Главная→Новости→Новости→Жыхары Астравеччыны расказалі, што засталося ім на памяць ад продкаў
Жыхары Астравеччыны расказалі, што засталося ім на памяць ад продкаў
У задушныя дні мы прыходзім у святыні і на могілкі, каб памаліцца за тых, хто адышоў з гэтага свету, і адчуць непарыўную сувязь са сваім родам.
Жыхары Астравеччыны падзяліліся, што засталося ім на памяць ад продкаў. Станіслаў Курыла, в. Ігнацова:
– Найдаражэйшае – гэта бацькоўскі дом, у якім жыву. Вельмі ўсцешаны, што ў свой час вярнуўся з Санкт-Пецярбурга на маленькую радзіму, да сваіх каранёў. Дарэчы, хату тата пабудаваў сам, калі не памыляюся, у 1946 годзе. Будынак хоць і старэнькі, але, як кажуць, свае сцены душу грэюць. Некаторая мэбля таксама перайшла мне ў спадчыну ад бацькоў. Асаблівы гонар – самаробная дыхтоўная шафа. Нядаўна падзяліўся ў інтэрнэце яе здымкам, дык знаёмыя не паверылі, што гэта справа рук бацькі. Вось жа раней ўмелыя людзі былі!
Берагу вялізны кошык, сплецены татам. Менавіта з ім даўней, калі ў нашым Ігнацове было больш людзей, хадзіў на Вялікдзень у жакі – і людзі ўсміхаліся, бачучы яго памеры.
А самае галоўнае, што засталося, – успаміны. Цяпер думаю, чаму мы ў свой час не прыслухоўваліся да слушных парад бацькоў? Яны ж мелі рацыю. Ім удзячны за жыццё, пяшчоту – нас было сямёра дзяцей, але ніхто ніколі не быў пакрыўджаны, яны ўсіх аднолькава любілі. Леакадзія Фалевіч, г. Астравец:
– Маё галоўнае месца сілы – гэта наш дом у мястэчку Гудагай, які дзед пабудаваў у 1925 годзе. Хоць я даўно жыву ў горадзе, але пастаянна прыязджаю туды: і каб навесці парадак вясной ды восенню, і каб адпачыць душой. Там пануюць неверагодныя спакой і гармонія. Мае бацькі, асабліва па матчынай лініі, былі моцна веруючымі людзьмі і нас да гэтага прывучылі. Відаць, сама Маці Божая Гудагайская, абраз якой лічыцца цудадзейным, шмат гадоў трымае апеку над людзьмі ў тых ваколіцах. Кацярына Драневіч, аг. Варона:
– Усё лепшае, што ёсць у мяне, ад продкаў. Працаваць, не зайздросціць, дапамагаць бліжняму, заставацца чалавекам у любой сітуацыі – прынцыпы, якія засвоіла з дзяцінства. Іх пастаралася перадаць сваім дзецям.
На задушныя дні абавязкова еду на маленькую радзіму – у вёсачку Селівонкі Дзятлаўскага раёна. Там засталася наша хаціна, якую даглядае пляменнік. Наведваю могілкі і кожнаму са спачылых – маці, бацьку, цётачцы, з якой разам хадзілі пешшу у касцёл за дзесяць кіламетраў, дзядам – дзякую за ўсё. Карына Стаповіч, аг. Міхалішкі:
– Найперш гэта памяць пра свае карані і традыцыі – тыя сямейныя каштоўнасці, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і фарміруюць нас як асобу.
А яшчэ – іх непасрэдны уплыў на фарміраванне нашай асобы і светапогляду. Менавіта бабуля Люцыя Пятроўна першая выказала думку, што з мяне выйдзе добры ўрач, яна ўбачыла гэта яшчэ тады, калі я сама нават не задумвалася пра выбар прафесіі. Яе словы сталі для мяне своеасаблівым запаветам і далі мне накірунак у жыцці, таму сваю справу я лічу не проста асабістым выбарам, а сапраўды спадчынай ад бабулі. Вольга Каткоўскіс, аг. Варняны:
– Напэўна, самы каштоўны дар ад продкаў – гэта ўрокі маралі. «З людзьмі трэба жыць па-людску» – любіў гаварыць мой дзядуля Юзаф. На той час я ў поўнай меры не ўсведамляла: як гэта – па-людску? І толькі з жыццёвым вопытам зразумела, што дабрыня, любоў, добразычлівасць, спагада, жаданне дамагачы бліжняму, вера – гэта тыя жыццёвыя арыенціры, якія меў на ўвазе мой дзядуля.
Ён і сам быў вельмі змястоўны і руплівы гаспадар. Мяне заўсёды ўражваў парадак ля яго дома, які дзед пабудаваў сам. Гэта быў дагледжаны сад, вуллі з пчоламі, агарод… Таму па жыцці стараюся выконваць яго запавет і жыць з людзьмі па-людску, а таксама даглядаю свой сад і асаблівую асалоду атрымліваю ад працы на зямлі.