Заключён договор между Островецким райисполкомом и Гродненским государственным университетом имени Янки Купалы
У суботу ў Астраўцы прайшоў дзень Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. З раніцы ў горадзе высадзіўся дэсант навукоўцаў, які ўзначаліў рэктар універсітэта Андрэй Дзмітрыевіч Кароль. Пасля віртуальнай экскурсіі па горадзе, якую правёў для гасцей намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, госці з Гродна сустрэліся са старшынёй Астравецкага райвыканкама, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам.
Сёння Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт – гэта 15 факультэтаў і амаль 16 тысяч студэнтаў, 4 каледжы, рэгіянальны цэнтр тэсціравання і інстытут павышэння кваліфікацыі, а таксама больш за дзве тысячы супрацоўнікаў. І ўсе яны адкрыты для дыялогу і сумеснай дзейнасці.
Менавіта таму ў суботу Астравец наведалі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта. Цікавасць да Астраўца з боку адміністрацыі Гродзенскага ўніверсітэта вядомая, таму асноўнай мэтай наведвання нашага горада і сустрэчы са старшынёй стала ўзаемадзеянне ў сферы навучання і павышэння кваліфікацыі кадраў.
У райвыканкаме і быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве, працягам якога ў хуткім часе стане шэраг цікавых і важных для двух бакоў мерапрыемстваў: работа з адоранымі школьнікамі, іх бацькамі і педагогамі, арганізацыя і правядзенне сумесных культурных і спартыўных мерапрыемстваў, практык студэнтаў, семінараў, канферэнцый, кансультацый па пытаннях вучэбна-метадычнай, навукова- даследчай і прафарыентацыйнай работы і развіццё шэрагу іншых накірункаў. Дагавор паміж Астравецкім райвыканкамам і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы падпісаны на пяць гадоў.
І каб не адкладваць выкананне пунктаў падпісанага пагаднення, ужо ў субботу супрацоўнікі Гродзенскага ўніверсітэта сумесна з Астравецкім аддзелам адукацыі, спорту і турызму арганізавалі шэраг мерапрыемстваў для школьнікаў, іх бацькоў і педагогаў.
Першае мерапрыемства ў рамках падпісанага дагавора прайшло ў кінаканцэртнай зале “Астравец” – слова для адкрыцця было прадстаўлена старшыні Астравецкага райвыканкама Адаму Дзмітрыевічу Кавальку. З прывітальным словам выступіў і рэктар універсітэта Андрэй Дзмітрыевіч Кароль.
Старшакласнікам школ, іх бацькам і педагогам быў прадстаўлены цікавы відэафільм пра дзейнасць Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і канцэртная праграма, якую падрыхтавалі студэнты-актывісты.
У фае кінаканцэртнай залы разгарнулася выстава-прэзентацыя факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Пра спецыяльнасці, якія можна тут атрымаць, правілы паступлення і цікавае студэнцкае жыццё выпускнікам школ расказвалі не толькі студэнты, але і дэканы факультэтаў.
Пасля гэтага кіраўніцтва ўніверсітэта запрасілі на экскурсію ў Інфармацыйны цэнтр Беларускай АЭС, дзе пра ўсё, што сёння адбываецца на будаўнічай пляцоўцы атамнай электрастанцыі, паведаміў кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце Эдуард Іванавіч Свірыд.
У гэты ж час у гімназіі пачаліся лекцыі для бацькоў, педагогаў і будучых выпускнікоў школ, якія праводзілі супрацоўнікі ўніверсітэта. Якой матэматыцы вучаць ва ўніверсітэце? Што такое юрыдычная адказнасць? Як папярэдзіць і вырашыць сямейныя канфлікты? Як лягчэй адаптавацца маладым спецыялістам? – адказы на гэтыя і шэраг іншых пытанняў можна было пачуць падчас лекцый.
Удзел у мерапрыемствах, арганізатарам якіх стаў Гродзенскі ўніверсітэт, прынялі і старшакласнікі – іх запрасілі на майстар-класы, гульні, прэзентацыі, трэнінгі і нават на паказальны судзебны працэс.
Словам, усім было цікава.
Аматарам спорту і здаровага ладу жыцця таксама было дзе прадэманстраваць свае сілы і ўменні. Так, на базе гімназіі №1 прайшлі спаборніцтвы па стрытболе і міні-футболе, удзельнікамі якіх сталі каманда Гродзенскага ўніверсітэта і вучні-спартсмены з Гервяцкай школы, СШ №1 і гімназіі №1. І калі гульня ў стрытбол завяршылася з лікам 16:9 на карысць студэнтаў, то ў спаборніцтвах па міні-футболе перамагла дружба.
Верыцца, што такія ж узаемаразуменне і сяброўскія адносіны будуць спадарожнічаць усім мерапрыемствам,якія пройдуць у рамках падпісанага дагавору.
Алена ЯРАШЭВІЧ
