Как появлялись школы на Островетчине





У многіх людзей менавіта са школай звязаны самыя цёплыя і кранальныя ўспаміны… У яе сценах перад дзіцем адкрываецца не толькі чароўны свет ведаў – але і свет увогуле, закладваецца падмурак ведаў на ўсё далейшае жыццё, зараджаецца трывалае на выпрабаванні і час сяброўства…

Сучасным маладым людзям складана ўявіць, што іх мудрыя бабулі і дзядулі, а то і «пра-пра-» часта спасцігалі арыфметыку, чытанне і чыстапісанне толькі зімой, бо з ранняй вясны і да позняй восені вясковыя дзеці дапамагалі бацькам па гаспадарцы, у полі. Але з якой ахвотай вучыліся!

Давайце разам адгартаем назад 78 старонак-гадоў, каб паглядзець, як гэта адбывалася на тэрыторыі сучаснага Астравецкага раёна.


Вытокі школ Пілсудскага

Напачатку верасня 1937 года на Віленшчыне ў новым навучальным годзе адначасова адчынілася сто новазбудаваных вясковых школ, пяць з якіх былі ўзведзены ў межах сучаснага Астравецкага раёна. Што ж стала падставай для такой маштабнай падзеі? Жаданне ўлады, каб вясковыя дзеці маглі спасцігаць навуку, ці нешта іншае?

Напярэдадні гадавіны з дня смерці былога кіраўніка Рэчы Паспалітай Юзафа Пілсудскага 11 мая 1936 года Рада міністраў прыняла рашэнне пра пабудову на Віленшчыне ста новых “паўшэхных” – агульных для ўсіх школ з аднатыпнай назвай «Школа імя Юзафа Пілсудскага».

На працягу 1936-1937 навучальнага года ўрад краіны выдаткаваў на гэтыя патрэбы адзін мільён злотых. Другую частку неабходных сродкаў у будаўніцтва ўкладвалі самі гміны, якія атрымалі для гэтых мэт пяцігадовы ільготны будаўнічы крэдыт.

Пры выбары месца для  будаўніцтва школы ў першую чаргу ўлічваліся санітарныя ўмовы і найгоршы стан былых школьных будынкаў, невялікія ўласныя фінансавыя магчымасці гмін. Для таннасці будоўлі павятовым аддзелам было загадана забяспечыць цэнтральны закуп будаўнічых матэрыялаў і сталярных вырабаў. Патрабавалася, каб яны набываліся ў мясцовых вытворцаў. Толькі ў выключных выпадках дазвалялася набываць матэрыялы за межамі краю. Пры гэтым браўся ў разлік той факт, што выдаткаваны адзін мільён злотых застанецца на Віленшчыне. Варта адзначыць, што найтанней абышлася школа ў Клюшчанах.

Усе школьныя будынкі ўзводзіліся па тыпавых праектах і былі бачны здалёку. Ладны  падмурак, выкладзеныя з якаснага дрэва сцены, пакрытыя цэментовай дахоўкай ці добрым гонтам стромкі дах надавалі школам непаўторны і салідны выгляд. Архітэктурнае вырашэнне большасці школ вылучалася яшчэ адной характэрнай дэталлю: у рагу пабудоў, каля ганку, звычайна знаходзіліся маляўнічыя калоны.

Светлыя ўтульныя класы і рэкрэацыі, белая кафля печаў і шырокія вокны пакідалі прыемнае ўражанне ў наведвальнікаў. Некаторыя школы мелі асобныя пакоі для кіраўніка ўстановы, у іншых жыллё для педагогаў было пабудавана асобна. На адна-, двухгектарных пляцах ля школы рабілі стадыён, закладвалі сад і агарод, высаджвалі дрэвы.

Шмат працы і часу прысвяцілі будаўніцтву школ войты, стараста, школьны інспектар і кіраўнікі школ.


«Сто лят» – школам

10 кастрычніка 1937 года адна ўрачыстасць аб’яднала разам сто школ імя Ю. Пілсудскага.

Каля школы ў Безданах (сучаснае мястэчка Бяздоніс у Літве) адбылося пасвячэнне ўсіх новых школ з удзелам прэзідэнта Рэчы Паспалітай Ігнацыя Масціцкага, прадстаўнікоў улад, духавенства і грамадскасці. Мерапрыемства трансліравалася па радыё на ўсю краіну.

У сувязі з гэтай падзеяй кожная з 99 школ выслала ў Безданы пад апекай аднаго настаўніка дэлегацыю з двух вучняў і адной вучаніцы. У гэты дзень на Віленшчыне адбылося пасвячэнне школ на месцах.


Вуснамі Максіма Танка...

Можна па-рознаму адносіцца да адкрыцця ажно ста школ на Віленшчыне. Аднак мне на гэты конт бліжэй думкі вядомага паэта Максіма Танка.

У сваім дзённіку “Лісткі календара” 12 мая 1936 года ён пісаў: “Урад, з нагоды пахавання сэрца Пілсудскага, пастанавіў пабудаваць на “ўсходніх крэсах” сто школ імя маршалка – сто новых гнёзд паланізацыі... Аб асвеце тут гаварыць не прыходзіцца”.

Дапаўняюць яго думкі і тыя факты, што ўсе прадметы ў школах выкладаліся па-польску, а большасць кіраўнікоў і настаўнікаў адукацыйных устаноў былі карэннымі палякамі. Аднак для мясцовых дзяцей вучоба была незабыўным часам, і па сённяшні дзень доўгажыхары прыгадваюць хвалюючыя моманты са свайго школьнага жыцця.


Выпрабаванне часам

Да верасня 1939 года гэтыя школы былі звязаны з былой Польскай дзяржавай і яе палітыкай ў дачыненні да нашых зямель. А што сталася з імі потым? Як яны вытрымалі выпрабаванні часам?

У міжваенны перыяд мінулага стагоддзя землі сучаснага Астравецкага раёна належалі Ашмянскаму, Віленска-Трокскаму і Свянцянскаму паветам, адпаведна ўваходзілі ў розныя вучэбныя акругі. Стараннямі мясцовых будаўнікоў у Ашмянскім павеце да верасня 1937 года было ўзведзена 9 школ і толькі трохкласная (мела тры класныя пакоі) школа ў мястэчку Гудагай трапіла ў межы сённяшняга Астравецкага раёна.

Добры знаўца мінулага гудагайскай старонкі Казімір Уладзіслававіч Ковель адзначае, што школьныя пабудовы размяшчаліся ў зручным месцы побач з касцёлам, а сама школа нагадвала літару “Г” і мела два ўваходы з калонамі і адзін галоўны ўваход. Пад адным дахам размяшчалася кватэра для дырэктара і жыллё для настаўніка. Каля школы былі ўзведзены гаспадарчая пабудова, так званая “драўлянка”, дзе захоўваліся дровы для абпалу памяшканняў, пабудавана прыбіральня. Да школы вёў бетонны тратуар, абсаджаны маладымі дрэўцамі.





У той час у мястэчку Гудагай была толькі адна на ўсё паселіш-ча глыбокая калонка каля касцёла, і ваду для школы бралі з яе. Магчыма, гэта адзіны прыклад, калі студню не выкапалі на школьным падворку. Пасля вайны школа аднавілася, але з цягам часу з-за невялікай колькасці дзяцей была зачынена. Сёння былы школьны будынак належыць сёстрам-кармяліткам, у яго  сучасным знешнім выгля-дзе захоўваюцца першапачатковыя рысы.

З 19 маршалкоўскіх школ былога Віленска-Трокскага павета астравецкаму краю належаць школы ў Бабраўніках і Варнянах. Школа ў Бабраўніках, якая ў 1937 годзе лічылася двухкласнай,  да канца мінулага стагоддзя праіснавала як адукацыйная ўстанова. Пасля закрыцця ў 2002 годзе пачатковай школы яе будынак цалкам адышоў пад бібліятэку-музей. Пад кіраўніцтвам загадчыцы ўстановы Сафіі Іосіфаўны Комар тут сабрана вялікая калекцыя экспанатаў, створаны сапраўдны этнаграфічны і асветніцкі цэнтр.

Варнянская школа першапачаткова адкрывалася як пяцікласная. Падчас Вялікай Айчыннай вайны заняткі ў ёй былі спынены, а ў будынку  размясцілася казарма. Восенню 1945 года школа аднавіла сваю работу.

Пасля вызвалення ад захопнікаў жыццё на Астравеччыне паступова пачало адраджацца. У 1951 годзе Варнянскую сямігодку рэарганізавалі ў сярэднюю школу.

Пасля адкрыцця ў 1977 годзе новай сучаснай трохпавярховай школы жыццё ў будынку былой маршалкоўскай школы пачало паступова згасаць.

Варнянская школа мела дзве калоны пры цэнтральным уваходзе. Школы з пяці ці шасці класных пакояў будаваліся па іншых архітэктурных праектах, чым адна-, двух- ці трохкласныя. У некаторых навучальных установах калоны пры франтону былі зроблены з цэглы і атынкаваны. У Віленска-Трокскім павеце жыллё для кіраўнікоў школ і настаўнікаў узводзілася асобна, з калонай пры ўваходзе. Аб гэтым і зараз сведчыць “настаўніцкі дом” у Бабраўніках.





Трохкласныя школы ў Свіранках і Клюшчанах будава-ліся ў Свянцянскім павеце, дзе агулам паўстала 14 школ з сумешчанымі пад адным дахам 14 кватэрамі для дырэктараў і 13 кватэрамі для настаўнікаў.


З артыкула Е. Дубіцкага

“Школы ім. Маршалка Юзафа Пілсудскага ў Свянцянскім павеце”, які быў надрукаваны 10 кастрычніка 1937 года ў “Кур’еры Віленскім”, можна даведацца, што кожнай школе было дадзена да 2 гектараў зямлі на стадыён, школьны агарод і агарод для кіраўніка.

Тэрыторыя была агароджана моцным і прыгожым плотам. Усе будынкі мелі выгляд салідных і трывалых пабудоў, калідоры былі прасторнымі і служылі рэкрэацыйнымі заламі і месцамі сходаў.

Школы ў Свіранках і Клюшчанах праіснавалі да 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Пасля закрыцця навучальнай установы ў Свіранках у будынку размяшчаўся фельчарска-акушэрскі пункт, а Клюшчанская школа была прыстасавана пад жыллё. Сёння ў адной з яе частак размешчана аграсядзіба “Сваякі”.

У выніку апошняй вайны і занядбання ў суседніх Ашмянскім і Смаргонскім раёнах больш паловы маршалкоўскіх школ былі страчаны, а з запамінальнымі калонамі засталася ўсяго толькі адна пабудова.

Астравецкаму раёну ў плане захавання былых школ пашанцавала больш. Тая ж Бабраўніцкая школа яшчэ памятае дзіцячы смех, строгіх толькі на ўроках настаўнікаў і гуллівыя перапынкі…


-------------------------------

Уладзімір ПРЫХАЧ.