На карте Островетчины: Некрашуны

У мінулым годзе астравецкія краязнаўцы дакладна ўстанавілі месцазнаходжанне трыангуляцыйнага пункта Конрады – помніка гісторыка-культурнай спадчыны, знакамітай Дугі Струвэ. Аказваецца, на астравецкай зямлі знаходзіцца яшчэ адзін трыангуляцыйны пункт – Некрашуны.


Пасля Айчыннай вайны 1812 года ў Расійскай імперыі адчувалася вострая патрэба ў добрых картах мясцовасці, таму ў 1816 годзе ваеннаму геадэзісту і тапографу, удзельніку Барадзінскай бітвы, палкоўніку Карлу Тэнеру (на здымку) было даручана прыступіць да сістэмнай трыангуляцыі заходніх тэрыторый імперыі. Ён пачынаў працу з Віленскай губерні і разам з пабудовай трыангуляцыйнай сеткі Віленскай, Курляндскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў праводзіў першыя ў Расіі тапаграфічныя здымкі тэрыторыі па “дакладнай і строгай сістэме”. Калі пра вымярэнні Тэнера даведаўся акадэмік і першы дырэктар Пулкаўскай абсерваторыі Васіль Струвэ, які аналагічныя вымярэнні праводзіў у Ліфляндыі, то ён вырашыў аб’яднаць абодва даследаванні. Так у далейшым з’явіўся маштабны праект па вымярэнні Руска-Скандынаўскай Дугі, пазней перайначанай у яго гонар – Дугой Струвэ.

Падчас трыангуляцыйных здымкаў Віленшчыны Тэнер з паплечнікамі ў нашым краі залажыў пункт Некрашуны. У навуковай літаратуры сустракаюцца розныя варыянты назвы ўзгаданага аб’екта, пагэтаму адразу цяжка было вызначыць яго першапачатковае месца. Дапамаглі звесткі з першай часткі “Зборніка гісторыка-статыстычных матэрыялаў па Віленскай губерні”, які быў надрукаваны ў 1863 годзе ў віленскай тыпаграфіі А.Кіркора. У апісанні месцазнаходжання трыангуляцыйнага пункта Некрашуны сказана, што ён знаходзіцца “ў бліжэйшай адлегласці каля 1 вярсты ад фальварка Бярозаўка”.

Стала зразумелым, што гэты пункт знаходзіцца каля вёскі Некрашуны Рытанскага сельсавета побач з населеным пунктам Бразіня. Апошні тапонім набыў новае гучанне “за Польскім часам” і з Бярозаўкі стаў Бразіняй. Пацвердзіла здагадку трохвярстовая карта Віленскай губерні за 1869 год, дзе ў гэтым месцы пазначаны характэрны знак у выглядзе замаляванага трохвугольнічка з адзнакай вышыні ў 91.3 сажняў (1 сажань = 213,36 см).

Метад трыангуляцыі заснаваны на вымярэнні адлегласцей з дапамогай пабудовы трохвугольнікаў на мясцовасці, і разглядаемы пункт з’яўляўся вяршыняй трохвугольнікаў Некрашуны-Гарані-Хвалевічы і Некрашуны-Гарані-Дэбесі. Пункт Гарані знаходзіцца ў Смаргонскім раёне на паўднёвым ўскрайку Свірскага возера. Пункт Хвалевічы ляжыць ў Мядзельскім раёне непадалёку ад вёскі Канстанцінава. А пункт Дэбесі “належыць” Ашмянскаму раёну.

У 1819 годзе на трыангуляцыйным пункце Некрашуны быў пабудаваны вышка-сігнал вышынёю 3,86 сажняў. Вуглы паміж іншымі сігналамі і зенітальныя адлегласці на гэтым аб’екце былі вымераны 12 кастрычніка 1819 года з дапамогай паўторнага круга Баўмана і аднаго малога тэадаліта. Усе памеры трохвугольнікаў былі разлічаны з Дрысвятскай асновы, адкуль пачынаўся ўвесь дзявяты рад трохвугольнікаў 1-га класа. Адметна, што ў гэты дзень з Некрашунаў былі праведзены вымярэнні трыангуляцыйнага пункта Гірдзелішкі (літоўскі горада Швянчоніс).

Стала вядома, што трыангуляцыйныя здымкі выканала 2-е аддзяленне ў складзе падпаручніка Генеральнага Штаба Дзітмарса, прапаршчыка Бырдзіна, двух унтэр-афіцэраў і 12 радавых піянераў.

Паспяхова выкананыя першыя ў Расійскай імперыі тапаграфічныя здымкі Віленскай губерні прынеслі генерал-лейтэнанту Карлу Тэнеру шырокую вядомасць. У другой палове 19 стагоддзя трыангуляцыйныя пункты 1-га класа былі ўключаны ў Першае міжнароднае вымярэнне трансеўрапейскай дугі паралеляў ад Ірландыі да Урала. Нават праз стагоддзі яны не страцілі свайго практычнага і навуковага значэння. Тэнераўскія вымярэнні ўвайшлі ў новую дзяржаўную планавую аснову, якая стала будавацца з 1910 года на гэтых тэрыторыях.

Пра той далёкі маштабны праект і яго выканаўцаў захоўваюць памяць трыангуляцыйныя пункты нашага краю, у тым ліку і некранутыя Некрашуны.


-------------------------------

Уладзімір ПРЫХАЧ.