Да 70-годдзя ўтварэння раёна. Гісторыя ў асобах

00:39 / 12.02.2010
Сёння мы прадстаўляем слова старшыні раённага савета ветэранаў Расціславу Арсеньцевічу ГЕРТУ
З-за вайны ў пяты клас Бальшавіцкай сямігадовай школы (Копыльскі раён Мінскай вобласці) я пайшоў толькі ў 14 гадоў. У 1947-ым закончыў сямігодку, а праз тры гады атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. Куды далей? Бацьку да гэтага часу ўжо споўнілася 62 гады, і спадзявацца на яго матэрыяльную падтрымку не прыходзілася. Разлічваць трэба было толькі на ўласныя сілы. І я паступіў у Маладзечанскі настаўніцкі інстытут.
З вучобай праблем не ўзнікала, а што тычыцца грамадскага жыцця, дык я быў сакратаром камсамола факультэта. Мне нават прапаноўвалі пасля заканчэння пасаду вызваленага камсамольскага важака ў педвучылішчы. Але на размеркаванне я ішоў ужо не адзін – побач са мной была Ганна Іванаўна, мая будучая жонка, самы галоўны для мяне чалавек на свеце. Нас накіравалі ў Астравецкі раён.
Па сённяшніх мерках – ну што за адлегласць паміж Маладзечна і Гудагаем?! А тады нам падалося, што цягнік сунуўся вечнасць. На канцавую станцыю мы прыбылі бліжэй да вечара. Выйшлі на перон з двума чамаданамі ў руках – куды падацца? Выручыла гудагайская жанчына: паказала нам дарогу на Астравец, прытуліла ў сваім доме нашы рэчы. І ў новае жыццё мы пайшлі пешшу.

Астравец узору 1952 года


– Яго вельмі цяжка было назваць не тое, што горадам – хаця б мястэчкам. Мяркуйце самі: у раённым цэнтры налічвалася ўсяго тры цагляныя будынкі – млын, дом Коўзана і былая польская аптэка, у якой у той час размяшчаўся клуб (часам туды набівалася да 100 чалавек). На рагу, дзе сёння пабудавалі новы магазін райспажыўтаварыства, стаяла гасцініца (драўляная лядашчая хатка) на два мужчынскія і два жаночыя ложка-месцы. У гэтай жа хатцы размяшчалася цырульня. На месцы лазні знаходзілася адзіная кропка грамадскага харчавання – “Сталовая”, а на месцы сённяшняга ўніверсама стаяла яшчэ адна падобная халупа, на сцяне якой красавалася маляўнічая назва “Раймаг”. Райкам размяшчаўся ў доўгім бараку (сёння на гэтым месцы пабудаваны кінатэатр), у які пазней засялілася медвучылішча. Райвыканкам – побач, у невялічкім, складзеным з бярвён дамку. Паліклініка была ў будынку сённяшняй падатковай інспекцыі, а бальніца – у Каменцы. Плошчы не было – на яе месцы стаялі хаты Даўляша і Дарашкевіча з гумнамі, агародамі і г.д. Мост праз Лошу быў драўляны і вельмі стары. Школа знаходзілася ў будынку сённяшняга дзіцячага садка №1 (за могілкамі), аддзел народнай адукацыі – у дамку насупраць касцёла (дзе потым была так званая “салька”), тут жа ў хлевушку размяшчаўся “гараж”, у якім стаялі кабылка і матацыкл – транспартныя сродкі аддзела.
Першым сакратаром райкама партыі ў той час быў Максім Логінавіч Язычэнка, старшынёй райвыканкама – Мікалай Васільевіч Асіненка. Цудоўныя людзі! Яны прайшлі вайну і ведалі жыццё не па расповедах. Яны змаглі арганізаваць у раёне калгасы, няхай сабе пакуль і маленькія, звычайна памерам у адну вёску. У той час у раёне наогул было ўсё дробнае. Тыя ж сельсаветы, да прыкладу – іх налічвалася ажно 20 (Швяйлянскі, Валэйкаўшскі…).
Народную адукацыю ўзначальваў Пётр Міхайлавіч Лугоўскі. Ён прапанаваў мне пасаду дырэктара Гудагайскай школы.

Гудагайская школа


– Больш двух гадоў не прабудзеш, – папярэдзілі мяне. – У Гудагайскай школе ніхто даўжэй не трымаецца…
Хутарок “Чубэйка” – так звалі школу. Яна размяшчалася ў двух будынках: паўтарапавярховым і доўгім аднапавярховым, у якім займаліся чатыры першых класы. “Будынках”, зрэшты, моцна сказана. Хутчэй гэта былі дзве хаціны, якія знаходзіліся ў стане, блізкім да аварыйнага: ніжнія вянкі бярвён літаральна “дыхалі” ад кожнага дотыку, дах працякаў… У аднапавярхоўцы падчас вайны немцы ўтрымлівалі ваеннапалонных, якія будавалі другую каляіну чыгункі.
З чаго пачаць? Тым больш, калі ты – учарашні студэнт і рэстаўрацыйна-будаўнічая работа для цябе – кітайская грамата? Усе гэтыя накладныя, расходныя, рахункі… І людзі – іх жа таксама трэба арганізаваць. Думаю, мяне выратавала тое, што ў інстытуце я быў камсамольскім сакратаром.
Дах мы зрабілі звонкі – з гонту. Потым заняліся подрубам – замянілі два згніўшыя ніжнія вянцы. Брыгадзірстваваў на будаўніцтве Семянчук, які назбіраў у сваю брыгаду талковых гудагайскіх мужчын, і справа ўрэшце была зроблена. “Гадоў пяць-дзесяць пастаіць, – гледзячы на падлатаную школу, думаў я, – а потым прыйдзецца будаваць новую”. І не ўгадаў: тыя будынкі, абкладзеныя цэглай, стаяць і сёння. Праўда, выкарыстоўваюцца яны ўжо ў якасці жылля.
Неяк у нашых краях пабываў старшыня Маладзечанскага абкома прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі, і яму вельмі спадабалася Гудагайская школа. Праз год па яго ініцыятыве на яе базе ўзнік лагер адпачынку для дзяцей работнікаў спажыўкааперацыі. Збудавалі сталовую, прывезлі сталы і крэслы. Спалі дзеці ў школе, а для гульняў і заняткаў спортам месца хапала на вуліцы. Ад дырэктарства ў піянерлагеры я адмовіўся ў сувязі з паступленнем у Мінскі педінстытут – яго ўзначаліў Наркевіч.
Канешне, школа жыла не толькі будаўніцтвам і адпачынкам – асноўныя намаганні педагагічнага калектыву былі накіраваны на навучальны працэс. Хаця ў той час толькі ў адной настаўніцы Гудагайскай школы, Таццяны Свістуновай, была вышэйшая адукацыя (усе астатнія закончылі педвучылішча), да заняткаў ставіліся вельмі сур’ёзна. Вялікае значэнне надавалася ўсялякага роду ўдасканаленню ведаў і вопыту. Прынамсі, ад настаўніцкіх канферэнцый не адлыньваў ніхто. Памятаю, аднойчы такая канферэнцыя праводзілася ў Дайлідскай школе – гудагайская дэлегацыя (я і дзве настаўніцы – матэматык Казначэева і географ Вячкелева), як і многія іншыя, дабіралася да месца дзеяння пешшу – ішлі праз Астравец, Трайгі, праз лес. Вярталіся, дзякуючы падказцы дырэктара Дайлідскай школы, з куды большым камфортам – дайшлі да станцыі Ашмяны (усяго 4 кіламетры ходу) – і прыехалі ў Гудагай цягніком.
Так прайшлі тры гады.

А далей...


А потым у раёне здарыўся скандал. Старшыня калгаса “Іскра” (Дайлідкі) Зарубін паспрачаўся на пасяджэнні бюро з першым сакратаром райкама. Франтавік, гарачая галава, ён тут жа дастаў з кішэня гербавую пячатку і грымнуў ёй аб стол: забірайце! Канешне, рэакцыя кіраўніцтва была хуткай: вызваліць ад займаемай пасады!
Новым старшынёй у “Іскру” быў прызначаны Паваротны. А мне прапанавалі стаць сакратаром партарганізацыі. Дакладней, узначаліць Дайлідскую школу і на грамадскіх пачатках – мясцовую партарганізацыю. У якой, адзначу, налічвалася ажно (!) тры камуністы. Ад прапаноў падобнага роду, калі яны робяцца райкамам, не адмаўляюцца (нават калі вельмі не хочацца іх прымаць) – 31 жніўня 1955 года Паваротны прыслаў за намі машыну. Што было грузіць? Шафу, два чамаданы і… сына Ігара.
Трэба адзначыць, што ў Астравецкім раёне ў пачатку 50-х не было ніводнай тыпавой школы. Калі за такія не лічыць так званыя “пілсудскія”, якія былі ў Варнянах, Вароне, мястэчку Гудагай, Свіранках, Клюшчанах, Кямелішках. Той факт, што ў 1953 годзе ў Астраўцы пабудавалі школу на 260 месцаў, меў вялікае значэнне. Дарэчы, не толькі для раённай сістэмы адукацыі. У прыватнасці, у будынку школы (а дзе можна было сабрацца яшчэ?!) сталі праводзіць раённыя партыйныя канферэнцыі, самая значная з якіх адбылася ў 1955 годзе.
Справа была ў тым, што першы сакратар райкама партыі Максім Логінавіч Язычэнка любіў выпіць. Быў цудоўным чалавекам, якога любілі і паважалі, напэўна, усе астраўчане, але злоўжываў алкаголем. А гэта, як вядома, непазбежна прыводзіць да зніжэння як самадысцыпліны, так і дысцыпліны ў калектыве. Словам, на абласным узроўні было вырашана зняць Язычэнку з пасады.
На партканферэнцыю, якая адбывалася на другім паверсе школы, прыехаў сам Сяргей Восіпавіч Прытыцкі. Легендарны Прытыцкі, які расстраляў правакатара прама ў судзе, пра якога напісана кніга. Першы сакратар абкома партыі. Ён выступіў перад прысутнымі карэктна, не выліваючы на галаву Язычэнкі звычайнага ў такіх выпадках бруду. Растлумачыў, што склалася такая сітуацыя і г.д. Пытанне паставілі на галасаванне, а калі падлічылі яго вынікі, аказалася, што не хапіла двух галасоў. А гэта значыць, Максім Логінавіч павінен працягваць працаваць на сваім месцы. Трэба сказаць, Прытыцкага гэта вельмі раззлавала. Ну як жа – прыехаў асабіста, прывёз новага чалавека ў сакратарскае крэсла, а яго і пракацілі. І зрабіць нічога нельга: у адпаведнасці з дзеючым тады статутам партыі вынік галасавання лічыўся адзіна законным і канчатковым.
Сяргей Восіпавіч знайшоў выхад – быў аб”яўлены часовы перапынак. Прама са школы ён патэлефанаваў у ЦК кампартыі Беларусі, растлумачыў сітуацыю. Палітычная вага Прытыцкага была настолькі значнай, што па яго просьбе ў парушэнне святая святых – статута партыі – быў выданы спецдазвол на паўторнае галасаванне. Астравецкія камуністы правільна ацанілі выбуховасць абставінаў, і паўторным галасаваннем Язычэнка быў выведзены са складу пленума. На яго месца першым сакратаром Астравецкага райкама партыі быў абраны Іван Рыгоравіч Пархоўчанка.
Іван Рыгоравіч быў чалавекам паважным, п’янак не пераносіў катэгарычна. Былы партызан. Дарэчы, з яго партызанствам звязана цікавая гісторыя.
На Магілёўшчыне да вайны жыў знакаміты чырвонадрэўшчык. Настолькі знакаміты, што кіраўнікі беларускага ўраду заказалі ў яго нейкі незвычайны столік. У падарунак для самога Сталіна! З нагоды нейкага юбілею ці падзеі… Столік быў гатовы, але забраць яго не паспелі – грымнула вайна. Падчас акупацыі Магілёўшчыны паліцаі падказалі немцам, што існуе такі падарунак. Канешне ж, фашысты вырашылі пераадрасаваць яго Гітлеру – свайго роду палітычная гульня. Пра сталінскі столік ведалі і партызаны, і адбілі яго ў фашыстаў. Урэшце стол усё ж папаў у кабінет Сталіна – як рэчавае пацвярджэнне таго, што Беларусь не скарылася гітлераўскай навале.
Сярод арганізатараў і непасрэдных удзельнікаў вызвалення генсекаўскага падарунка быў і Іван Рыгоравіч Пархоўчанка.
А вось свой “трафей” Іван Рыгоравіч умудрыўся згубіць у мірны час.
У райцэнтры пабудавалі Дом культуры. Удзел у гэтым будаўніцтве прымалі ўсе калгасы раёна – дапамагалі рабочымі рукамі, лесам, цэментам і г.д. У 1957 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё новага Дома культуры. Народу сабралася – поўны клуб. Значнасць падзеі патрабавала прысутнасці першай асобы раёна – даклад прачытаў першы сакратар райкама Пархоўчанка. А калі ён сабраўся дадому, высветлілася, што ўкралі яго паліто. Новае. Купленае ў Вільні за 2000 рублёў. Міліцыя тады збілася з ног, але на след злодзея выйсці так і не ўдалося. Вынікам гэтага здарэння стала вызваленне ад займаемай пасады тагачаснага начальніка міліцыі Германовіча.
А добраўпарадкаванне Астраўца працягвалася. Перанеслі на новае месца хаты Даўляша і Дарашкевіча, зрабілі плошчу. У 1960-61 гадах разбілі за ёй сквер. У 1960 годзе пачалося будаўніцтва будынка райкама. Шмат працы ўклалі ў гэта старшыня райвыканкама Сяргей Трафімавіч Капусцін і Раман Фёдаравіч Рупакоў, які пазней прыйшоў яму на змену.
Усё гэта адбывалася на маіх вачах, таму што ў лютым 1959 года мне прапанавалі новую пасаду – узначаліць раённы аддзел адукацыі. Вядома ж, я яе прыняў. Але перавезці сям’ю не было куды, і на працягу яшчэ цэлага года мне даводзілася дабірацца на працу з Дайлідак.
Між тым, пры будаўніцтве райкама партыі было вырашана прыбраць будынак былой польскай пажарнай, якая знаходзілася насупраць сённяшняга Белаграпрамбанка. Яго перанеслі на месца, на якім ён знаходзіцца і сёння – гэта двухпавярховы драўляны дом, у якім размяшчаецца РАА.
Праўда, у той час ён выглядаў зусім інакш: на першым паверсе з аднаго боку ў сцяне існаваў вялізны праём – ён быў прызначаны для коннай павозкі, на якой да месца пажару транспартавалі бочку з вадой.
Паколькі жылля так і не прадбачылася, я вырашыў залажыць пажарны праём. Дабудаваў – і атрымалася кватэрка (два пакоі і кухня), у якой размяшчаліся мы з жонкай, тры нашы сыны і цешча. На другім паверсе быў створаны Дом піянераў. А гэта значыць, што раніца для нас пачыналася ў 5 гадзін – менавіта ў гэты час вартаўнік, грукаючы падэшвамі кірзавых ботаў, прыносіў абярэмак дроў і з грукатам кідаў яго на падлогу… Колькі разоў я прасіў яго рабіць гэта цішэй – у нас жа малыя дзеці, але толку ад гэтых просьб было няшмат.

Cістэма адукацыі пачатку 1960-х


Калі я стаў загадчыкам аддзела адукацыі, у раёне працавала 64 школы, чатыры з якіх – Астравецкая, Варнянская, Гервяцкая і Міхалішкаўская – былі сярэднімі, астатнія – сямігодкі або пачатковыя. Школы былі немаленькія. Да прыкладу, у Філіпанскай сямігодцы ў той час вучылася 100 вучняў. А вось тыпавых будынкаў – адзін у Астраўцы. Прычым шэсць школ – Катлоўская, Захарышская, Сакалойцінская, Кністушская і яшчэ нейкая, ужо не памятаю – месціліся ў наёмных хатах. Трэба было тэрмінова мяняць сітуацыю. З новага дрэва дабудавалі чатыры пакоі да Варнянскай школы (работы ішлі саматужна, таму доўга), прыбудоўкі зрабілі да Варонскай, Кямелішкаўскай і Гірскай школ, “народным метадам” узвялі Гозскую.
У 1959 годзе (я толькі прыйшоў на пасаду) востра стаяла пытанне па Гервятах. Сустракаліся два міністры асветы – Ільюшын і Гедвілас – і абмяркоўвалі магчымасць увядзення навучання на літоўскай мове: усё ж штогод з літоўскай зоны нашага раёна ў Вільню з’язджала па 30-40 чалавек моладзі. Вырашана было літоўскую мову ўвесці ў навучальную праграму Гервяцкай, Рымдзюнскай, Гялюнскай і Гірскай школ. Хаця гэта было няпроста – ні настаўнікаў, ні адпаведных падручнікаў.
У 1960 годзе было вырашана будаваць у Гервятах тыпавую школу. У пошуках месца мы тады абышлі ўсю вёску. Выбралі высотку – побач з ёй не было ніводнага дамка. Сёння гэта, лічы, цэнтр вёскі – і кантора побач, і жылыя дамы. Але і пры забудове тэрыторыі вакол школы яе будынак не страціўся, гэта значыць, што тады, амаль 50 гадоў таму, мы правільна выбралі месца будаўніцтва.
Потым дайшла чарга да Міхалішак. Перадгісторыя будаўніцтва тыпавой школы ў гэтым мястэчку такая: мяне выклікалі на калегію Міністэрства адукацыі. Міністр асветы Кісялёў паставіў перада мной канкрэтнае пытанне: чаму з раёна выбывае так шмат вучняў? “У раёне толькі дзве тыпавыя школы, – адказаў я. – Ва ўсіх умовы навучання прымушаюць чакаць нашмат лепшага. Да прыкладу, у Міхалішках…”
Міністр накіраваў у Міхалішкі свайго намесніка Мікалая Яфімавіча Мурашку. Ён абследаваў школу і мястэчка, а потым выказаў пажаданне наведаць вёскі, якія падпітваюць сваёй дзятвой Міхалішкаўскую школу: Жукойні, Заборцы, Маркуны…
–Маркуны, – кажу я Мурашку, – самая расцягнутая вёска раёна – яе даўжыня больш 2-х кіламетраў. Але да яе мы наўрад ці зможам праехаць, а калі і праедзем, то ці зможам прабрацца па гразі вясковай вуліцы?
Намеснік міністра вырашыў ехаць. Да Маркунаў мы сяк-так дабраліся, але па асенняй раскіслай вуліцы змаглі датэпаць толькі да магазіна. Ісці далей высокае начальства не рашылася.
Словам, “дабро” на будаўніцтва Міхалішкаўскай школы было атрымана. Месца для яе я выбіраў сам – і выбраў на беразе Віліі. У той час там, нібы ў дзюнах Балтыйскага пляжа, перакатваўся голы белы пясочак. А сёння, паглядзіце, нармальная ўрадлівая глеба. І з акна другога паверха школы – цудоўны від на раку.
Потым пабудавалі ў Жукойнях. І гэтак далей…

А на двары...


Вялікі свет жыў сваім жыццём. Палітыкай Савецкага Саюза кіраваў Хрушчоў, які “наламаў дроў” парадкам. Да прыкладу, стварыў двайныя абкомы – прамысловыя і па сельскай гаспадарцы. І колькасць чыноўнікаў у краіне адразу падвоілася. Экноміка кульгала на дзве нагі. Усюды стаялі чэргі – за хлебам, за малаком.
У школах прымушалі заводзіць сваю гаспадарку: гадаваць коней, трусоў, на здачу пушніны якіх даводзіліся планы, садзіць агароды. А колькі дроў было наламана вакол прымусовай сяўбы “стратэгічнай” хрушчоўскай культуры – кукурузы!
Памятаю такі выпадак (нас тады замацоўвалі за гаспадаркамі): паехаў я ў калгас імя Карла Маркса. Міхаіл Лукіч Купрэвіч, старшыня гаспадаркі, старой закваскі селянін, кажа мне: “Паехалі, Арсенцьевіч, пакажу, дзе мяне прымушаюць кукурузу сеяць”. Прыязджаем, а там поле канюшыны, ды такое пышнае, такое цудоўнае – толькі хвалі вецер перакатвае. “Не падымаецца рука, – кажа мне Міхаіл Лукіч. – Ад кукурузы не будзе толку – яна да нашых умоў не прыстасаваная, а ад канюшыны… Ды вы і самі ўсё бачыце”.
Толькі так пагаварылі – бачым, пыліць у нашым накірунку “Пабеда”. Пад’язджае, спыняецца. Выходзіць з машыны яўна гарадскі чалавек у каверкотавым плашчы, прадстаўляецца інструктарам ЦК кампартыі і…:
– Хто старшыня? Дзе пасеяна ваша кукуруза?
– А вось, – адказвае Купрэвіч. – Перад вамі.
І паказвае рукой на канюшынавае поле. Слова за слова – справа дайшла да скандалу.
–Выключым з партыі, – закрычаў інструктар.
– А ты мяне ў яе прымаў? – не вытрымаў Купрэвіч. – У партыю я на фронце ўступіў, уласнай крывёй заслужыў гэтае права. І не табе, тылавому пацуку, мяне з яе выключаць…
Інструктар ад’ехаў, а канюшына засталася, і корм з яе атрымаўся цудоўны. Не ў прыклад іншым гаспадаркам, якія паслухмяна сеялі на сваіх палях нераяніраваныя сарты кукурузы, каб нічога карыснага з іх не сабраць.
…У 1963 годзе ў космас паляцеў чарговы экіпаж касманаўтаў, і ў газеце “Праўда” надрукавалі фатаграфію: усмешлівы Хрушчоў з трубкай у руках размаўляе з касманаўтамі. Літаральна праз тры дні ў той жа газеце было надрукавана паведамленне Пленума ЦК КПСС аб тым, што Мікіта Хрушчоў па стану здароўя вымушаны…
Краіну ўзначаліў Брэжнеў.

У намесніках старшыні


У 1968 годзе я перайшоў у намеснікі старшыні райвыканкама. Старшынёй у той час быў Павел Мікалаевіч Курганаў. Да яго, дарэчы, гэтае крэсла займаў Сяргей Цярэнцьевіч Кабяк. Ён, па сутнасці, стварыў бытавое абслугоўванне ў раёне – пабудаваў быткамбінат (сёння ў гэтым будынку знаходзіцца суд).
Як гэта тады было заведзена, старшыня вёў фінансы і міліцыю – усё астатняе лажылася на плечы яго намесніка. Да прыкладу, было вырашана заасфальтаваць цэнтральную плошчу. А дзе ўзяць асфальт? Тры разы мы з Чаславам Іосіфавічам Рынкевічам, тагачасным старшынёй калгаса “Чырвоны Кастрычнік”, ездзілі ў Вільню, а ўсё ж вырашылі пытанне – у 10-ым мостаўпраўленні дабылі 800 тон асфальту. Канешне, перш чым выдзеліць яго, літоўцы самі прыехалі ў Астравец, каб зарыентаваца на месцы. Прыехалі без папярэджання, распыталіся ў мясцовых людзей і пастукаліся ў дзверы нашай кватэры. Да гэтага часу памятаю, як мне было сорамна запрашаць дэлегацыю ў сваё прыстасаванае жытло, якое яшчэ некалькі гадоў таму было пажарнай. Затое пачаставаць гасцей нам, дзякуй Богу, знайшлося чым.
Там жа, у 10-м мостаўпраўленні я нагледзеў абразную дошку. Трыццаціміліметроўку. Вельмі яна мне спадабалася – аптымальная для стварэння лядовага катка. Выпрасіў. Прывёз. У лясны раён? Так. Але Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя, які кіраваў у тыя гады раёнам, не прызнаваў такіх “легкаважных” патрэб. Патрабаваў, каб усё ішло толькі на фермы. Таму і давялося першы ў раёне каток будаваць з літоўскіх дошак. Яго тады зрабілі амаль на тым жа месцы, што і сённяшні, стварэнне якога фінансавалі мае сыны.
Да 30-годдзя Вялікай Перамогі мы вырашылі сабраць удзельнікаў 16-ай Смаленскай брыгады, якая будавала пераправу праз Вілію ў Міхалішках. З’ехалася 128 чалавек на чале з камбрыгам Шлапаковым. Сустрэліся і атрымалася, як у песні, “свята са слязьмі на вачах”…
Прынялі мы іх цудоўна: і накармілі, і кожнаму памятны падарунак уручылі. Раён на гэту мэту выдзяліў 2 тысячы рублёў.

Варнянскі касцёл


Яго хацелі ўзрываць – гэтак жа, як узарвалі касцёл у Гродне. Ужо ленінградскім вучоным быў распрацаваны праект: спачатку адзін выбух расхістаў бы сцены і фундамент, а потым другі зруйнаваў бы ўсё. Падобнае рашэнне было прынята пасля таго, як з дзіравага даху зваліліся два хлопчыкі з Варнянскага дзіцячага дома (адзін загінуў, другі зламаў нагу і руку). Знішчаць такую велічную пабудову асабіста мне здавалася па меншай меры неразумным. Але як уратаваць? Дапамог выпадак.
У Варнянскі калгас прыехала Ніна Лявонаўна Сняжкова, якая была намеснікам старшыні Саўміна і вяла сацыяльную сферу. Ніна Лявонаўна даводзілася мне сваццяй – мой сын Ігар ажаніўся з яе дачкой.
Сняжкова прывезла ў калгас Пераходны Чырвоны Сцяг ЦК КПСС, Савета Міністраў, ЦК камсамола і ВЦСПС. І я вырашыў выкарыстаць сітуацыю. Так маўляў і так, мястэчка – самае вялікае ў раёне, а ні клуба, ні іншага будынка для правядзення адпачынку. У той жа час руйнуецца цудоўны будынак…
Сняжкова сказала мне прыехаць у Мінск. Запрасіла на дамоўлены час у свой кабінет міністра культуры і дырэктара рэстаўрацыйнай майстэрні. Я растлумачыў сітуацыю, яны ветліва паслухалі.
– Складана, – кажуць, – прымаць рашэнне вось так, са слоў. Трэба прыехаць і паглядзець усё на месцы.
– З’ездзіце і паглядзіце, – рэзюміравала Ніна Лявонаўна. – І пры магчымасці акажыце садзеянне.
Неўзабаве ў раён завітаў дырэктар рэстаўрацыйнай майстэрні. На выснове яго агляду была складзена дакументацыя і распачаліся работы. Рэстаўратары аднавілі сцены і перакрылі дах. Усё. Астатняе заканчваць трэба самім. За справу ўзяўся старшыня калгаса імя Чапаева Уладзімір Паўлавіч Постраш, які наняў брыгаду аддзелачнікаў (яны не адзін год працавалі на Астравеччыне і іх называлі “яшкі” – ад імя іх брыгадзіра) – яны зрабілі ўнутраныя работы.
І вось сітуацыя: будаўнічыя работы завершаны, а зала пустая. І знайсці крэслы для глядзельнай залы ў краіне дэфіцытаў не ўяўляецца магчымым. Што рабіць? Прыйшлося зноў звяртацца да Сняжковай. Яна пазнаёміла мяне з Матвеевым, старшынёй дзяржкамітэта па кінематаграфіі, папрасіла яго дапамагчы. Той і сапраўды дапамог: выдзеліў 400 крэслаў (металічная аснова і мяккі дэрмацін).
На адкрыцці Варнянскага клуба выступаў я:
– Гэты храм пабудавалі вашы продкі, – звярнуўся я да варнянцаў. – І як цудоўна, што нам удалося выратаваць яго ад зруйнавання. Няхай ён, як і ў старыну, служыць справе духоўнай культуры людзей…
Здавалася б, справа вырашана канчаткова. Аказалася – не. У пачатку 90-ых да мяне ў кабінет завіталі прадстаўнікі касцельнага камітэта: “Дапамажыце вярнуць касцёл. Хопіць яму быць клубам”. Што я мог? Падобнае рашэнне можа быць прынята толькі на пасяджэнні выканкама. Так і сказаў. Пытанне паставіў у парадак дня чарговага пасяджэння, а ім параіў паўдзельнічаць у ім.
Дэлегацыя прыехала грунтоўная: і моладзь, і старэйшыя людзі. Гарачыліся, даказвалі. Калі дайшла справа да галасавання, за тое, каб вярнуць касцёл вернікам, падняў руку я адзін…
А літаральна назаўтра ў раён прыехаў Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя, першы сакратар абкама партыі, які балаціраваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР ад нашага раёна, і сказаў: “Трэба”. На гэты раз за тое, каб вярнуць храм парафіянам, прагаласавалі ўсе без выключэння. І Дзмітрый Канстанцінавіч, у якога ў гэты дзень была прызначана сустрэча з выбаршчыкамі ў Варнянах, павёз ім радасную навіну…
У жыцці Расціслава Арсеньцевіча яшчэ было (і адбываецца) шмат падзей, але гэта іншая гісторыя.
Запісала Ганна ЧАКУР.
Фота з сямейнага архіву Р.А. Герта