся мужчына на кавеньках. Я, верніца іншай парафіі, разам з дачкой і маці пераадолела чатырнаццаць кіламетраў па асфальтаванай і гравійнай дарогах на ровары… Кожны хацеў не толькі асабіста прывітаць біскупа, але і прыдачыніцца да вялікай справы, занатаваць праз уласныя ўражанні эпагей скарацечнага росквіту, пік людскога праслаўлення Быстрыцы, у гэты дзень – духоўнай сталіцы Астравеччыны.


Імша

На спецыяльна збудаванай ля касцёла  вялікай сцэне стаяў алтар, крыж – усё падрыхтавана для ўрачыстасці і для таго, каб кожны прыняў у ёй непасрэдны ўдзел.

Святую імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які спецыяльна прыехаў у Быстрыцу ажно з Гомеля – месца свайго пастаяннага знаходжання. На ўрачыстасці былі ксёндз Павел з Варнянскай парафіі, айцец Леанід з Гервят, ксёндз Раман з Кямелішкаўскага касцёла, айцец Анатоль з Міхалішак, ксёндз Павел з астравецкага касцёла святых Космы і Даміяна. Таксама ў Быстрыцу прыбылі ксёндз Валерый Быкоўскі і прадстаўнік грэка-каталіцкай царквы Беларусі і архімандрыда Сяргея Гаека айцец Аляксандр.

Пад адкрытым небам і сонечнымі промнямі сотні вернікаў маліліся разам са святарамі. Суправаджаў літургію хор “Голас душы”. Цяпер я разумею, чаму яго ўдзельнікі абралі для сябе такую назву. Іх галасы ўзялі ў палон сэрца з першых нот – і цалкам паланілі. І знікла стома, і не адчувалася спякота, і час спыніў сваё існаванне, і вымаўленыя сотнямі вернікаў словы малітвы “Ойча, наш” перапляталіся тут, ля Быстрыцкага касцёла, у адзінае шматгалосае праслаўленне Бога.


Казанне

Падчас святой імшы іерарх удзяліў сакрамэнт бежмавання больш чым 80 маладым парафіянам. Магчыма пагэтаму казанне дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца гучала як духоўны наказ маладым людзям; як словы бацькі, які выпраўляе ў вялікі свет сваё дзіця; як перасцярога неакрэпшай душы перад спакусамі сучаснага жыцця і як пажаданне не збочваць з абранай хрысціянскай дарогі.

– Вялікі рускі паэт Пушкін лічыў Біблію кнігай мудрасці, якая дае адказы на ўсе пытанні. Яна паказвае нам Бога. Ён – наш стварыцель, а мы – яго дзеці. І Бог гаворыць да кожнага: “Я заўсёды буду побач з табой, нават калі цябе забудзе родная маці, – адзначыў іерарх. – Генрых Сінкевіч, знакаміты польскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (які працаваў над “Панам Уладыеўскім” у нас, у Дубніках. – Заўв. аўт.), пісаў: “Паміраюць каралі і цары, распадаюцца дзяржавы, а святая імша адпраўляецца, як і раней.”

Казімір Велікаселец таксама распавёў выпадак з савецкіх часоў, калі ў Крэмль з візітам прыляцеў прэзідэнт Францыі генерал дэ Голь. Паміж кіраўнікамі дзвюх краін адбылася гутарка, падчас якой французскі прэзідэнт заўважыў: “Я – католік, і мой абавязак – зараз быць на імшы. У вас ёсць касцёл?”. Брэжнеў адрасаваў пытанне падначаленым, на што тыя адказалі: “У Маскве касцёл ёсць – але няма святара.” Прэзідэнта Францыі на самалёце павезлі ў Ленінград у касцёл на імшу.

– Калі я быў на рэкалекцыях у Рызе, то бачыўся з гэтым святаром, – прадоўжыў біскуп. – І ён пацвердзіў, што спецыяльна для прэзідэнта Францыі генерала дэ Голя адпраўляў святую імшу.

У сваім казанні іерарх закрануў тэму п’янства, а таксама звярнуўся да сумнавядомых падзей, якія разгортваюцца на Данбасе. І гэта ёсць ні што іншае, як праява таго, што людзі страцілі Бога і забыліся пра яго.

Пасля святой імшы ўсе прысутныя разам адгаварылі літанію да Сэрца Езуса і атрымалі ўрачыстае благаслаўленне Насвяцейшым Сакрамантам.


Канцэрт

Пашчасціла тым, хто адразу пасля імшы не разышоўся па дамах. Магчымасць паслухаць пра-фесійныя хоры і знакаміты ансам-бль, згадзіцеся, выдаецца нячас-та. Пранікнёны “Голас душы” і больш зямны хор “Czerwone ma-ki” змяніў фальклорны ансамбль “Тутэйшая шляхта”, удзельнікі якога не толькі ўзрадавалі сваімі аўтаэнтычнымі песнямі, але і гістарычнымі танцамі і ігрой на традыцыйных беларускіх музычных інструментах.

Вяртаючыся да апошніх – так, жалеек, акарын, дудачак… Сярод шматлікіх прадаўцоў пеўнікаў, пернікаў і салодкіх цукерах не згубіўся і сапраўдны Майстар, знаўца душы гэтых музычных інструментаў. На свята па запрашэнні ксяндза Казіміра Ляховіча прыехаў яго аднавясковец Мар’ян Скрамблевіч – знакаміты май-стар народных музычных інструментаў, якога журналісты ахрысцілі “чалавекам-аркест-рам”, а Рада Міністэрства культуры яго творчасць занесла ў дзяржаўны спіс гісторыка-куль-турнай спадчыны Беларусі. Як пра пісьменніка лепш гавораць яго кнігі, а пра мастака – яго палотны, так і пра Мар’яна Антонавіча лепш за музыку яго рукатворных дзяцей ніхто не распавядзе. І такая магчымасць – пачуць голас акарын, дудачак і жалеек – у жыхароў і гасцей Быстрыцы была на наступны дзень пасля ўрачыстасці: Мар’ян Скрамблевіч даў невялікі канцэрт.


Эпілог

У апошнюю суботу чэрвеня ўсе духоўныя дарогі, прынамсі на Астравеччыне, вялі ў Быстрыцу. І сэрца радавалася, і цешылася душа, што хоць бы на адзін дзень гістарычнае мястэчка нашага краю ажыло, а касцёл Узвышэння святога Крыжа ізноў пачуў такую колькасць малітваў…

У канцы маёй роварнай пілігрымкі на Быстрыц-кую ўрачыстасць, мясцо-вая жыхарка, якая нека-лі дзяўчынкай спявала ў касцельным хоры, прызналася, што моцна плакала падчас імшы – яна ніколі не бачыла Быстрыцу такой…


------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.

Фота аўтара і Юрыя ГОРЫДА.