3 июля островчанам подарили шоу "на острове любви"

Здаецца, у Астраўцы і людзей столькі няма, колькі сабралася ля млына святочным вечарам. І, скажу вам шчыра: было дзеля чаго!

Спачатку непадалёк ад “вострава кахання” “нарадзіўся” водны экран з соцень фантанчыкаў. Цуркацеў сабе і цуркацеў… І калі гледачам стала сумна назіраць за яго аднастайнасцю, неба раптам расквецілася каляровымі стужкамі феерверкаў. Яркія агеньчыкі танцавалі ў начной цемры мудрагелістыя танцы: узрываліся дробнымі іскрамі, сыходзіліся і разыходзіліся, распадаліся на сотні яшчэ драбнейшых светлячкоў. І сэрцы тысяч прысутных біліся ва ўнісон з танцам агеньчыкаў.
А потым ажыў водны экран: па ім, як па звычайным у кінатэатры паплылі кадры. Гервяцкі касцёл Святой Тройцы... Космадам’янаўскі… Скрыжаванне Кастрычніцкай і Ленінскай – па ім імчаць аўтамабілі… І пошта… І гасцініца… І новы мікрараён…
І раптам з воднага экрана да прысутных звярнуўся… Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Павіншаваў са святам, падзякаваў за плённую працу, заклікаў да новых працоўных здзяйсненняў…
А потым была новая хваля салютаў – яшчэ больш квяцістых і яркіх…
Разыходзіліся шчаслівымі. І любячымі сваю Радзіму: то тут, то там у начной цішыні раздаваліся воклікі: “Беларусі – ура!”, “Жыве Беларусь!”, “Астравец – лепшы горад на свеце!”…
І праз святы, аказваецца, можна выхоўваць патрыятызм…
Застаецца дадаць, што шоу падрыхтавала і правяла мінская фірма “Белы тыгр”.


--------------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота Алены СВЕТЛАЙ.