Жаночы погляд на Задушкі: памятайце пра памерлых і беражыце жывых

У Задушны дзень мы ўзгадваем блізкіх, якія адышлі ў лепшы свет. А яшчэ, мне здаецца, гэты перыяд з’яўляецца своечасовым напамінам, як важна берагчы блізкіх людзей пры жыцці, не шкадаваць часу на сустрэчы ці хоць бы тэлефонныя размовы. Бо, па вялікім рахунку, гэта трэба не памерлым, а нам, жывым. 

Мы абавязкова купляем кветкі. Ідзём на могілкі і запальваем лампады, каб аддаць даніну памяці тым, каго ўжо не вярнуць. Але ці задумваемся, што сапраўдны і глыбінны сэнс гэтага дня хаваецца не толькі ў самім успаміне, а ва ўроку, які памерлыя пакідаюць нам, жывым? 

Задушны дзень – гэта не пра смерць, а пра тое, што варта любіць блізкіх тут і зараз і дарэмна не марнаваць свой час. Часта здараецца, што па-сапраўднаму адчуваем і ўсведамляем, наколькі дарагім і важным ў нашым жыцці быў іншы чалавек толькі пасля яго адыходу.

Мы становімся ідэальнымі дзецьмі, унукамі, як не стала бацькоў, дзядоў. Прыбіраем магілы, вырываем пустазелле, зграбаем лісце і гатовы купіць самыя дарагія кампазіцыі – быццам іх кошт можа заглушыць голас сумлення. Мы нават спаборнічаем з суседзямі: у каго букет большы, у каго даражэйшы помнік… І ў першую чаргу падманваем не знаёмых, а сябе. Мёртвым не патрэбны дзясяткі кветак ці свечак ці, тым больш, статус на паказ «не горш за іншых». Ім патрэбны быў наш час. Пры жыцці. А цяпер? Малітвы…

Пад пошум апалага лісця на могілках прыходзіць самае балючае ўсведамленне, што спазніўся: на галоўныя размовы і проста на магчымасць пабыць разам, пашкадаваў пяшчоты і шчырых слоў. 

Часам мы знаходзім цэлы дзень, каб прыехаць на могілкі, але не маглі знайсці дзвюх гадзін, каб завітаць на выхадных у вёску да старэнькіх бацькоў ці дзядоў. А яны, больш чым упэўнена, раз-пораз, нават не могучы, выходзілі да веснічак і ўглядаліся ўдалячынь, ці не едуць іх дзеці і ўнукі… 

…Кажуць, што ў гэты дзень душы продкаў глядзяць на нас з нябёсаў. І калі гэта так, то мне вельмі і вельмі хочацца верыць, што яны бачаць нашы памылкі і прабачаюць нас.

«Задушны дзень – ціхі напамін пра тое, што варта плакаць не ля халоднага мармуровага помніка, а адкласці ўсе справы, забыцца пра турботы і клопаты і паехаць у невялічкую вёсачку. Не проста завезці прадукты, выкапаць бульбу ці навесці ля дому парадак, а сесці разам за стол, засланы даматканым абрусам, паглядзець у вочы блізкаму чалавеку, патрымаць за спрацаваную руку і ў соты раз паслухаць адны і тыя ж гісторыі… Бацькі, бабулі, дзядулі – паверце, яны чакаюць нас».

Не адкладвайце гэта на заўтра. Не атрымліваецца паехаць на выхадных? То хоць бы набярыце нумар маці, пакуль яна яшчэ можа зняць трубку і назваць вас сваім дзіцяткам. Зрабіце гэта зараз, каб потым, прыйшоўшы на могілкі, не давялося ціха шаптаць тое, што пры жыцці не паспелі сказаць любімаму чалавеку.

*Проект реализуется  за счёт средств целевого сбора по созданию национального контента.
Текст: Алёна Ганулич