Литературно-музыкальный вечер посвятили Казимиру Сваяку
“Благаслаўлю час, у каторы мы аглянуліся
і зразумелі пекнасць і хараство мовы роднай…”
Казімір Сваяк.
Пад такім эпіграфам прайшла вечарына, прысвечаная нашаму суайчынніку, паэту-філосафу і святару Казіміру Сваяку, светачу зямлі нашай. Яе падрыхтавалі ўдзельнікі гуртка “Юнкоры”, вучні 8 “Б”, 8 “А”, 6 “Б” класаў Варнянскай школы.
Пры падрыхтоўцы да імпрэзы вучні даведаліся пра драматычную гісторыю жыцця паэта, пра яго родных і блізкіх, пра мясціны і храмы, дзе ён жыў і служыў, з кім штодня сустракаўся, што яго цікавіла, чаму ён прысвяціў увесь пал сваёй маладой і яснай душы.
Свята было прымеркавана да Міжнароднага дня беларускай мовы і прайшло ў форме літаратурна-музычнага часопіса. На яго запрасілі гасцей: краязнаўцу Алеся Юркойця і мясцовага паэта Станіслава Курылу.
Вечарыну адкрыў Алесь Юркойць. Ён запаліў свечку ў памяць паэта – і ў зале запанавала атмасфера цеплыні і ўвагі. На сцэну падымаліся ўдзельнікі імпрэзы, якія чыталі вершы Казіміра Сваяка, урыўкі з яго філасофскага дзённіка, апавяданні пра вызначальныя моманты яго жыцця, гучалі песні на яго словы. Гледачы – вучні 5-8 класаў – уважліва слухалі артыстаў, бо тыя вельмі пранікнёна імкнуліся перадаць душэўныя парывы паэта-святара: яго бязмежную любоў да Радзімы і да роднай мовы, імкненне да святасці, шкадаванне аб тым, што жыццё такое кароткае…
На вядучых і чытальнікаў Дашу Мажэйка, Віялету Юркойць, Таццяну Кяжун, Андрэя Комара, Яўгена Тамашэвіча, Вераніку Туркіну, Алесю Недалтоўскую, Анжаліку Масойць, Інэсу Браніцкую і Вадарыну Аўгуль было прыемна і радасна глядзець: сур’ёзныя і засяроджаныя, яны разумелі ўсю адказнасць гэтага моманту дакранання да жыцця і творчасці Казіміра Сваяка.
Вучні 6 “Б” класа паказалі невялічкую сцэнку з дзяцінства Канстанціна Стэповіча, у якой вельмі шчыра сыграў паэта Арцём Багдановіч, а Кастуся ў юнацтве – Данііл Сінкевіч. Хлопцы хваляваліся, – але гэта толькі яшчэ больш падкрэслівала іх падабенства з паэтам.
Так дзеці, далучыўшыся да нашай духоўнай спадчыны, разам з паэтам-святаром вучыліся любіць жыццё ва ўсіх яго праявах, быць патрыётамі, перажывалі шмат душэўных пачуццяў, якія садзейнічаюць стаўленню чалавека, яго асобы. Вельмі выразна падкрэслілі лейтматыў імпрэзы верш Янкі Купалы “Сын і маці”, які з пачуццём прачытаў вучань 7 “А” класа Дзяніс Валай і вершы госця – Станіслава Курылы: “Мая родная мова”, “Беларуская кроў”.
З цікавасцю вучні і настаўнікі слухалі Алеся Юркойця пра падрыхтоўку і правядзенне Года Казіміра Сваяка, аб адкрыцці на радзіме паэта, у Баранях, Дома-музея, аб угодках паэта ў в. Камаі, на Пастаўшчыне, месцы яго першага святарскага служэння. Ён падараваў удзельнікам свята буклет пра жыццё і творчасць паэта – філосафа – святара.
Да гэтага ж дня быў прымеркаваны і спектакль па п’есе А. Дударава “Парог”, у якім удзельнічалі вучні 8 “А” – 9 “Б” класаў. Аўтар падымае ў п’есе вельмі актуальныя маральна-этычныя праблемы нашага сённяшняга жыцця: п’янства, бадзяжніцтва, адзінокая, пакінутая старасць. “Жыццё” – выпрабаванне на чалавечнасць”, – праз лёс свайго галоўнага героя Андрэя Буслая гаворыць нам аўтар.
Юныя артысты Каця Сінькевіч, Коля Куцук, Анжаліка Масойць і выканаўца ролі Андрэя Буслая Жэня Юркойць вельмі ўдумліва і сур’ёзна паставіліся да сваіх герояў. Яны ігралі як сапраўдныя артысты – асабліва ў фінале, калі Жэня – Андрэй становіцца на калені і просіць прабачэння ў маці, у зямлі, ва ўсяго свету. Вядома, п’еса па аб’ёме даволі вялікая, пагэтаму настаўнікам В.А. Боўша, Н.Г. Адула, В.І. Місевіч прыйшлося шмат папрацаваць над тэкстам, каб галоўны сэнс твора застаўся нязменным.
Дарэчы, праграма з гэтай п’есай, прадстаўленая на раённы конкурс тэатральных калектываў, аказалася лепшай і была накіравана на абласны конкурс.
------------------------------
Людміла КУХАРЭВІЧ.