Будапешт, Вена, Прага - три европейские жемчужины. Путешествуем с Мариной Мацкевич

2
Восенню мінулага года сяброўка рашуча аб’явіла: “Збірай грошы! Летам, у водпуску паедзем у Прагу. Кажуць, там неверагодна прыгожа!” Гмыкнуўшы ў знак згоды – а пра сябе падумаўшы, што мая непастаянная і ўражлівая сяброўка за гэты час можа дзесяць разоў перадумаць – я праз некалькі хвілін забылася пра задуму падарожжа. Але нездарма кажуць, што думка – матэрыяльная. А слова – тым больш. Сёлета мне сапраўды ўдалося наведаць непараўнальна прыгожыя еўрапейскія гарады-жамчужыны: Будапешт, Вену і Прагу.
Калі вярнулася пасля падарожжа і мяне прасілі падзяліцца ўражаннямі, часта адказ абмяжоўваўся адным-двумя сказамі. Не хапала слоў, каб расказаць і апісаць убачанае! Эмоцыі зашкальвалі і выліцца ў нармальны, звязны расповед ніяк не маглі. І толькі праз некаторы час, калі бура эмоцый ўляглася, а мозг і памяць больш-менш змаглі аднаўляць падзеі ў храналагічным парадку, вырашыла падзяліцца ўражаннямі ад дзіўнага і непаўторнага падарожжа па трох гарадах Еўропы.

Будапешт


Адразу адзначу, што ранней далей Расіі і Украіны я не выязджала. Таму да будучага падарожжа рыхтавалася з радасным нецярпеннем. У чарговы раз пацвердзілася жыццёвая ісціна: чаканне прыемнай падзеі не менш прыемнае, чым сама падзея. У прызначаны дзень мы селі ў камфартабельны турыстычны аўтобус і… да пабачэння, Радзіма! Прывітанне, Еўропа!


Васямнаццаць гадзін – і праз прызму лёгкай паўдрымоты чую голас суправаджаючага гіда Святланы: “Добрай раніцы! Прачынаемся! Мы ўжо ў Будапешце!” Расплюшчыўшы заспаныя вочы, першае, што бачу праз акно, – неверагодна прыгожае ўзвышша, што патанае ў зялёным дыване дрэў, праз якія дзе-нідзе прабіваюцца невялікія, бы цацачныя, дамы. Блізкае і далёкае, сапраўднае і нерэальнае адначасова. Краявід, ад якога немагчыма адвесці вачэй. А яшчэ Будапешт сустрэў мяне, напаўсонную, шыкоўным кустом ярка-пунцовых ружаў. Дастойны прыём турыстаў!
Нягледзячы на ранні час – 6 гадзін раніцы! – з бадзёрай усмешкай і проста заражаючай энергетыкай нас сустракае экскурсавод Віктар. Забягаючы наперад, адзначу, што з гідам у Будапешце пашанцавала – ён не толькі расказваў гістарычныя факты, але разбаўляў паток інфармацыі цікавымі і забаўнымі гісторыямі і легендамі.
Сам горад Будапешт падзяляецца Дунаем на дзве часткі: раўнінную, спакойную і ўраўнаважаную Пешту і непакорную, наравістую, узгорыстую Буду (аказваецца, праз акно я бачыла высокі ў літаральным сэнсе нораў Буды). Наша падарожжа пачалося з Пешты, а калі дакладней – з праспекта Андрашы… Любуюся цікавымі будынкамі, якія мільгаюць за акном аўтобуса – і нядаўні сон як рукой зняло. А наш гід паведамляе, што гэта – прыгожая і прадстаўнічая вуліца горада, дзе размяшчаюцца самыя-самыя славутасці: Плошча Герояў, музей пошты, тэатр лялек, Венгерскі оперны тэатр… Ад пераліку мурашкі нецярпення пабеглі па скуры. Прачытаўшы жаданне ў нашых вачах, Віктар прапаноўвае пешаходную экскурсію. І беларускі дэсант высаджваецца на венгерскую зямлю. А дакладней – на Плошчу Герояў.
Гэта адна з найбольш вядомых плошчаў Будапешта. Тут заканчваецца праспект Андрашы і пачынаецца гарадскі парк. І, вядома ж, як і на любой плошчы, тут знаходзіцца некалькі помнікаў. Першы, які размяшчаецца ў цэнтры, уяўляе сабой высокую калону, на вяршыні якой знаходзіцца архангел Гаўрыіл на зямным шары з каронай караля і апостальскім крыжам. А непадалёк размяшчаюцца дзве паўкруглыя каланады – помнік героям Венгрыі, адкуль, напэўна, і назва плошчы. Тут жа знаходзяцца непасрэдна і самі героі – бронзавыя статуі прадстаўнікоў розных дынастый каралёў Венгрыі велічна і з хітрынкай зверху ўніз пазіраюць на цікаўных турыстаў. Колькі ўжо іх прайшло каля іх ног на іх памяці? Напэўна, сотні і тысячы тысяч.
Развітаўшыся з калонамі каралёў, Віктар вядзе нас у гарадскі парк з чароўнай назвай Варашлігет. Дарэчы, венгерская мова вельмі своеасаблівая і не падобная ні на адну з моў свету. Наш гід тым часам вядзе нас да самай цудоўнай і значнай славутасці парку – замка Вайдахуняд. Шчыра кажучы, калі ён неспадзявана і вельмі эффектна з’яўвіўся перад вачамі, аж дух за няло ад уражання. Чамусьці мне адразу ўспомніўся замак графа Дракулы. Не, ён не страшны ці жахлівы – наадварот, гэты будынак прыцягваў сваёй таямнічасцю, загадкавасцю і чароўнай прыгажосцю. Праўда, экскурсавод адразу разбіў мае ўяўленні аб даўнасці гэтага шыкоўнага замка. На самой справе Вайдахуняд быў пабудаваны ў канцы 19-га – пачатку 20-га стагоддзя. Прыгожы не толькі замак, але і яго ўнутраны двор. Дрэвы, кусты, клумбы кветак… Усе аформлена і пасаджана кампактна, утульна і з густам. Дарэчы, тут размяшчаецца скульптура Ананіма – невядомага аўтара хронікі гісторыі Венгрыі. Кажуць, калі патрымацца за яго аловак і загадаць жаданне – яно абавязкова збудзецца. А яшчэ камены мужчына пастаянна знаходзіцца пад прыцэлам фотаапаратаў, бо атрымаць здымак з каларытным летапісцам жадае кожны.
Час, адведзены на знаёмства з Пештай, пралятае хутка. І мы адпраўляемся ў Буду.
Перасякаеш Дунай – і такое адчуванне, што трапляеш у іншы свет. Узгорысты, непакорны, бунтарскі горад. Ну і, вядома ж, вельмі прыгожы! Асабліва ўразіў Рыбацкі бастыён, такое адчуванне, што перанеслася на некалькі стагоддзяў назад. Круглыя невялікія і большыя вежы, праёмы ў сценах, адкуль, магчыма, венгры абараняліся ад нападаў туркаў, вузкія вулачкі, вылажаныя камянямі, па якіх калісьці хадзілі каралі… Было адчуванне, што перад вачамі мільгаюць фрагменты цікавага дакументальна-гістарычнага фільма. Тым часам усёведаючы Віктар расказвае, што ў сярэднія вякі тут знаходзілася плошча, акружаная сцяной, дзе ішоў гандаль рыбай. І будайскія рыбакі ў выпадку нападу варожых войск абаранялі сваю плошчу. Такім чынам Рыбацкі бастыён стаў своеасаблівым помнікам адважным рыбакам. Сучасны від плошча набыла ў канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя, зараз яна акружана галерэяй з канічнымі шатровымі вежамі, аркадамі і балюстрадамі. Размяшчаецца бастыён на ўзвышшы, таму, каб трапіць у яго “сэрца”, трэба пераадолець некалькі немалых пад’ёмаў па лесвіцы. Затое, калі азіраешся назад, перад табой, як на далоні ляжаць маленькія домікі Пешты, і магутны Дунай пяшчотным коцікам лашчыцца літаральна ля тваіх ног. “Ух ты! Якая прыгажосць!” – чую побач захоплены голас. Дадаць няма чаго. Застаецца толькі моўчкі любавацца.
“А вось тут вы можаце крыху адпачыць, выпіць кубачак кавы і паспрабаваць марцыпаны – гэта адзін з нацыянальных прысмакаў. Цікавая, хачу сказаць вам, рэч. Марцыпаны можна любіць ці не, але раўнадушнымі да іх застацца немагчыма” – заахвочвае-запрашае нас Віктар. Ну як тут не прыняць такое заманлівае запрашэнне! Марцыпаны, канешне ж, паспрабавалі. Яны аказаліся сумессю здробненага ў муку міндалю і цукровага сіропу. Часам выкарыстоўваецца іншы арэх. Прысмак, шчыра кажучы, на аматара. Для мяне крыху засалодкі, але з кубачкам кавы без цукру – самае тое! Сто грамаў такога гасцінца каштуе прыкладна 0,5 еўра. Дарэчы, нацыянальная валюта ў Венгрыі – форынт. Але ў турыстычных кропках ахвотна разлічваюць і ў еўра.
На гэтым аглядавая экскурсія скончылася. Вечарам нас чакала прагулка на караблі па Дунаі, а пакуль – вольны час. Які, зразумела, ніхто не збіраўся праводзіць у гасцініцы. Крыху адпачыўшы і аднавіўшы сілы, поўныя энтузіязму і прагі прыгод мы з сяброўкай адправіліся на прагулку па Будапешце.
І прыгоды не прымусілі сябе чакаць. Першыя – моўны бар’ер. Паўтаруся, венгерская мова – вельмі своеасаблівая і не падобная ні на якую іншую. А нам трэба было паглядзець горад, наведаць цікавыя месцы і дабрацца да адзначанага пункта для вячэрняй прагулкі на цеплаходзе. Пры гэтым, акрамя карты горада, на якой было штосьці напісана на незразумелай мове, у нас больш нічога не было. Не буду падрабязна апісваць, як мы асвойваліся ў чужым горадзе, адзначу толькі, што часам сітуацыя нагадвала блуканні герояў у вядомым фільме “Брыльянтавая рука”. Аднак мы пакаталіся на трамваі чырвонай лініі будапешскага метро (яшчэ ёсць сіняя і жоўтая лініі), акунуліся ў глыбінку горада і прайшліся па ціхіх вулачках, зазірнулі ва ўтульнае кафэ, дзе на дрэннай англійскай і “на пальцах” усё ж здолелі зрабіць заказ – і галоўнае, у патрэбны час мы былі на месцы збору для вячэрняй прагулкі на цеплаходзе. Пасля мы нават жартавалі: калі мы знайшлі дарогу ў Будапешце – знойдзем усюды.
Тым часам нас ужо чакалі на цеплаходзе. І не проста чакалі, а падрыхтаваліся, як мае быць. Маладыя матросы віталі на палубе старанна вывучаным “Добры дзень!”, уручалі бакал халоднага шампанскага і праводзілі за столікі, дзе гарэлі свечкі, а лагодны, закалыхваючы, спакойны голас усё таго ж Віктара, як казку, расказваў пра сталіцу Венгрыі. Вячэрні Будапешт аказаўся яшчэ больш прыгожым, чым дзённы. Ён падміргваў-пераліваўся шматлікімі агнямі падсветак; велічныя будынкі, здаецца, плылі на беразе Дуная, а кожны з мастоў, пад якімі мы праплывалі абяцаў выканаць нашы жаданні. Бы зачараваныя, мы проста глядзелі і атрымлівалі задавальнення ад гэтай казкі. Думаю, у той момант гэты горад узяў у палон не адно сэрца.
Там жа, на пяшчотным люстэрку Дуная, у які глядзіцца вячэрні Будапешт, застаўся кавалачак і маёй душы.



Вена


Велічная і гордая, непрыступная і прыгожая, шыкоўная і дарагая… Тут жылі і стваралі шэдэўры Моцарт і Бетховен, Шуберт і Штраус…
Сталіца Аўстрыі сустракае нас сонцам і… пранізлівым халодным ветрам. Быццам адразу папярэджвае: не забывайце, вы – усяго толькі госці на гэтай велічнай зямлі.


Знаёмства з горадам пачалося з плошчы Марыі Тэрэзіі – герцагіні Аўстрыі, заснавальніцы Латарынгскай галіны дынастыі Габсбургаў, словам, моцнай, разумнай жанчыны і кіраўніка, якая зрабіла шмат для Аўстра-Венгрыі. Помнік ёй знаходзіцца ў цэнтры плошчы. А вакол – раўнюткая гладзь газонаў, а таксама шара- і цыліндрападобныя невядомыя мне кусты-расліны, пад якімі так хацелася адпачыць, пачытаць кнігу ці проста пасядзець у цішыні. Што паспяхова зрабілі некалькі групак моладзі: адны нешта заўзята абмяркоўвалі, другія штосьці шукалі ў ноутбуках, а трэція проста адпачывалі. Па баках плошчы насупраць адзін аднаго знаходзяцца два будынкі-блізняты неарэнесанснага стылю: прыродна-гістарычны і мастацка-гістарычны музеі. Словам, амаль як у той казцы: направа ці налева пойдзеш, усё роўна ў цікавае месца трапіш. А калі прама крыху далей пройдзеш, куды і павяла нас экскурсавод, – трапіш у Хофбург.


Хофбург – гэта зімняя рэзідэнцыя аўстрыйскіх Габсбургаў. Хоць, як сведчыць гісторыя, сам замак быў пабудаваны задоўга да іх праўлення. Ужо ў 13 стагоддзі аўстрыйскія каралі жылі менавіта тут. Затым кожны з імператараў дынастыі Габсбургаў працягваў пашыраць і перабудоўваць рэзідэнцыю. Такім чынам, Хофбург уяўляе сабой некалькі дворыкаў. Кожны з якіх – сапраўднае выпрабаванне для ўражлівага турыста. Мне вельмі спадабаўся невялічкі дворык, дзе на дрэве растуць сапраўдныя лімоны, прамавугольная клумба стракаціць кветакамі, а невялікі фантан прыемна цурчыць і супакойвае мілагучнай песняй. Магчыма, менавіта сюды прыходзілі Габсбургі, каб адпачыць ці падумаць перад прыняццем важнага рашэння…
Зараз у частцы пакояў Хофбурга размяшчаецца рэзідэнцыя прэзідэнта Аўстрыі. А яшчэ на тэрыторыі замка адзін з Габсбургаў пабудаваў іспанскі манеж, які існуе і зараз. Гэта месца, дзе прыгожыя ліпіцыянскія коні іспанскай школы верхавой язды грацыёзна і элегантна выступаюць і вальсіруюць пад класічную музыку. Як паведаміла экскурсавод, гэтая парода каней – рэдкая, і выкарыстоўваецца спецыяльна для такіх выступленняў. Дарэчы, парода незвычайная, бо нараджаюцца жывёлы з цёмнай афарбоўкай скуры і поўсці, а затым з часам паступова святлеюць. Калі яны становяцца зусім сівымі, іх можна рыхтаваць да выступлення. Выступленні ліпіцыянскіх коней адбываюцца па выхадных, і білеты на іх каштуюць ад 100 да 200 еўра. Кожны месяц ім, як і людзям, выплачваюць зарплату, штогод яны адпраўляюцца ў водпуск у спецыяльны пансіянат для коней. А калі надыходзіць час ісці на пенсію – у іх таксама ёсць такі крызісны момант – жывёлы адпраўляюцца ў гэтыя ж пансіянаты, дзе іх даглядаюць і клапоцяцца за сродкі, накопленыя за час працы ў іспанскай школе верхавой язды. Вось такое жыццё ў ліпіцыянскіх коней.
Атрымаўшы непаўторныя ўражанні ад наведвання Хофбурга, мы думалі, што здзіўляцца нечаму ўжо будзе немагчыма. Ды дзе там! Бо ўжо выйшлі на Грабэн і Гартэн Штрасе – дзве буйнейшыя гандлёвыя вуліцы Вены. Дзе крочаць побач гістарычныя помнікі і сучасныя брэндавыя магазіны, дзе можна ўбачыць жывых венцаў эпохі Габсбургаў у парыках і камзолах і рознакаляровых суперсучасных нефармалаў, дзе водар свежаспечаных прысмакаў зліваецца з тонкім шлейфам дарагога парфуму, і ад прыгажосці і разнастайнасці арыгінальных сувеніраў стракаціць у вачах. “Ты не перастаеш здзіўляць мяне, Вена”, – праносіцца ў галаве. І я настройваюся на новыя ўражанні.
Яны не прымушаюць доўга чакаць. Бо наперадзе – сабор святога Стэфана. Ён не з’явіўся, а проста вырас перад вачамі. Раптоўна, нечакана, велічна. Святыня гатычнага стылю. Унутры рознакаляровыя вітражы праламляюцца праз светлавыя люстры і заліваюць вясёлкавай прыгажосцю алтары і абразы, прыемна ашаламляючы наведвальнікаў.
Яшчэ ўразіла "чумная калона" – высокая арыгінальная скульптура ў стылі барока, якая складаецца з мноства фігур. Чумная калона – своеасаблівы напамін аб страшнай эпідэміі чумы ў 1679 годзе. Тады імператар Леапольд І, ратуючыся ад хваробы і пакідаючы Вену, маліўся і прасіў усіх святых выратаваць край ад бяды. І абяцаў, што абавязкова пабудуе калону міласці. Чума адступіла, а імператар сваё слова стрымаў – праз некаторы час з’явілася калона-напамін.
Атрымаўшы вялізную порцыю сілкавання духоўнага, вырашаем, што надышоў час падумаць і аб ежы матэрыяльнай. Яшчэ перад прыездам нас папярэджвалі, што Вена – прыгожы, шыкоўны і досыць дарагі горад. Калі за 10 еўра ў Будапешце мы маглі нядрэнна перакусіць, тут за такія грошы можна толькі выпіць кубачак добрай кавы. Экскурсавод жа прапанавала паабедаць у кафэ, дзе кошт залежаў не ад велічыні і вагі порцыі, а ад велічыні талеркі. Маўляў, бярыце самую маленькую і накладвайце, колькі душа пажадае. Адзіная праблема – як умясціць свае апетыты на невялікай талерцы. Дарэчы, у розных аддзелах кошт посуду таксама розны. Напрыклад, у аддзеле салатаў самы малы каштуе 3 еўра з хвосцікам, у мясным - больш за 7. Затое калі заказваеш кубак кавы, у падарунак табе абсалютна бясплатна даюць прыгожы кубачак. Праўда, пусты...
Дарэчы, кава! Усё ў венскім кафэ было смачна, але кава… Ні да гэтага, ні пазней я не каштавала смачнейшай. Пры тым, што каву я п’ю толькі з цукрам, венскі напітак падаўся мне салодкім і без яго. Поўнасцю адпавядаў цудоўнай каве і дэсерт – кавалак торта (менавіта кавалак, а не маленькая напаўпразрыстая лустачка) з клубніцамі раставаў у роце, выклікаючы фантастычнае задавальненне. За такую смакату не шкода ніякіх грошай!
Падсілкаваўшыся, мы яшчэ пагулялі па гандлёвых вуліцах, дзе што ні магазін, то тавары сусветных брэндаў, паглядзелі гарадскую ратушу, адпачылі ў цэнтральным парку і сфатаграфаваліся са Штраусам і Ланерам. І яшчэ раз упэўніліся, што Вена – непаўторная, велічная і арыстакратычная.



Прага


Любуючыся непаўторнай прыгажосцю сабора святога Стэфана ў Вене, хтосьці з нашай групы прамовіў: “Дзяўчаты, паберажыце эмоцыі. Бо наперадзе – Прага”. Менавіта гэты горад першапачаткова быў абраны асноўнай мэтай падарожжа. Мая сяброўка на працягу паўгода мроіла пра яго, штудзіравала інтэрнэт і з нецярпеннем чакала водпуску. Аднак атрымалася, што Прагу мы наведалі ў апошнюю чаргу. І, пэўна, пакрыўдзіўшыся, яна сустрэла нас зусім не гасціннай тэмпературай +12 і невялікім, але вельмі пранізлівым дажджом.


Але нават такі зусім не цёплы прыём не змог сапсаваць прадчуванне вострых эмоцый. А што яны несумненна будуць, стала зразумела, ледзь толькі мы ступілі на пражскую зямлю. Злосныя ворагі модніц на высокіх абцасах – брукаваныя вуліцы, і кампактныя домікі, на якія можна любавацца гадзінамі. Тут нас ужо чакае экскурсавод Любоў Мікалаеўна, або, як яна сама прадстаўляецца, – пані Люба. Дарэчы, жанчына – амаль наша зямлячка, расіянка, якая прыехала ў Прагу і выйшла тут замуж. Больш таго, па прафесіі пані Люба – журналіст. “Я тут усё ведаю і абавязкова вам пакажу і раскажу”, – з усмешкай абяцае гід. Але адразу папярэджвае: “Прага – горад турыстаў, бо тут на самой справе ёсць на што паглядзець. І вы вельмі хутка ў гэтым упэўніцеся. У той жа час Прага – горад кішэнных злодзеяў, якія таксама цудоўна ведаюць пра непаўторныя мясціны і кормяцца з рук, а дакладней – з сумачак і кашалькоў даверлівых разявак-турыстаў. Таму, любуючыся і захапляючыся Прагай, не забывайце пры гэтым пяшчотна абдымаць і свае сумкі. Паверце, кішэннікі тут вельмі вопытныя”.
Папярэджаныя, у абдымках са сваімі зберажэннямі, мы адпраўляемся ў пешую экскурсію па Празе. Нам зноў пашанцавала, бо пані Люба аказалася класным гідам, якая даступна, проста і цікава знаёміла з мінулым і сённяшнім Прагі.


Пражскі Град… Гэта рэзідэнцыя чэшскіх каралёў, дзе зараз працуе і Прэзідэнт краіны. Коратка так можна расказаць пра гэтае месца. А вось апісваць яго можна бясконца. Бо, як толькі ўваходзіш праз вароты на тэрыторыю крэпасці, вочы разбягаюцца ад шэдэўраў архітэктуры. Асабліва ўразілі вялізныя вароты з выявай чэшскай кароны і велічнымі скульптурамі наверсе.
А праз некалькі дзясяткаў крокаў перад вачамі паўстае сабор святога Віта. “Маленькі Нотр-Дам”, – захоплена шэпча хтосьці побач. А вось у мяне назваць гэту неверагоднай прыгажосці святыню гатычнага стылю маленькай язык ніяк не паварочваецца. Каб толькі абысці яго вакол, патрэбны добрыя паўгадзіны. Гляджу ўверх – і кружыцца галава. А са сцен сабора блішчаць нядобрым вокам і, здаецца, зараз скокнуць злосныя хімеры. Аказваецца, яны абараняюць сабор ад ворагаў і злых духаў. Не менш, чым знешне, прыгожы сабор і ўнутры. Знешняя мітусня застаецца за дзвярыма. Нягледзячы на натоўпы турыстаў, тут пануе прахалода і душэўны спакой. Шматлікія аркі, фрэскі і вокны з рознакаляровымі вітражамі, дзе размяшчаюцца дзясяткі малюнкаў, якія, здаецца, зараз ажывуць і спусцяцца на зямлю. Тут знаходзяцца магілы вядомага чэшскага караля Карла ІV і святога Вацлава. А ў маленькім пакоі захоўваецца скарбы Багемнай кароны. Але ўваход туды строга забаронены.
Наогул, расказваць пра Пражскі Град можна доўга. Тут суіснуюць і жывуць па-суседску гатычны і раманскія стылі, здзіўляюць і ўражваюць палацы і касцёлы. А брук пад нагамі, нягледзячы на час, памятае нябачныя ўжо сляды чэшскіх каралёў. І тым не менш, налюбаваўшыся ўсім гэтым, мы развітваемся з Пражскім Градам і выходзім праз галоўныя вароты, які ахоўваюць нерухомыя, але пільныя канваіры.
І адразу ж аказваемся на аглядавай пляцоўцы, адкуль адкрываецца цудоўная панарама і на далёкую адлегласць бачны блізняты чырвоных стрэхаў пражскіх дамоў. Пражскі Град, як і належыць рэзідэнцыі каралёў, знаходзіцца на самым высокім узвышшы горада.
Вузкай вулачкай мы спускаемся крыху ўніз, дзе на шляху трапляюцца і чароўны маг, і гандляры нацыянальнымі прысмакамі, водар якіх прымушае крычаць страўнік. Але пані Люба вядзе нас у адзін з каралеўскіх паркаў. І зноў уражанням няма межаў! Тут знаходзіцца вадаём з самымі сапраўднымі залатымі рыбкамі, па газоне важна ходзяць паўліны, час ад часу радуючы турыстаў шыкоўнымі хвастамі. Растуць невядомыя дрэвы і кусты з арыгінальнымі кветкамі, а цэнтральная пляцоўка патанае ў пасаджанай рознымі геаметрычнымі фігурамі зеляніне, уперамежку з кветкамі, за якімі кругласутачна назіраюць некалькі статуй. А яшчэ тут размяшчаецца самы сапраўдны высокі зялёны лабірынт, заложнікам якога стаў не адзін неасцярожны турыст. “Тут нярэдка гуляла і блукала каралеўская моладзь. А пасля знаходзілі адзін аднаго – і такім чынам паляпшалі дэмаграфію каралеўскай сям’і”, – расказвае-жартуе экскурсавод. Але ніхто з нашай групы зайсці ў заманлівы зялёны лабірынт не асмельваецца.
Наперадзе нас чакае яшчэ адна славутасць Прагі – Карлаў мост праз раку Влтаву, які злучае Пражскі Град і Стары горад. Даўжыня яго прыкладна паўкіламетра. Аднак гэта не проста 500 метраў! Гэта – маленькі, але чароўны і незвычайны свет. Тут адлюстроўваюць на палотнах прыгажосць мастакі, якія за 20 хвілін – і, вядома ж, за пэўную суму, у сярэднім, 10-15 еўра – могуць намаляваць твой партрэт ці шарж. Мост ахоўваюць арыгінальныя статуі. Вочы стракацяць ад разнастайнасці сувеніраў. А ў некалькіх сотнях метраў палошчуць ногі ў хуткай Влтаве пражскія дамы… І тут жа просяць міласціну надзіва маладыя хлопцы. “Не ўздумайце падаваць ім, – адразу папярэджвае пані Люба. – Гэта ніякія не жабракі, а звычайныя наркаманы, якія кормяцца за кошт турыстаў”. На жаль, аказваецца, ашуканцаў і дармаедаў хапае ўсюды.
Пасля ўбачанага за гэтыя дні я шчыра думала, што здзівіць маё разбэшчанае ўяўленне ўжо будзе вельмі цяжка. Наіўная! Перайшоўшы Карлаў мост, мы трапілі ў сэрца Прагі – Старамесцкую плошчу. Вам вядома пачуццё, калі стаіш на раздарожжы вялікай плошчы, а цябе акружаюць храмы, замкі і проста невядомыя будынкі, якія да гэтага бачыла толькі на малюнках кнігі казак? І ты адчуваеш сябе драбнюткай часцінкай сярод навакольнай фантастычнай і чароўнай прыгажосці. І не можаш выбраць, куды пайсці, бо, які б накірунак ні выбрала, дакладна ведаеш, што там цябе чакае шмат цікавага, а пабываць і ўбачыць хочацца ўсё і ўсюды. Прыкладна так я адчувала сябе на Старамесцкай плошчы. Гэта не перадаць звычайнымі словамі. Разнастайнасць архітэктурных стыляў: готыка, рэнесанс, барока… Амаль кожны будынак – помнік архітэктуры. Тынскі храм, помнік Яну Гусу, гарадская ратуша… Дарэчы, на ёй размяшчаюцца вядомыя Пражскія куранты – сярэдневяковы вежавы гадзіннік, які паказвае гады, месяцы, дні і гадзіны, час усходу і захаду сонца і месяца, а таксама становішча знакаў Задыяка. Акрамя гэтага, кожную гадзіну, калі б’юць куранты, адбываецца невялікае прадстаўленне тыпу лялечнага тэатра – ажываюць чалавечыя заганы, анёл падымае і апускае караючы меч, а ўверсе ў аконцах гадзінніка па чарзе з’яўляюцца дванаццаць апосталаў. У фінале крычыць певень. І ўсё гэта адбываецца пад жывую музыку духавога аркестра.
Старамесцкая плошча ўмее здзіўляць. Тут лаўкі гандлёвых радоў ломяцца ад разнастайнасці тавару, выступаюць артысты, пускаюць вялізныя мыльныя бурбалкі і проста на плошчы смажыцца свіны кумпячок.
Дарэчы, пра кумпяк. Пасля экскурсіі пані Люба прывяла нас ва ўтульны рэстаранчык, каб беларускія турысты атрымалі задавальненне не толькі ад прыгажосці Прагі, але і ад яе нацыянальнай кухні. Яшчэ ў Беларусі супрацоўніцы турагенцтва раілі нам абавязкова звяртаць увагу на вагу заказанай стравы. Пакуль іншыя заказвалі нацыянальную страву – “калена” (нага парасяці, запечаная ў піве), мы з сяброўкай вырашылі не рызыкаваць і выбралі больш сціплыя па вазе стравы, насупраць якіх у меню было дакладна напісана – 150 грамаў. У выніку нам прынеслі вялізныя – і я не перабольшваю! – талеркі, дзе, акрамя заказанай стравы былі салата, вядомыя чэшскія кнедлікі (рулет з бульбяной ці пшанічнай мукі), падліва і разнастайны гарнір. З’есці ўсё гэта аднаму проста нерэальна. Ну і, канешне ж, непараўнальнае чэшскае піва! Разліўное, светлае, цёмнае і нават зялёнае, насычанымі фарбамі яно пералівалася ў кубку і пакідала змешаны саладкавата- гаркаваты прысмак хмелю на вуснах. Словам, з рэстарана мы выкаціліся “калабкамі”, пакінуўшы за шыкоўны ва ўсіх сэнсах абед 12 еўра – у параўнанні з Венай амаль што бясплатна!
Пра Прагу можна расказваць бясконца. Пра разнастайную архітэктуру будынкаў, арыгінальнасць нацыянальных сувеніраў, зменшаны аналаг Эйфелевай вежы – Петршынскую вежу, адкуль бачна ўся Прага з вышыні птушынага палёту і куды мы, на жаль, з-за дрэннага надвор’я не трапілі. Пра сапраўдную спакусу для дзяўчат – упрыгожанні з чэшскага гранату (прызнаюся, парачка завушніц папоўніла і маю калекцыю) і проста ну вельмі прыгожыя пражскія вулачкі, па якіх можна вандраваць гадзінамі.
Але ўсё гэта лепш адзін раз убачыць. Каб пасля зноў і зноў успамінаць і ў думках вяртацца да падарожжа. Што і раблю я зараз...
Многія ў мяне пытаюць, які з трох гарадоў мне спадабаўся больш за ўсё. Абсалютна праўдзіва – усе тры. Бо кожны з іх – асаблівы і непаўторны. І мне ніколі не забыць самастойнага блукання па вуліцах Будапешта і вячэрнюю прагулку па Дунаю, велічнасць і арыстакратызм Хофбурга і непараўнальны смак венскай кавы, казачную прыгажосць і разнастайнасць Старамесцкай плошчы і саладкаваты хмель чэшскага піва…
Толькі вось адзін дзень у любым з гэтых гарадоў – вельмі мала. У кожным з іх патрэбна пабываць хаця бы тыдзень. Таму я спадзяюся, што мы калі-небудзь абавязкова сустрэнемся зноў. І тады я скажу бабульцы-Еўропе, як старой знаёмай: “Ну, прывітанне! Ты не сумавала без мяне?”


--------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ,
фота аўтара.