Злачынства без тэрміну даўнасці: бібліятэкары расказваюць сваім наведвальнікам пра генацыд

Генацыд – сумная старонка ў гісторыі нашай краіны, якая прымушае задумацца пра жахі, што адбываліся ў Беларусі ў гады вайны. Палітыка фашыстаў ламала чалавечыя лёсы, вынішчала нас як нацыю. Сёння Генеральная пракуратура высвятляе новыя факты страшных злачынстваў.
Бібліятэкі раёна актыўна падключыліся да асвятлення гэтых падзей: праходзяць мерапрыемствы, аформлены кніжныя выставы і тэматычныя паліцы, дзе сабрана літаратура пра выпрабаванні, якія выпалі на долю беларускага народа.
Актыўна вандруе па вёсках раёна агітбрыгада. Дубнікі, Карвэлі, Філіпаны наведалі актывісты з акцыяй па ўшанаванні памяці ахвяр генацыду “Злачынствы без тэрміну даўнасці”. Бібліятэкары нагадалі, што загінуў кожны трэці жыхар Беларусі. Трагічнай старонкай вайны стала фактычна татальнае знішчэнне беларускіх яўрэяў. Вяскоўцы адзначалі на карце знішчаныя карнікамі населеныя пункты Гродзенскай вобласці ў гады вайны, знаёміліся з тэматычнай выставай літаратуры “Генацыд. Успомніць усё. Памятаць кожнага”.
Бібліятэкары правялі для школьнікаў гістарычны экскурс “Генацыд беларускага народа”. Жахлівыя лічбы, сумная статыстыка, зверствы – дзеці даведаліся шмат новых звесткаў з гісторыі, ацанілі, наколькі каштоўны мір.
Успомнілі і трагедыю ў Хатыні: прайшлі гадзіны памяці, хвіліны маўчання, інфармацыйна-патрыятычныя гадзіны.
Вельмі важна не забываць пра страшныя падзеі, каб яны больш не паўтарыліся.





Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.