70 гадоў сябруе з “раёнкай” Тарэса Вайцюль

У выпадку, калі рэдакцыя «Астравецкай праўды» аб’явіць конкурс на самага вернага падпісчыка, у Тарэсы Вайцюль з Рымдзюн будуць усе шансы стаць яго пераможцам: больш за 70 гадоў з’яўляецца яна чытачом раённай газеты. І не толькі чытачом…

З сярэдзіны 50-х гадоў тады яшчэ 15-гадовая дзяўчынка стала насіць пошту па роднай і навакольных вёсках – і заўсёды галоўнае месца ў яе сумцы займала раённая газета, у той час яшчэ «Сталінская праўда».

Ішлі гады, мянялася аблічча газеты і яе назвы, яна знікала разам з Астравецкім раёнам і адраджалася з ім жа, мяняліся прозвішчы рэдактараў у выхадных даных і журналістаў пад артыкуламі – нязменным заставаўся толькі прыярытэт «раёнкі» сярод падпісчыкаў. Адным з якіх заўсёды заставалася сама Тарэса Эдуардаўна.

Больш за 40 гадоў разносіла пошту Тарэса Вайцюль. Але і пасля выхаду на пенсію яе сяброўства з раённай газетай не спынілася: «Астравецкая праўда» па-ранейшаму два разы на тыдзень кладзецца ў яе паштовую скрыню. І чытае яе жанчына ад загалоўка да выхадных даных.

– Люблю раённую газету, – прызнаецца Тарэса Эдуар­даўна. – Хто ж яшчэ раскажа мясцовыя навіны? Дзе прачытаеш пра нашых людзей? А найбольш цікавіць, што сказаў наш Прэзідэнт па тым ці іншым пытанні. І на першай старонцы ўсё вычытаю, і на другой, і на трэцяй… Разумны ён, правільна ўсё гаворыць.

Дай Бог усім добрым людзям такіх верных сяброў, як мае наша «Астравецкая праўда»!

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик