Любоў да “Астравецкай праўды” дасталася Наталлі Блахіной у спадчыну
14:00 / 18.08.2026
«Мая любоў да раённай газеты старэйшая за мяне», – з такога парадаксальнага выказвання пачала адказ на адно з заданняў конкурсу «Сваё, астравецкае» Наталля Блахіна.
Але далей патлумачыла, што ніякага парадоксу тут няма: любоў да раённай газеты перадалася ёй… у спадчыну!
– Астравецкая праўда» была ў нашым доме заўсёды, колькі я сябе помню. Бабуля і дзядуля выпісвалі яе калі не з першага дня жыцця на Астравеччыне, то з другога дакладна. Раённая газета заўсёды ляжала на стале ў бацькоўскім доме. Мама і сёння з’яўляецца пастаянным падпісчыкам «раёнкі». Ну і я – куды ж падзенуся? – з дзяцінства чытаю «Астравецкую праўду».
У сямейным архіве Блахіных захоўваецца нямала газет, дзе героямі публікацый былі іх родныя і блізкія. Вось здымак калектыву раённай аптэкі – на ім бабуля Наталля Аляксееўна Блахіна, у гонар якой, да слова, і назвалі Наташу, – другая справа.
У «Астравецкай праўдзе» за 4 сакавіка 2000 года артыкул «Раённаму аддзелу ўнутраных спраў – 60 гадоў» расказвае пра гісторыю раённай міліцыі – і тут жа здымак калектыву, дзе ўсё жыццё працаваў яе дзед Сяргей Андрэевіч – ён у трэцім радзе крайні справа.
І пра яе бацьку Валерыя Блахіна пісала «раёнка» ў нумары за 30 ліпеня 2021 года. Тады якраз Валерый Сяргеевіч адзначаў сваё 80-годдзе – газета нагадала пра яго спартыўную маладосць і актыўнае жыццё на пенсіі: былы спартсмен займаўся з астравецкімі пенсіянерамі ў клубе «Актыўнае даўгалецце».
Пра шлях да храма і да Бога Ніны Іванаўны Блахіной, маці Наталлі, раённая газета пісала ў нумары за 4 студзеня 2025 года, прысвечаным святкаванню праваслаўнага Ражаства.
Ды і сама Наталля неаднойчы з’яўлялася на старонках «Астравецкай праўды». У сямейным архіве захоўваецца газетная выразка: на фота Уладзіміра Кувалдзіна – дзеці на святочнай дэманстрацыі. Унізе дзіцячым почыркам Наташы пазначана дата: 1 мая 1978 год. А 30 снежня 1975 года ў артыкуле «Дзякуй буквару» Ала Ражко расказвае пра раённае свята з такой назвай – на здымку, які ілюструе матэрыял, першакласніца Наташа Блахіна стаіць побач з сынам карэспандэнта Сашам Ражко.
Апошнім часам Наталля прыахвоцілася да рэдакцыйных конкурсаў. Яна стала адным з пераможцаў «Дзедаўскай прылады»: прайшла ад пачатку да заканчэння практычна без памылак, дапаўняючы адказы цікавымі сямейнымі гісторыямі. Сёлета гэтак жа актыўна ўключылася ў конкурс «Сваё, астравецкае» і таксама з’яўляецца адным з лідараў.
Што ж, такая спадчынная любоў нас толькі радуе! Спадзяёмся, што перадасца яна і малодшаму пакаленню: пляменніца Наталлі Маргарыта таксама «свяцілася» на старонках «Астравецкай праўды».
Фота з архіваў Н. Блахіной і «АП».
Текст:
Нина Рыбик
Поделиться: