Будут ещё в Больших Якентанах праздники!

Вялікія Якентаны – вёска з гісторыяй, якую адлічвае з 1546 года, за пражытыя стагоддзі змяніла не аднаго ўладальніка, аж пакуль гаспадарамі на роднай зямлі не сталі самі вяскоўцы. Ведала яна гады сапраўднага росквіту, калі тут працавалі магазін, пачатковая школа, фельчарска-акушэрскі пункт. На жаль, паселішча трапіла ў разрад неперспектыўных, і гэтых аб’ектаў інфраструктуры ўжо няма. Але вёска жыве!

Зараз у Вялікіх Якентанах налічваецца 26 жыхароў. Самаму старэйшаму – Раману Уладзіміравічу Маркуну споўнілася 80 гадоў, самаму юнаму – Збышаку Белыку – амаль два. Раман Уладзіміравіч усё жыццё працаваў у калгасе механізатарам, яго жонка Гэлена Альфонсаўна вучыла дзетак у Вяліка-Якентанскай школе. Побач з ёю настаўнічалі Генуэфа Станіславаўна Пячкоўская – цяперашняя стараста вёскі, Вераніка Яраславаўна Міжыгурская. Вельмі паважаныя ў вёсцы людзі вывелі ў самастойнае жыццё не адно пакаленне якентанцаў. А якія яны майстрыхі – і вышываюць, і вяжуць, і шыюць!
Вёска старэе разам са сваімі жыхарамі. Але Вялікім Якентанам, падобна, хуткае старэнне не пагражае. Ёсць тут маладыя сем’і Герасім, Замара, Карвецкіх, якія шчыруюць у СВК “Гервяты”, рупна вядуць хатнюю гаспадарку, даглядаюць свае дамы і двары.
З добрымі словамі і шчырымі, душэўнымі пажаданнямі звярнулася да аднавяскоўцаў стараста вёскі Г.С. Пячкоўская, а таксама работнікі культуры В.А. Гайдуль, Д.М. Максімаў, Ч.Т. Раткевіч. Гучалі трапныя жарты, байкі, народныя і эстрадныя песні. Словам, свята ўдалося. А калі людзі ўмеюць весяліцца, старасць іх не адолее. І верыцца: будуць яшчэ ў Вялікіх Якентанах прыгожыя і радасныя святы!


-----------------------------------------------
Дзмітрый МАКСІМАЎ, бібліятэкар Дайлідскай бібліятэкі-філіяла.


Фота з сайта stalingrad-info.ru.