Звание "народных" и "образцовых" подтвердили пять творческих коллективов Островетчины
У Астравецкай дзіцячай школе мастацтваў аматарскія калектывы нашага раёна пацвярджалі званні “народных” і “ўзорных”.Шэсць творчых калектываў… Звонкая і “тоненькая”, бы жаўруковая песня, фальклорная група “Міхалінка”. Лёгкі і паветраны, месцамі нават празрысты і ледзьве ўлоўны дзіцячы хор “Ветразь”. Зладжаны і спакойны, падобны да стуку дажджавых кропель па аконным шкле, дзіцячы духавы аркестр. Моцны, энергічны, эмацыянальны і віруючы, як чырвона-чорная іспанская карыда, ансамбль народных інструментаў “Скарбніца”. Смачны і крамяны, як ранішнія бліны, ансамбль народнай песні “Світанак”. Пераменлівы, непрадказальны, нібы пагляд дзявочых вачэй, ансамбль народнай песні “Кемяліна”... Кожны з шасці творчых калектываў (тры дарослыя і тры дзіцячыя) прадставілі на суд журы і гледачоў дваццаціхвілінную праграму.
У адзін дзень на адной сцэне пачуць шэсць з васьмі “народных” і “ўзорных” калектываў выпадае нячаста. Вядома, што такая падзея, як пацвярджэнне ганаровых званняў, для саміх удзельнікаў калектываў і іх кіраўнікоў стала стрэсавай (незалежна ад ступені іх прафесіяналізму). А вось для прыхільнікаў мастацтва і тых, хто не прапускае ніводнага культурнага мерапрыемства (і ў нас ёсць такія людзі!), – магчымасцю паглыбіцца ў свет вобразаў, аддаць сваю існасць у абдымкі музыкі, не змагацца з ёй, а патанаць у хвалях і плыць па цячэнні.
У такія моманты я ўсцешана тым, што, дзякуючы працоўным абавязкам, магу і сама хоць на некалькі гадзін дакрануцца да вечнага, светлага і прыгожага. Пагэтаму пра выступленні нашых калектываў хочацца гаварыць у першую чаргу не з пазіцыі музычнага крытыка (ні ў якім разе не прэтэндую на такое званне!), а з пазіцыі эмоцый і адчуванняў.
А вось кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі А.В. Клімовіч – начальнік упраўлення мастацтваў Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Т.У. Грыгаран – намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Н.А. Афанасік – вядучы метадыст па аматарскіх аб’яднаннях, В.Т. Багдановіч – галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, ацэньвала высту- паючых па іншых крытэрыях – прафесійных. А гэта выбар і складанасць рэпертуару, мастацкі і выканаўчы ўзровень, творчая індывідуальнасць салістаў…
Дзяўчаты фальклорнай групы “Міхалінка” Міхалішкаўскай дзіцячай музычнай школы, якім давялося адкрываць выступленне аматарскіх калектываў раёна, справіліся з хваляваннем і на адным дыханні выканалі дванаццаць песень – народных і ў апрацоўках беларускіх аўтараў. Але на адных спевах “міхалінкі” не спыніліся і прапанавалі прысутным акунуцца ў атмасферу маладосці нашых бабуляў і дзядуляў – паўдзельнічаць у беларускай народнай гульні “Падушачка”. Варта адзначыць, што танкастанныя ўсмешлівыя, харызматычныя і галасістыя дзяўчаты пад кіраўніцтвам Святланы Чаславаўны Шаблінскай не раз перамагалі ў конкурсах і фестывалях. Узорная дзіцячая фальклорная група “Міхалінка” – лаўрэат конкурсу тэатральных і фальклорных калектываў “Прырода. Культура. Зямля” ў рамках міжнароднага дзіцячага экалагічнага форуму “Зялёная планета-2008”, дыпламант конкурсу “У радзіме цудоўнай нам радасна жыць”, конкурсу імя К. Горскага ў намінацыі “Вакальны ансамбль” і фестывалю “Скарбніца Гродзеншчыны”.
Дзяўчат у беларускіх народных строях змяніў дзіцячы хор “Ветразь”, які з’яўляецца ўзорным з 1999 года. Сваім узнікненнем ён абавязаны адкрыццю ў сценах Астравецкай школы мастацтваў харавога класу і, канешне ж, Ірыне Анатольеўне Волчэк, якая не проста любіць сваю работу, а літаральна дыхае ёй. Лірычныя і мілагучныя кампазіцыі ў выкананні дзяўчынак патаналі ў паветры і вярталі, напэўна, кожнага прысутнага
ў зале ва ўспаміны з далёкай і чароўнай пары – дзяцінства. Цыкл “Харавыя забаўкі” змяніўся песняй “Свецяць, свецяць зорачкі”, на змену якім “прыляцеў” “Анёл”… І ўвесь гэты час Ірына Анатольеўна, бырухаючая сіла ўсёй гэтай рознагалосай сімфоніі спеваў, неадступна кіравала “Ветразем”: то “надзімала” яго, то сцішала ўяўны вецер адным узмахам рукі. І так здавалася толькі недасведчаным, таму што кожны рух – вывераны, і за ім стаяць шматгадзінныя і плённыя рэпетыцыі, а галоўнае – узаемаразуменне падапечных і кіраўніка.
Трэцім і апошнім дзіцячым калектывам, які выйшаў на сцэну пацвердзіць званне “ўзорны”, стаў дзіцячы духавы аркестр Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў. Сваё творчае плаванне ён пачаў у далёкім 1988 годзе дзякуючы педагогу па класу трубы Аляксандру Мікалаевічу Антановічу. А з нядаўняга часу кіраўніком духавога аркестра з’яўляецца Андрэй Уладзіміравіч Шэміс. Праз чатырнаццаць гадоў з моманту стварэння аркестра, творчых пошукаў і плённай працы “духавікам” прысвоена званне. Аднак не толькі “ўзорнасць” сведчыла пра правільна выбраную дарогу, але і тое, што многія ўдзельнікі аркестра ў далейшым звязвалі свой лёс з музыкай і працягвалі адукацыю ў спецыяльных установах адукацыі. Як і самі яго ўдзельнікі, рэпертуар духавога аркестра рознахарактарны: пачынаючы ад мелодыі Д. Тухманава “Дзень Перамогі” і заканчваючы “Беларускімі дударамі” ў апрацоўцы А. Антановіча. І не толькі гэтая, але і шмат іншых інструментовак – справа рук, розуму і душы Аляксандра Мікалаевіча. Асабліва мяне здзівіла гучанне “Полькі беларускай”: духавыя інструменты ажывілі яе – і “не чужая, нашая…” паляцела на музычных крылах па-новаму, жвава, а вось прысмак свайго, спрадвечнага і роднага застаўся.
Народны ансамбль народных інструментаў “Скарбніца” пачаў сваю дзейнасць ў 1983 годзе як акампаніруючая група харавога калектыву завода “Радыёдэталь”. Пасля склад музычных інструментаў “узрос” – нарадзіўся самастойны калектыў, які сямнаццаць гадоў назад атрымаў званне “народнага”. Акрамя музыкантаў, у ансамблі ёсць салісты, дуэты, трыа. Аснову рэпертуару складаюць апрацоўкі беларускіх, рускіх і замежных песень, а таксама аўтарскія творы мясцовых кампазітараў. Калектыў заўсёды ў пошуку новых твораў і зараз працуе над музычным альбомам, які носіць аднайменную з калектывам назву. Нязменны кіраўнік народнага ансамбля народных інструментаў “Скарбніца” – педагог Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў Надзея Паўлаўна Шарэйка – прыкметна хвалявалася, пакуль баяністы, цымбалісты, скрыпачкі, балалаечнікі, кантрабасісты займалі на сцэне адпаведныя месцы. Ківок кіраўніка – і музычная феерыя пачалася. І дарэмна хвалявалася Надзея Паўлаўна, таму што мастацкага ўздзеяння такой моцы я даўно на сабе не адчувала. Думаю, што з гэтым меркаваннем пагадзіліся многія, хто ў той дзень прысутнічаў у актавай зале дзіцячай школы мастацтваў. Гэта было сапраўднае тарнада, якое нараджаецца тут і зараз, з кожным імгненнем-нотай узрастае і ўзмацняецца і ўрэшце бярэ ў свой палон – надзейна і трывала.
Што ні кажы – прафесіяналізм вышэйшага гатунку, калі гучанне кожнага інструмента гарманічна спалучаецца і ўтварае адзін матыў, але не патанае ў агульнай мелодыі – і ты чуеш, і ты адчуваеш: вось ледзьве ўлоўная партыя скрыпкі, а вось упэўненае яе сола. Мне здаецца, што можна бясконца слухаць у выкананні “Скарбніцы” “Besame mucho”, “Така-Такаta” і вальс з кінастужкі “Мой ласкавы і пяшчотны звер”. А Аксана Баршэвіч, Таццяна Падгайская, Ірына Бордак на сцэне літаральна пераўвасобіліся ў гераінь песні “Стоят девчонки”. А чаго вартае сола на акардэоне Сяргея Дзям’янчыка! Дзясятак такіх розных, але моцных і заўсёды актуальных кампазіцый, уціснутых у трэць гадзіны, “Скарбніца”, як па мне, адыграла на цвёрдую “дзясятку”.
Унутраную ўвагу і засяроджанасць, якія заўсёды пасяляюцца ў душы пасля моцнага ўздзеяння словам, вобразам або гукам, з палону вірлівага “скарбніцкага” тарнада з першых нот рассеялі варнянскія прыгажуні. Народны ансамбль народнай песні “Світанак” (Варнянскі СДК), які “ўначальвае” Наталля Валер’еўна Літвін, цешыць сваёй харызмай і галасамі не толькі аднавякоўцаў, астраўчан, але і жыхароў іншых мястэчак і гарадоў, дзе выступаюць “світанкаўцы”. У іх скарбонцы Дыпломы ІІ ступені ў абласным аглядзе калектываў вакальна-харавога жанру і рэгіянальнага фестывалю народнай песні “Песні Памежжа”, удзел у Міжнародным фестывалі нацыянальных культур, праекце “Скрыжаванні кахання і мастацтва”, традыцыйным штогадовым свяце працаўнікоў сяла “Дажынкі”. І, напэўна, адметнасць “Світанка” заключаецца нават не ў пявучасці і добрай “абыгранасці” народных песень, а ў тым, з якім настроем яго ўдзельніцы кожны раз выходзяць на сцэну. Вядома, што склад калектыву за 21 год мяняўся, але нязменнай застаецца народная песня – “Самаварчык”, “Каліна ды маліна”. А “дзеці” Аляксандра Альховіка (дарэчы, ён адзіны мужчына ў гэтым жаночым калектыве) – “Прывітальная” і “Як дожджык ідзе” таксама заўсёды ўспрымаюцца публікай “на ўра”, як народныя.
Другі народны ансамбль народнай песні “Кемяліна” (кіраўнік Сяргей Віктаравіч Дзям’янчык) добра вядомы не толькі на тэрыторыі раёна і краіны, але і за яе межамі – у Літоўскай Рэспубліцы, у Рэспубліцы Польшча. Летась ансамбль “засвяціўся” на сцэне горада-пабраціма Астраўца Сасновага Бора Ленінградскай вобласці. Сваю творчую біяграфію калектыў пачаў у 1995 годзе са стварэння вакальнай групы, якая з часам перарасла ў ансамбль. А праз дзесяць гадоў з моманту стварэння “плады” працы “Кемяліны” былі адзначаны званнем “народнага калектыву”. За гэты час калектывам створаны тры рознахарактарныя канцэртныя праграмы. Рэпертуар, узрост і прафесійная дзейнасць удзельнікаў ансамбля самыя розныя, але іх аб’ядноўвае адно – любоў да музыкі і народнай песні.
У апрацоўцы С.Дзям’янчыка асаблівае гучанне набываюць беларускія рускія, польскія і ўкраінскія народныя песні. “Белыя росы”, “Загулял казак”, “Ой, на горцы каліна” раскладзены не толькі на партыі, але і на ролі, гучаць моцна, упэўненаі з запалам! А голас Анастасіі Ляховіч, якая саліравала з “Салавейкам лугавым”, прабірае да мурашак…
На працягу дзвюх гадзін званне “народны” і “ўзорны” ў шасці аматарскіх калектываў нашага раёна было пад пытальнікам. І “Скарбніца”, “Світанак”, “Кемяліна”, “Міхалінка”, “Ветразь” змянілі свае пытальнікі на кропку – так вырашыла журы. А вось у дзіцячага духавога аркестра яшчэ ёсць час да восені добра папрацаваць, каб даказаць журы, што яны і сапраўды “ўзорныя”.
Алена ГАНУЛІЧ.
