23-24 августа Зельва приглашает на Анненскую ярмарку

23 і 24 жніўня 2013 года ў г.п. Зэльва адбудзецца свята – Ганненскі кірмаш.



Як сведчыць гісторыя, менавіта дзякуючы Ганненскаму кірмашу Зэльва была вядома ўсяму свету яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тагачасныя зэльвенскія кірмашы былі аднымі з буйнейшых  у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым лейпцыгскім.


У 2001 годзе Ганненскі кірмаш атрымаў  “новае дыханне”. Раённае свята стала адным з самых масавых  і жаданых для жыхароў і гасцей Зэльвеншчыны.


Распачнецца свята 23 жніўня, у пятніцу. У гэты дзень плануецца (з 14 да 16 гадзін) правесці навукова-практычную канферэнцыю “Кірмаш. Мінулае, сучаснае і будучае”. Адбудзецца таксама раённае свята “Дажынкі”. І яшчэ адно цікавае мерапрыемства чакае гасцей: упершыню ў раёне пройдзе абласны конкурс лесарубаў. Вечарам у 20 гадзін запрашаем на выступленне калектыву з Германіі “Вудвор”.


Асноўная частка мерапрыемстваў пройдзе ў суботу, 24 жніўня. Пасля ўрачыстага адкрыцця свята, якое адбудзецца на цэнтральнай плошчы пасёлка ў 12 гадзін, жыхарам і гасцям Зэльвы будзе прадстаўлена цыганскае шоу “Алюр”, выступленні калектываў “Тутэйшая шляхта” (г.Мінск) і зноў жа “Вудвор” (Гермнія).


Займальна і весела адпачываць на кірмашы можна будзе на разнастайных пляцоўках, якія размесцяцца ў цэнтральнай частцы Зэльвы. Цікавай мае быць прадпрымальніцкая пляцоўка, на якой пройдзе прэзентацыя аграсядзіб і аб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу.


Свае работы на кірмашы рамёстваў і ў Горадзе майстроў прадставяць  умельцы народнай творчасці і мастакі.


Аматараў песні і вясёлай музыкі чакае музычна-мастацкая пляцоўка. Для дзяцей будуць арганізаваны гульнёвыя праграмы і атракцыёны.


Запланаваны кірмашовы карнавал, куды запрашаюцца ўсе жыхары і госці пасёлка, якія прыйдуць на свята, апранутымі ў касцюмы стылю XVIII стагоддзя.


А які ж Ганненскі кірмаш  без коней?! Не хвалюйцеся: плануецца конкурс на лепшую павозку, а таксама кожны жадючы будзе мець магчымасць пакатацца на конях.


А яшчэ на кірмашы будзе арганізаваны шырокі гандаль прамысловымі і харчовымі таварамі.  Візітнай  карткай  стане  выстава-продаж зэльвенскіх караваяў.


Завяршальным акордам свята стане, вядома ж, феерверк. Ну а тыя, хто не стоміцца за дзень, запрашаюцца апоўначы ў раённы Дом культуры на пенна-лазарнае шоу.


Раім усюды паспець і ўсё пабачыць. Не пашкадуеце!


Для таго, каб гасцям было лёгка і правільна арыентавацца, па ўсёй тэрыторыі святкавання будуць устаноўлены ўказальнікі і інфармацыйныя дошкі. На плошчы арганізуе работу інфармацыйны цэнтр, дзе можна будзе набыць гасцявыя карты, заказаць экскурсію.


Усе хвалючыя пытанні можна вырашыць па тэлефонах: (801564) 2-45-58 і 2-55-67.


Аргкамітэт г.п.Зэльва.