12-ты этап конкурсу “Сваё, астравецкае”: перадгісторыя Астраўца
Малюнак Астраўца
Вячаслаў Саковіч узгадаў, што засяленне тэрыторыі сучаснага Астравецкага раёна пачалося яшчэ ў эпоху мезаліту (сярэдні каменны век, каля 9-5 тысяч гадоў да нашай эры). Археолагі знаходзілі ў рэгіёне старажытныя крэмневыя прылады працы. Мяркуючы па іх, мясцовыя жыхары займаліся паляваннем, рыбалоўствам, пазней – падсечна-агнявым земляробствам і жывёлагадоўляй.Шматлікія курганы, курганныя пахаванні і гарадзішчы, знойдзеныя археолагамі на тэрыторыі Астравецкага раёна, гавораць аб тым, што ў старажытнасці яна была густа заселена. Курганныя пахаванні знойдзены каля вёсак Будраны, Каценавічы, Лоша, Малыя Свіранкі, Мацкі, Падкасцёлак, Перавознікі, Пільвіны, Савішкі, Ядабор, Гудагай, Палушы, Сяржанты, Сідарышкі.
Самыя маштабныя і комплексныя раскопкі на тэрыторыі раёна праводзіліся перад пачаткам будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі і спадарожнай інфраструктуры. Падчас іх было выяўлена каля 90 помнікаў археалогіі: стаянкі старажытных людзей, рэшткі паселішчаў, крэмневыя прылады працы, фрагменты старажытнай керамікі.
Пры раскопках у Астраўцы і яго наваколлі археолагі знаходзілі кераміку XV-XVIII стагоддзяў (міскі, гаршкі, кафлю); манеты часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай; сведчанні ранняй прамысловасці. Напрыклад, каля ракі Лошы гісторыкамі былі зафіксаваны сляды рудні – старадаўняга прадпрыемства па здабычы жалеза з балотнай руды. Яно размяшчалася на тэрыторыі панскага двара ў Астраўцы побач з вадзяным млыном. Тут выплаўлялі так званае крычнае жалеза сырадутным спосабам з ліманіту (мясцовай балотнай руды), запасы якой у астравецкім краі былі вельмі багатымі. На такіх руднях вытворчасць была саматужнай – Вячаслаў Саковіч нават апісаў працэс.
Мост праз Лошу
Як заўсёды, вельмі падрабязны і змястоўны адказ даслала Карына Стаповіч. Яна прывяла цікавыя і малавядомыя звесткі пра засяленне гэтых тэрыторый у дагістарычныя часы.«Ужо ў канцы 2-га – пачатку 1-га тысячагоддзя да нашай эры на мясцовай аснове пачынае складвацца культура штрыхаванай керамікі, – піша Карына. – Каля вёсак Быстрыца, Жэлядзі, Жукойні, Сарочча, Трашчаны знойдзены каменныя сякеры, якія датуюцца неалітам ці нават бронзавым векам. Да гэтага ж перыяду належыць выяўленая каля былога хутара Якубішкі «майстэрня крамянёвых стрэлак».
Непраходныя нетры Астравеччыны сталі прытулкам для продкаў сучасных беларусаў: плямёнаў крывічоў, якія пачалі актыўна асвойваць тэрыторыю басейна Віліі ў 9-10 стагоддзях. Крывічы прыйшлі сюды з поўдня і з захаду, адсунуўшы ці асіміляваўшы больш старажытныя балцкія плямёны. Яны будавалі маленькія паселішчы па 5-15 двароў, якія ставілі на ўзвышшах каля вады, каб мець доступ да рыбы і абараняцца ад разліваў. Жытлы мелі паўзямлянкавую канструкцыю з каменнымі печамі-каменкамі, якія тапілі па-чорнаму.
Першапачатковае славянскае паселішча ўзнікла на правым багністым беразе Лошы, на натуральным (ці рукатворным) востраве. Гарадзішча ад набегаў ворагаў было абаронена вадой і драўляным частаколам. Менавіта гэты востраў і даў назву будучаму гораду Астравец.
У XIII стагоддзі гэтыя землі ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У XV стагоддзі тутэйшыя землі перайшлі ва ўладанне аднаго з самых магутных і багатых магнацкіх родаў ВКЛ – Гаштольдаў (пра гэта канкурсанты падрабязна расказвалі ў адказе на заданне пра скульптуру Аляксея Сарокіна «Час магнатаў»). На месцы ўпадзення рачулкі Кегны ў Лошу (на сённяшнім скрыжаванні вуліц Прамысловай і Фізкультурнай) быў заснаваны маёнтак, у якім гаспадары, мяркуючы па ўсім, ніколі не жылі.
Але пры тым у 13-14 стагоддзях гэта была не проста сядзіба, а добра ўмацаваны драўляны фальварак. Ён меў земляныя валы і драўляныя сцены з завостраных бярвёнаў; жылы дом; гаспадарчыя пабудовы: свірны для збожжа, млын, хлявы для жывёлы, лядоўні; невялікую капліцу, бо Гаштольды, як і большасць літоўскай знаці, спачатку захоўвалі язычніцкія традыцыі, але ўжо ў 15-м стагоддзі пачалі хрысціянізавацца па каталіцкім абрадзе.
Фальварак не з’яўляўся рэзідэнцыяй гаспадароў, ён быў хутчэй ваенна-адміністрацыйным цэнтрам. Тут збіралі даніну з жыхароў навакольных вёсак, судзілі мясцовыя спрэчкі і рыхтавалі атрады ў выпадку вайны з крыжакамі.
Большасць астраўчан былі цяглымі сялянамі – яны складалі 80-90% насельніцтва. Апрацоўвалі панскія надзелы, сеялі жыта, авёс і ячмень на падсечных дзялянках, трымалі жывёлу, каб плаціць натуральны падатак (дзесяціну), адпрацоўвалі паншчыну. Блізкасць да ракі дазваляла займацца рыбалоўствам. Лес заставаўся іх галоўным карміцелем. Мужчыны займаліся бортніцтвам – здабывалі мёд дзікіх пчол для пана і на продаж, палявалі на бабра, куніцу, лася. Сярод мяшчан пачыналі вылучацца рамеснікі: кавалі, бондары, шаўцы, якія абслугоўвалі мясцовы фальварак.
Пры маёнтку існаваў спачатку драўляны, а пазней мураваны вадзяны млын. Ён стаяў непадалёк ад панскай рэзідэнцыі і прыносіў стабільны прыбытак у выглядзе «памольнага» збожжа. Вакол яго кіпела гаспадарчае жыццё: сюды з'язджаліся сяляне з усёй ваколіцы, каб перамалоць сваё зерне, абмяняцца навінамі і даведацца пра цэны на кірмашах. Млын карміў мястэчка, даваў яму муку і хлеб, а разам з ім – веру ў заўтрашні дзень.
«Прынята лічыць, што першы пісьмовы ўспамін пра Астравец датуецца 1468 годам, – піша Карына Стаповіч. – Аднак гісторык Ежы Ахманьскі, які грунтоўна даследаваў структуру каталіцкіх парафій у Вялікім Княстве Літоўскім, сцвярджае, што каталіцкі касцёл і парафія на тэрыторыі Астравеччыны існавалі ўжо ў 1466 годзе (паводле іншых звестак, прыход быў заснаваны ў 1458 годзе). Гэта сведчыць, што рэлігійнае жыццё і інфраструктура тут развіваліся хутчэй, чым свецкая адміністрацыя: паколькі тэрыторыяй валодалі магнаты Гаштольды, яны маглі фундаваць драўляную святыню для сваіх людзей яшчэ да таго, як паселішча атрымала афіцыйны дазвол на таргі і гарадскія вольнасці. Такім чынам, калі 1468 год – гэта юрыдычны пачатак Астраўца як мястэчка, то 1466 год, паводле Ахманьскага, адкрывае нам яго духоўнае сэрца, якое пачало біцца раней».
Альхоўскія канкурсанты Тарэса Бабіч і Юлія Заруба знайшлі цікавыя дакументы 16-га стагоддзя, якія ілюструюць некаторыя дэталі жыцця Астраўца. Многія жыхары мястэчка і навакольных вёсак, як вольныя, так і падданыя тагачаснага ўладальніка Яраша Карыцкага, а таксама зямяне і баяры, збіраліся ў «доме корчемном» (карчме) Куніцы Пакацілавай, дзе часам здараліся розныя трагічныя і камічныя выпадкі. Напрыклад, у 1549 годзе гаспадарскі баярын Андрэй Станкевіч скардзіўся ў Віленскі замкавы суд, што, калі ён знаходзіўся ў аставецкай карчме, яго збіў баярын Пётр Якубовіч. А Паўла Каспаравіча Астравіцкага, уладальніка суседняга маёнтка Трацянішкі, які заязджаў у Астравец па ўласных справах, там жа, у карчме, збіў баярын Тамаш Пятровіч Чэрапка.
Наталля Блахіна не капала глыбока ў перадгісторыю, але прывяла цікавыя ўспаміны пра Астравец свайго дзяцінства – і гэта таксама ўжо гісторыя.
А Аляксандра Працута даслала грунтоўную навуковую работу па гісторыі Астраўца ажно на 12 (!) старонках – на жаль, перадгісторыя ў ёй практычна не закранута. Але калі каму патрэбна амаль гатовая курсавая работа – звяртайцеся да Аляксандры.
На жаль, прапусціла гэты этап конкурсу Марыя Васілёнак. Хочацца спадзявацца, што не на назаўжды.
Балы размеркаваліся наступным чынам: 5 атрымлівае Карына Стаповіч, па 4 – Вячаслаў Саковіч і тандэм Бабіч-Заруба, па 3 – Аляксандра Працута і Наталля Блахіна.
